Выпускники Ворончанской средней школы встретились спустя 50 лет
Няўмольны бег жыцця і хуткаплынны…
Вось і прыйшоў сустрэчы час.
Хвалюючыя школьныя хвіліны
Сягоння вернуцца да нас не раз!
Дваццаць трэцяга жніўня, 2024 год. Мір, Карэліцкі раён, кафэ “Рагнеда”. Тут сустрэліся вучні і настаўнікі Варанчанскай сярэдняй школы, выпуск 1974-га года. Усіх 30 чалавек!
Усе гэтыя паўстагоддзя мы сустракаліся праз кожныя пяць гадоў. І не толькі. У 1990-м (самым складаным!) мы сустрэліся не з нагоды чарговай “пяцілеткі”; прайшло тады 16 год. А апошнім часам пасля 2019 года – сустрэчы адбываліся штогод.
Чаму так? — запытае той, хто зацікавіўся гэтай публікацыяй. Ну вядома ж, ну канешне, у гэтым “вінаваты” нашы настаўнікі.
Былі мы тады старшакласнікамі, а яны не на шмат старэйшымі за нас. Наша класная кіраўніца Галіна Адамаўна Хоміч — матэматычка. Як я любавалася яе касцюмамі! Яны ў яе былі строгія, з вытанчаным густам! З класічнай прычоскай: каса шчыльна заплецена ў вяночак над белым каўнерыкам. Гэта было не проста па дрэс-коду, хутчэй як ад Кардэна ў нашай вясковай рэаліі. А была Галіна Адамаўна вельмі сціплай, ціхай і патрабавальнай, яна тлумачыла алгебру і геаметрыю абсалютна зразумела для ўсіх. Праўда, пра алгебру я дома ўсё забывала, але толькі не геметрыю. Гэта быў адзін з маіх любімых урокаў. І я любавалася такой прывабнай баз лішніх слоў і непатрэбных эмо-цый прыгажуняй-настаўніцай.
Іван Адамавіч Хоміч, яе муж, настаўнік біялогіі, быў для нас тады замест гугла: любое пытанне можна было ў яго запытаць: і пра тое, як мы ўстроены Богам, і пра тое, як увіхацца на агародзе. Сёння у Кнізе Славы Карэліцкага раёна пра Івана Адамавіча чытаем: пасля работы ў школе Іван Адамавіч на працягу 27 гадоў узначальваў Варанчанскі і Мірскі спіртзаводы, якія ён мадэрнізаваў, уладкаваў тэрыторыю. Заводы былі пераможцамі ў спаборніцтвах. Іван Адамавіч узнагароджаны Ганаровымі граматамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, медалём “За доблестный труд”, ён неаднаразова абіраўся дэпутатам пасялковага і раённага Савета дэпутатаў.
Зоя Юльянаўна Дзмітрыева – наша Зойка, так мы яе звалі. Не інакш. Бо яе прадмет – літаратура — быў для нас спасціжэннем свету, нашага мінулага, характараў герояў. Калі Зоя Юльянаўна чытала ўрыўкі з “Вайны і міру”, мы бачылі сябе Наташай Растовай, а калі слухалі “Маладую гвардыю” ці развітанне Наташы з Андрэем Бал-конскім, то плакалі ўсім класам. Гэта былі самыя шчырыя пачуцці, якія мы перанімалі ад нашай паважанай Зоі Юльянаўны, заслужанай настаўніцы БССР. Яе ўрокі фарміравалі наш маральны кодэкс.
