В Райце ветераны педагогического труда встретились в душевной атмосфере

Закончылася чуллівая, напоўненая глыбокім духоўным сэнсам дабрачынная акцыя «Ад усёй душы», якая дала магчымасць выказаць сваю павагу да старэйшага пакалення, праявіць клопат аб людзях, якія шмат гадоў працавалі на карысць нашай дзяржавы, аказаць ім неабходную падтрымку, падарыць ім не толькі падарункі, але і ўвагу. Менавіта з душэўнасцю і незабыўным фінішным акордам дабрыні, сардэчнасці была пранікнута сустрэча з ветэранамі педагагічнай працы, праведзеная 15 студзеня ў рамках акцыі, на якую з’ехаліся ва ўтульную залу нядзельнай школы пры царкве святой вялікапакутніцы Варвары аграгарадка Райца 32 прадстаўнікі школ раёна. Сустрэча стала магчымай, дзякуючы зацікаўленасці, шчырым старанням старшыні галіновага прафсаюза ветэранаў працы Т. М. Мухінай (яна ж — і аўтар сцэнарыя незабывўнай урачыстасці, і таленавітая яе вядучая), а таксама дапамозе начальніка ўпраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама І. В. Асташэвіч і старшыні раённага прафсаюза работнікаў педагагічных устаноў І. С. Кучко (для падвозу гасцей у Райцу быў выдзелены школьны аўтобус, за сродкі прафсаюза набыты сувеніры, прыемныя падарункі для ўдзельнікаў мерапрыемства).
Нельга не адзначыць і зайздроснае суладдзе нераўнадушных сэрцаў у асобе айца Аляксея, настаяцеля Райцаўскай цаоквы, пеўчых, настаўнікаў і вучняў мясцовай школы, якія дапамагалі вядучай у стварэнні незвычайнай атмасферы гасціннасці, душэўнасці, цеплыні, што стала своеасаблівым урокам, як трэба ладзіць узаемаадносіны, каб закласці ў сэрцы іншых зярняткі дабрыні.
З першых хвілін прысутныя зразумелі, што іх тут чакалі, ім тут рады, таму за святочнымі сталамі з салодкімі прысмакамі, духмянай гарбатай панаваў цудоўны настрой, чаму спрыяла цікавая, насычаная пазнавальна-забаўляльная праграма сустрэчы. За кароткі час яе ўдзельнікі сталі сведкамі пераўвасаблення айца Аляксея ў добрага, смяшлівага Дзеда Мароза, шчодрага на падарункі, былі да слёз крануты прачулымі словамі вядучай, пранікліся пяшотнасцю і вялікасці Калядных песняспяванняў у выкананні пеўчых, мудрасцю слоў святара, адарасаваных гасцям; пагрузіліся ў чароўны свет тэатралізаванага прадстаўлення «Казанне аб цудатворнай Жыровіцкай іконе Божай Маці». І, наогул, забыўшыся пра ўзрост, пабывалі ў казачным свеце Калядных дзівосаў, актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах, гульнях, спявалі пад баян любімыя песні, таму з неахвотай пакідалі ўтульнае памяшканне і выказвалі глыбокую ўдзячнасць Таісе Мікалаеўне, усім, хто дапамагаў у арганізацыі і правядзенні сустрэчы, і падарыў радасць, якая будзе доўга помніцца і не раз адгукнецца ў сэрцах пажылых людзей мелодыяй спагадлівасці, душэўнасці, дабрыні, шчасця. Мабыць, у гэтым і заключаецца і самая вялікая каштоўнасць акцыі «Ад усёй душы».
Галіна КАЛТУНОВА