Анатолий Семенович Полуян один из тех тружеников, на которых земля держится
Пра сапраўдных працаўнікоў у народзе гавораць: на іх зямля трымаецца. Адзін з іх – Анатолій Сямёнавіч Палуян з вёскі Некрашэвічы. Нагода, каб расказаць пра яго, – асаблівая: 25 лістапада 2025 года наш раён адзначыць свой знакавы юбілей – 85-годдзе з дня ўтварэння. І як вядома, ва ўсе часы была і ёсць самая вялікая каштоўнасць – гэта людзі, якія сваёй стваральнай працай, творчасцю і дасягненнямі пішуць летапіс роднага краю.
Больш чым сорак гадоў Анатолій Сямёнавіч адпрацаваў брыгадзірам вытворчай брыгады ў раслінаводстве ў калгасе імя Суворава, зараз ДП “Чарняхоўскі-Агра” — выконваў абавязкі шчыра і самааддана. Ён памятае амаль усіх работнікаў гаспадаркі і жыхароў навакольных вёсак. Яго таксама добра ведаюць вяскоўцы. На гэтай зямлі працавалі яшчэ яго дзяды і прадзеды, таму мужчына з асаблівым гонарам гаворыць пра сябе: “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”. За добрасумленную працу ён быў удастоены медаля “За працоўную адзнаку”, ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, многіх узнагарод і падзяк. Акрамя гэтага, займаў актыўную жыццёвую пазіцыю — выбіраўся дэпутатам абласнога, раённага, мясцовага Саветаў дэпутатаў, старастам вёскі.
Анатолій Сямёнавіч нарадзіўся ў вёсцы Некрашэвічы ў 1946 годзе ў звычайнай сялянскай сям’і. Як і многія юнакі, хацеў стаць шафёрам. Да арміі нават давялося ажыццявіць мару. Потым круціў баранку падчас службы і яшчэ паўгода ў роднай гаспадарцы.
— Я і не разглядаў іншых варыянтаў працаўладкавання, як у роднай гаспадарцы. А каб лепш разбірацца ў аграрнай справе, атрымаў прафесію агранома, — распавёў суразмоўца.
Скончыў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Маладога перспектыўнага спецыяліста хутка заўважылі і неўзабаве даверылі кіраўніцтва адным з вытворчых участкаў калгаса імя Суворава. Як чалавек, які вырас у сельскай мясцовасці, да сваёй працы заўсёды ставіўся з душой. Гаспадарка мяняла назвы, але нязменным заставалася яго стаўленне да справы: праца ў аграрнай галіне загартавала характар, прывучала да вялікага аб’ёму работ.
— На зямлі трэба не проста працаваць — яе трэба любіць, нягледзячы на тое, што лёгкага хлеба не бывае. Толькі так можна дасягнуць годнага выніку, — дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі суразмоўца.
Яшчэ ў савецкія часы на ўчастку ў Анатолія Палуяна каманда склалася дружная, працавітая і адказная:
— У 80-я гады 30 цэнтнераў з гектара лічылася выдатным вынікам, мы ж, бывала, выходзілі і на 40. А ў адзін з гадоў наш участак № 3 заняў першае месца ў сацыялістычным спаборніцтве ў раёне. Мы атрымалі 56 цэнтнераў збожжавых з гектара. Ды і ўвогуле, вытворчаму ўчастку № 3 неаднаразова прысвойвалася ганаровае званне “Участак высокай культуры земляробства”. І гэта была не толькі мая заслуга, але і паляводаў, і механізатараў, і ўсіх тых, хто тут працаваў.
Прайшло ўжо шмат гадоў, былы брыгадзір і сёння ўпэўнены: калі да зямлі ставіцца па-гаспадарску і з любоўю, то яна абавязкова аддзячыць добрым ураджаем:
—Я заўсёды адчуваў вялікую адказнасць перад сваімі землякамі, таму што нарадзіўся і вырас на некрашэвіцкай зямлі і не меў права іх падвесці. Пры гэтым заўсёды любіў дысцыпліну, парадак і ў выкананні задач. Такога ж падыходу патрабаваў і ад падначаленых. Бо, як казалі нашы продкі, толькі ў таго хлеб родзіць, хто араць не лянуецца.
Участак у Анатолія Сямёнавіча быў немаленькі – амаль 2600 гектараў, на якіх вырошчвалі ўсе віды збожжавых і зернебабовых культур. І для яго ўсе сельгаскультуры былі важныя. Да кожнай патрэбны індывідуальны падыход, кантроль за развіццём, своечасовае выкананне ўсіх тэхналагічных аперацый. Таму, калі ішла пасяўная або корманарыхтоўчая кампанія, а ўжо тым больш гуло жніво, з хаты выходзіў на досвітку і вяртаўся далёка зацемна. Добра разумеў, што брыгадзір, як дырыжор: кіруе калектывам механізатараў, накіроўваючы на патрэбныя ўчасткі, і старанна сочыць за выкананнем работ.
Падчас размовы, якую б сельскагаспадарчую тэму мы ні абмяркоўвалі, суразмоўца абавязкова вяртаецца да сваёй малой радзімы і землякоў:
– Для мяне гэта не пустыя словы. Яшчэ ў юнацтве зразумеў: дзяржава нам даверыла зямлю, а мы ў сваю чаргу павінны рэалізаваць сваё права старанна працаваць на ёй. Гэтага правіла прытрымліваўся ўсё сваё жыццё.
Для таго, каб рабіць дабро, не патрэбныя нейкія асаблівыя здольнасці або грандыёзныя магчымасці. Усё гэта справа рук самых звычайных людзей. Акрамя асноўнай працы, Анатолій Сямёнавіч заўсёды займаўся грамадскай дзейнасцю. Будучы дэпутатам розных узроўняў, ён імкнуўся дапамагаць вяскоўцам, выконваў людскія просьбы. Іх было шмат, і ні адну не мінаў. Вельмі шмат увагі надаваў навядзенню парадку на зямлі.
– У мяне заўсёды ладзіліся зносіны з людзьмі, бо добра разумеў і ўсведамляў, што толькі разам можна вырашаць справы, – гаворыць суразмоўца.
Гэтага багатага мудрасцю і вялікім жыццёвым вопытам чалавека і сёння хвалююць праблемы вёскі, і ён імкнецца прымаць актыўны ўдзел у іх вырашэнні.
Поплеч з Анатоліем Сямёнавічам усё жыццё крочыць і падтрымлівае яго ва ўсіх пачынаннях жонка Вера Аляксандраўна. Яны разам пражылі 56 гадоў, а сябравалі з дзяцінства, калі былі яшчэ падлеткамі. З гонарам сужэнцы расказваюць пра сваіх двух сыноў і дачку Алену, якая зараз працуе намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДП “Чарняхоўскі-Агра”, шасцярых унукаў і пецярых праўнукаў.
Слухаючы Анатолія Сямёнавіча, на розум прыйшлі словы Расула Гамзатава: ”Чалавек вырошчвае хлеб, а хлеб гадуе чалавека, выхоўвае і правярае яго на сталасць і мужнасць”. Герой майго аповеду паспяхова прайшоў гэтую праверку. І тыя ўзнагароды і прызнанне, якіх ён неаднойчы быў удастоены, – таму пацвярджэнне.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара і з архіва героя публікацыі