Усе нашы спектаклі, конкурсы талентаў, святочныя канцэрты акампанаваў ігрой на баяне Генадзь Рыгоравіч Дзмітрыеў. Быў ён прыгажун і загадкавы настаўнік, бо ў нашым класе не выкладаў. Але сваёй музыкальнасцю выручаў нас і вабіў. Бо нашы школьныя веча- ры (не, не дыскатэкі) праходзілі пад жывую музыку. Быў яшчэ на школьных вечарах праігрывацель. Цяжка ўявіць, як гэта мы маглі танчыць пад пласцінкі без узмацняльных калонак. Божа, мой Божа, гэта ж мы былі такія цнатлівыя, што так ціха і далікатна танцавалі ў парах ВАЛЬС. От чэстна скажу, не памятаю я тых Бугі-Вугі і факст-ротаў. Хіба толькі Летку-Енку паравозікам скакалі. Было так ціха і сакральна, (хлопцы клалі рукі на плечы, а не на талію і кружылі нас у вальсах пад песні Мусліма Магамаева ці Валерыя Абадзінскага. Во!Трэба ўзяць на заметку: наступным разам рыхтуем сустэчу з танцамі нашай школьнай маладосці.
Пазней Зоя Юльянаўна і Генадзь Рыгоравіч пераедуць у Мінск. Генадзь Рыгоравіч будзе працаваць намеснікам рэдактара ў часопісе “Нёман”, пісаць свае вершы, а Зоя Юльянаўна – настаўнічаць. Іх сын Юра будзе граць у знакамітым гурце “Троіца” Івана Кірчука. Многія мае аднакласнікі чыталі вершы Генадзя Дзмітрыева, а да мяне яны ніяк шчэ не дайшлі. А там так усё да сэрца. Ото ж!!! Колькі яшчэ на наступныя сустрэчы планаў!!!
Любоў да літаратуры працягвалася ў школьным тэатры. І тут было суперніцтва паміж настаўнікамі-прадметнікамі. Бо мы ставілі на школьнай сцэне не толькі “Паўлінку” Купалы і “Грозу” Астроўскага, “Цыганаў” Пушкіна, але яшчэ спектаклі на французскай мове.
У мяне асабіста пасля школы сэрца разрывалася на дзве часткі, каб рашыць куды пайсці вучыцца: ці ў “Ін’яз” на французскую мову, ці на журналістыку. Пра Інстытут замежных моў марылі чалавек 10, бо мы вельмі любілі ўрокі нашага Фелікса Уладзіміравіча Кунігеля. Праз 10 год пасля школы я здавала экзамены ў педінстытут імя А.М. Горкага па французскай мове і атрымала 10 балаў. Мяне спыталі, якую спецыялізаваную школу я скончыла. І вельмі здзівіліся, пачуўшы пра вясковую школу. А ў тым далёкім 74-м я здала 4 экзамены на “4” і “5”, дык мне было ўсяго 16 год. На журналістыку бралі хлопцаў пасля арміі альбо з працоўным стажам! У мяне былі выразкі з газет, я займалася ў школе юнкораў у нашай раённай газеце “Полымя”, якой кіраваў рэдактар Дораш, але ж 16 год… дзіцё горкае!
Акрамя любові да літаратуры, што дала нам наша Зойка, маёй марай пра журналістку займалася яшчэ адна настаўніца Галіна Паў-лаўна Калтунова. З той жа Кнігі Славы.
Галіна Паўлаўна Калтунова 36 гадоў працавала на ніве народнай адукацыі, добрасумленны педагог. Больш двадцаці гадоў кіравала метадычным аб’яднаннем намеснікаў дырэктароў школ па выхаваў-чай рабоце, пад яе кіраўніцтвам створана рэгіянальная сістэма выха-вання. Рыхтавала сцэнарыі і вяла раённыя святы. У 1996-м годзе ўзнагароджана званнем “Отличник образования”. Па сённяшні дзень Галіна Паўлаўна кіруе літаратурным аб’яднаннем “Рэчанька”.
На нашу юбілейную сустрэчу планаваў прыехаць яшчэ адзін матэматык. Бо наша любімая класная ў сярэдзіне выпускнога класа пакінула нас, і мы на яе не крыўдавалі, бо пайшлі ў адведкі да трэц-цяй дачушкі Хомічаў — да Надзейкі. Нашу класную, класічную і лю-бімую Галіну Адамаўну замяніў Пахолак Міхаіл Аляксандравіч.
Ірына Аляксандраўна Кунігель таксама планавала прыехаць з Клецка, але не выйшла, на жаль. Дырэктар школы і выкладчык біялогіі, “Заслужаны настаўнік”, яна — яшчэ адна зорка, якую ведала наша школа. Мы на нашым сходзе яе суцешылі па вайберу: “Будзем рыхта-вацца, наступным годам збярэмся яшчэ болей. Так-так! Мы будзем сустракацца зноў!”
Акрамя названых настаўнікаў, была яшчэ адна сямейная пара, самыя маладзейшая, відаць. Мы, дзяўчынкі, ужо барышні на выдан-не, вельмі саромеліся на ўроках фізкультуры з-за тых вясковых і цнатлівых устояў, бо не маглі зрабіць заяву раз на месяц, што мы не можам скакаць і бегаць па прычыне, пра якую саромеліся гаварыць. А калі новы малады фізрук мусіў нас падтрымаць, калі мы скакалі праз “каня” ці “казла”, то ў нас была паніка: бо новы фізрук Уладзімір Альбінавіч Кадлубай быў малады. А яшчэ яго жоначка Людміла Аляксандраўна, настаўніца па хіміі, была вельмі строгай. Яна была рускамоўнай, і мы пакутавалі з абодвух бакоў. Яна прасіла “отвечать на русском языке”, а мы-то звыклі па-нашаму, тутэйшаму. Нават не па-беларуску. Далібог! Бо калі я слухала на занятках юнкораў нашага галоўнага рэдактара Дораша, яго дзіўна-прыгожую мову, то, кажу шчыра, рознасць мяне здіўляла.
А Людміла Аляксандраўна Кадлубай была шчэ й вельмі патрабавальнай, бо вяла сур’ёную дысцыпліну. Сёння яна і Уладзімір Альбі-навіч жывуць у пасёлку Мір. Уладзімір Альбінавіч з 2000-га году кіраваў мастацкай вучэльняй, а потым дзяржаўным мастацкім прафе-сійна-тэхнічным каледжам, які рыхтаваў рэстаўратаўраў для Мірскага замку.
Замак у Міры існаваў дзесь побач, у паралельным жыцці. Да бойкіх дарог, да Мінска больш за 100 км, а да Гродна яшчэ болей. Мы думалі, што жывем у глухамані. Ды не так! Нашы мясціны дужа вядо-мыя ў Беларусі. Пра іх у Юры Жыгімонтавых “Падарожжах дылетан-та” ёсць доўгі цікавы фільм.
Сядзіба і дом, сляды якога мы яшчэ бачылі, бо там была пошта і кватэры настаўнікаў, вядома з часоў апошняга караля Рэчы Паспалітай — Станіслава Панятоўскага. Гаспадарыў у ёй Наваградзкі ваявода Юзэф Несялоўскі. Яго маёнтак намаляваў Напалеон Орда. Ды і фота яшчэ засталіся. А якія навокал былі прысады і азёры, і нават сляды вялікага парку. У канцы алеі стаяў касцёл Святой Ганны, збудаваны ў 1781-м годзе. Тут хрысцілі Яна Чачота, яркую зорку беларускага адраджэння, дзіўнага шляхцюка, які з маладых год збіраў паданні і песні свайго народа, што было тады сярод студэнтаў Віленскага ўні-версітэта ў трэндзе. І тут ля сцен касцёла пахаваны бацькі Яна Чачота, бацька і сваякі Яна Булгака — піянера айчыннай фатаграфіі, які і пакінуў нам фота пра Варанчанскія краявіды. А якія старадаўнія могілкі ў Варончы! Тут помнікі з імёнамі і даўнімі датамі і фамільны склеп Верашчакаў, з роду якіх паходзіла каханая Адама Міцкевіча — Марыля.
Над склепам дагэтуль стаіць вялікая скульптура Хрыста з крыжам, які адной рукой паказвае ўніз, а другой – на касцёл.“Помні, чалавек, што ты госць тут, і перш, чым пайсці ў неба, памятай пра Езуса”,- так тлумачылі нам гэтую скульптуру старыя людзі. Тут у Варончы каля возера стаяў некалі дуб Міцкевіча, пад якім пісаў свае балады і санэты Адам. Гэты векавы дуб быў такі вялікі, што ў яго дупле, якое выгарала ад маланкі, можна было паставіць цэлы стол і схавацца ад дажджу некалькім чалавекам.
А побач з дубам на высокім падмурку ад старога маёнтка стаяў новы дом, у якім і жыла наша класная Галіна Адамаўна з сям’ёй. Тут усё дыхала такой сівой даўніной і ў нашы часы, канешне, маўчала. Мы бегалі глядзець, як бурылі касцёл Святой Ганны. Бурылі, пакуль ад гэтага бязбожнага акту не загінуў адзін са смельчакоў-бурыцеляў. Мясціны Адама Міцкевіча ажылі пазней – у 1998-м годзе, калі я, працуючы ў Цэнтры турызму, краязнаўста і экскурсій дзяцей і моладзі горада Бабруйска, зладзіла вялікую вандроўку “Шляхам Адама Міцкевіча”. І паехалі мае вучі і каляжанкі з Бабруйска на маю малую радзіму, і прайшлі мы ад Наваградка на возера Літоўку, а потым у Валеўку і на Свіцязь, праз Плужыны і Равіны, дзе пані Ядвіся Чарноцкая чытала нам “Пана Тадэуша” на памяць, праз Варончу і маё дарагое Дорагава да Цырына і ў Падгайну, дзе мы знайшлі камень філарэтаў. Гэта быў апафеоз маіх вандровак, якія толькі пачыналіся. Мае вучні тады шмат слухалі Міцкевічаву “Гражыну” каля Літоўкі і на высокім замчышчы Наваградка, дзе не было аніякіх падпорак і рэстаўратараў. І тады, калі мае бабруйчане, пабачыўшы Нясвіж (каторы быў яшчэ санаторыем) і Мірскі замак (які толькі пачалі аднаўляць), сказалі, што самым рамантычным, атмасферным месцам быў, канешне, Наваградак. Яны былі так усхваляваны вежамі замка Міндоўга, што крычалі мне зверху, што ім адтуль Бабруйск відзён!
Я вельмі падрабязна расказала пра сваю малую радзіму, бо каб усе, хто яшчэ чытае, зразумелі – у якіх асаблівых, блаславенных мяс-цінах мы жылі, штодзень хадзілі па нашых пагорках праз лес і поле, паўз рэчак і азёр, паўз дзіўнага дуба і пабудоў, закінутых могілак і помнікаў, паўз забытай, не савецкай гісторыі. Хадзілі пешкі па пяць, шэсць, а хто і болей у Варончу – з Кайшоўкі (Караткевіч пісаў пра яе у “Зямлі пад белымі крыламі”), з Дорагава (у нас была толькі пачат-коўка ў вялікім панскім доме) і Рамеек, з Літараўшчыны і Равін, з Са-ланікоў і Мінакоў, з Белых Лугоў і Плужын, з лясных хутароў. Мы хадзілі шмат. І ніколі не прапускалі школу. Толькі хлопцы, што не хацелі вучыцца, хадзілі “ў партызаны”. Дома скажуць, што у школу, а самі — у лес, пабудуюць шалашы, зямлянкі. У нас там такія яры і за-раслі вакол Сэрвач-рэчкі, што схаваешся — не знойдзеш. Тэлефонаў не было, то пакуль да бацькоў дойдзе цыдулка з пытаннем “А дзе ж ваш сыночак?”, то хлопцам воля-вольная ў “партызанах” – ні хіміі табе, ні алгебры. Але такіх хлапцоў было не шмат.
Выпуск нашага 74-га году быў вялікі – аж 2 класы па 30 чалавек. Сямёра з нас сталі настаўнікамі, двое – урачамі, шмат спецыялістаў у сельскай гаспадарцы. Ваня Дзем’яновіч і Дзіма Янкоўскі былі хлоп-цамі вельмі ціхімі, сціплымі, сур’ёзнымі. Іван зараз працуе у аграга-радку “Лукі ”, а Дзмітрый Дзмітрыевіч Янкоўскі з 2002 года кіруе СВК “Жухавічы”. За перадавыя пазіцыі ў аграрных поспехах сваёй гаспадаркі нашы Іван і Дзіма маюць дзяржаўныя ўзнагароды. У 2021- м годзе Дзіма атрымаў званне “Чалавека года Гродзеншчыны”, у 2020-м — медаль “За особые заслуги заслуженному работнику сельского хозяйства”. Мы сабраліся ў добрую пару: ураджай зерневых быў ужо сабраны. І нашы пачэсныя працаўнікі, і ўсе, хто звязаны па-ранейшаму з вёскай, змаглі адпачыць і адвесці душу. Бо каб вы ж ведалі, колькі чакання і хвалявання да гэтай сустрэчы! Звычайна, мы па чарзе расказваем пра сябе – што рабіў гэтыя дваццаць, трыццаць, а зараз ужо цэлых 50 гадоў. Удзельнікі мяняюцца, хтось мог прыехаць, а хто яшчэ прыедзе. І ўрэшце рэшт, ёсць навіны ці нейкія новыя ўспаміны, і таму аповеды ад кожнага заўсёды цікавыя.
Вельмі прыемна гаварыць пра тое, як мы былі дзецьмі, юнакамі і дзяўчатамі, як складаліся нашы шляхі-дарогі. Бывае, не адразу пазна-еш аднакласніка. Праходзіць амаль гадзіна сутрэчы і раптам разуме-еш: Ааааа! Дык гэта Зінуля Будэйка наша! Яна з далёкай Кайшоўкі хадзіла ў Варанчанскую школу. Зараз Зінаіда жыве ў Слуцку, працуе доктарам. Ці падыходзіць да цябе такі дзядзька зусім непазнавальны і кажа: “А помніш, як на кансультацыі перад экзаменам я табе запіску перадаў, каб прыйшла на спатканне…”
-Штооо?? Запіску помню, а цябе вось, прабач, не. Але каб ты ведаў, як ты мяне тады раззлаваў!!! Экзамены, а табе ў галаве шуры-муры!!!
-Аднакласнік Міша падыходзіць да Зоі Юльянаўны і пытае: А ты з якога класа, з А ці Б?
-Ой, Мішка, я ж Зоя Юльянаўна, настаўніца ваша…
-Ой, прасціце меня, прасціце…Зоя Юльянаўна.
“Крыўда” такая ў Зоі Юльянаўны застаецца аб гэтым надоўга свет-лым успамінам.
Хто расказвае пра свае поспехі, хто пра дзяцей, якімі яны спецыя-лістамі вывучыліся (і з такім гонарам, бо самі былі так сабе вучанькі). А хто расказвае, што ўнукі вучацца ці працуюць недзе далёка ў Кітаі ці іншым замежжы. Нам такая геаграфія і не снілася тады. Прыгожыя, упэўненыя, яшчэ хтось працуе, і не толькі на агародзе. Хтось пчолак трымае, як Галінка Зелянеўская, а хто танцамі займаецца, хоць мае васьмёра ўнукаў! Гэта я пра нашу Таісу Карповіч. А мне даспадобы, калі Таіса Міселя, наслухаўшыся пра вялікія пасады ці дасягненні, кажа: “А я всю жизнь на высоте! Работала на башенном кране. Минск строила».
А яшчэ ў нашай кампаніі ёсць Раечка Шымко-Раманчук. Гэта яна разам з Вольгай Савошчык заўжды займаецца арганізацыяй. Дзяўча-ты нікога не абмінаюць, хаця вельмі занятыя. У Раісы Міхайлаўны ужо два праўнукі ёсць. І яна – член Беларускага саюза пісьменнікаў, кіраўнік літаратурна-музычнай гасцёўні, літаратурных клубаў “Ліра” і “Нікогда не поздно”, валанцёр Чырвонага Крыжа, аўтар 5 кніг «Сце-жка у дзяцінства», «Рамонкавы ранак», «Звон верасовы», «Дабрыня», «Цікаўны дожджык». На яе вершы напісаны больш дзесятка песень, гімн Баранавіцкіх тэкстыльшчыкаў, сярод якіх Раіса Міхайлаўна працавала ўсё сваё жыцце. А сям’я, а ўнукі і праўнукі? Але яна не шкадуе ні часу, ні ног, ні голасу, каб сабраць нас. А паслухайце яе вершы.
А водар струменіць з вядзерца з суніцамі,
Аж кругам чамусці ідзе галава.
Лясны, палявы — ўвесь усеян крыніцамі.
Мой край Беларускі… Другога няма.
Наша Раечка падрыхтавала цэлую паэму да нашай сустрэчы, пра нашых любых настаўнікаў, пра кожнага з нас. Не, не паспела пра кожнага. А пра тых, хто з яе вёскі. Памятаеце, я пісала, што у нашых класах вучыліся дзяўчаты і хлопцы з дзесяці вакольных вёсак. Яе, Раечкіна вёска – Літараўшчына. Ад слова Літара, так думае Раіса Міхайлаўна. Не, мы, на жаль, тапаніміку не разбіралі, краязнаўствам у такім багатым краі не займаліся. Пра маю вёску казалі “З Дорагава дзеўкі дарагія”. Ну вось гэта тутэйшая народная мудрасць ці жарт. Акрамя назовы Раіса шмат-шмат нам паведала пра нашу Варончу. Але гэтаму трэба прысвяціць асобны артыкул. А зараз толькі некалькі радкоў.
Рашылі зноў сустрэцца мы праз год!
Цудоўны і сдэчны наш народ!
Пакуль настаўнікі жывыя,
Тады і вучні маладыя.
Вот што мне імпануе ў маіх аднакласнікаў, — гэта тое, што ніхто не мае ніякай фанабэрыі: нягледзячы на стан здароўя (ну, у нас ужо гады – багацце, і нажыта многае, і не заўжды бывае добрая паласа), але людзі ўсё роўна едуць. Імкнуцца да свайго юнацтва, да сваіх любімых, паважаных настаўнікаў. Бо гэта ж яны ў нас гэта збудавалі, зрабілі падмуркам, на якіх мы трымаемся і радуемся жыццю.
Настаўнікі нашыя з намі-
Гасподзь нас мілуе дарамі.
Дай Божа ўсім міру, здароўя,
Каб зноў нам сустрэцца з любоўю.
Дарагія, шаноўныя чытачы, успомніце сваіх настаўнікаў, прыйдзіце да іх ці патэлефануйце ім. Яны вельмі будуць рады вам. Не шкадуйце свайго часу, сваёй душэўнай цеплыні, бо вы падорыце яшчэ некалькі дзён светлага настрою настаўнікам, а сваім дзецям – вельмі добры прыклад.
А што тычыць нашай роднай школы, то я скажу: гісторыя развіва-ецца па прынцыпу спіралі. Пройдзе патрэбны час, і з вялікім расчара-ваннем, з вялікай стомленасцю людзі пачнуць варочацца да каранёў, да прыроды і вёскі. Не дайце сваім дзеткам забвення. Бо не ўсе беларусы — народжаныя гараджане ў пятым ці нават другім пакаленні. Гэтая лічба расце. Ужо 82 % — беларусы гараджане. Вёскі заціхаюць. Падаецца мне, што ў паловы гэтых 82-х адсоткаў карані адтуль, з вёскі. І шмат хто вучыўся ці чуў ад сваіх бацькоў пра жыццё-быццё на прыроднай волі і ў нялёгкай долі. І там настаўнік быў вельмі паважаным чалавекам. Раскажыце дзецям пра сваіх настаўнікаў, знайдзіце іх і падарыце ім радасць. І мы захаваем гэтую сувязь праз гады, пакаленні, нестыкоўкі і цяжкасці.
Р.С. Ад Яна Чачота: “Той, хто прысвячае сваю працу – фізічную ці разумовую – свайму краю, усё робіць для яго дабра, з’яўляецца адначасова карысным грамадству чалавекам і паважаным грамадзянінам”.
Людміла Дабравольская, настаўніца, 50 год стажу, Бабруйск. (Адразу у 1974-75 працавала піянерважатай у Крышылоўшчынскай школе)