Герой Социалистического Труда Татьяна Григорьевна Орда вспоминает, какой ценой давалось «большое» молоко
У народзе існуе прыказка “Не той араты, які добра арэ, а той, які любуецца сваёй працай”. І дакладна, так можна сказаць пра кожнага, хто на працягу ўсяго жыцця быў заняты ў сельгаспрадпрыемствах раёна. Працоўныя подзвігі такіх выдатных людзей пры жыцці прызнаны гераічнымі. За выключныя дасягненні ў гаспадарчым і сацыяльна-культурным будаўніцтве ў часы СССР прысуджалася ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы. Адна з іх — Таццяна Рыгораўна Арда з гарадскога пасёлка Карэлічы.
Пра працоўныя подзвігі Таццяны Рыгораўны, былой даяркі калгаса імя Чапаева, потым саўгаса “Карэлічы” (зараз гэта ДП “Племзавод Карэлічы”), не раз друкавалася на старонках раённай газеты “Полымя”. А ўпершыню такія публікацыі з’явіліся ў 1960-х гадах, калі дзяўчына з блакітнымі вачыма атрымала першае месца па высокіх на той час надоях.
— Па сучасных мерках нічога асаблівага. Уручную надаіла 5 тысяч кілаграмаў малака ад адной каровы, — сціпла гаворыць жанчына. Газетныя артыкулы таго часу пра дасягненні сельгаспрадпрыемства і свае асабістыя наша гераіня беражліва захоўвае ў вялікім альбоме побач з фотаздымкамі родных і блізкіх. Разам мы перагортваем яго старонкі і паглыбляемся ва ўспаміны.
Нарадзілася Таццяна Рыгораўна ў вёсцы Горная Рута ў 1938 годзе ў вялікай сям’і, у якой выхоўвалася пяцёра дзяцей: два сына і тры дачкі. Яна была сярэдняя. Цяжкі быў час, галодны. Жылі на хутары. Бацькі шмат працавалі, каб пракарміць дзяцей. Трымалі хатнюю жывёлу, садзілі бульбу і гародніну. З маленства ўсе дзеці былі звычныя да работы. У чатырнаццаць гадоў, скончыўшы сямігодку, пайшла даіць калгасных кароў у калгас імя Чапаева. Даіла з мамай па чарзе.
Адказную работніцу хутка заўважылі і запрасілі ў саўгас “Карэлічы”, дзе яна адпрацавала даяркай дваццаць гадоў. Спачатку прыслухоўвалася да парад старэйшых даярак, вывучала іх вопыт. “Добры догляд — вось што трэба жывёлам”, — думала яна. Своечасова напаіць, накарміць, па магчымасці разнастаіць кармы жывёле — станавілася для яе няўхільным правілам. І ў спалучэнні з індывідуальным падыходам да кожнай жывёлы ўсё больш і больш адчувальнымі станавіліся вынікі. Вядома, гэтаму садзейнічала і селекцыйная праца, якая праводзілася ў калгасе пачынаючы з пяцідзясятых гадоў. Палепшыўся заа- і ветэрынарны нагляд, планамерна ствараўся племянны статак. І ў гэтай справе немалую ролю разам са спецыялістамі адыгрывалі даяркі малочнатаварнай фермы. Своечасовае выяўленне малапрадуктыўных кароў, выбракоўванне старых і хворых жывёл вяліся цэнтралізавана пры непасрэдным удзеле даярак, жывёлаводаў і пастухоў. Да гэтага часу Таццяна Рыгораўна памятае адну такую рагулю з шасцю саскамі, якую так і называла — Шасцёрка. Яе хацелі “выбракаваць”, але клапатлівая даярка душой прыкіпела да Шасцёркі, слёзна прасіла не спісваць малочную кароўку, працягвала яе даіць.
— У тыя далёкія гады пра даільныя апараты ніхто не чуў, даілі ўручную. Акрамя таго, трэба было яшчэ і корм раздаць, і гной прыбраць, і цялят адпаіць. Кароў даілі тры разы ў суткі. Пачынаўся працоўны дзень у чатыры гадзіны раніцы. А мы, даяркі, уставалі яшчэ раней. Бывала, пра сон увогуле забываліся. Шчыравалі так, што, часам, забываліся пра сябе. Былі ўпэўнены: спачатку трэба думаць пра тое, якую карысць прынесці роднай гаспадарцы, ды і краіне, — успамінае суразмоўца і працягвае аповед: — Усё маё жыццё прайшло на працы. Дадому заязджала ненадоўга: пакарміць дзяцей, трохі ўхадзіцца па гаспадарцы. А затым — на вячэрнюю дойку. Вярталася далёка зацемна. Можна сказаць, дома толькі начавала. Калі дзеці былі малыя, то дапамагала свякроў. Яна і есці наварыць, і памые, ды і на асабістай гаспадарцы пашчыруе.
Потым Таццяна Рыгораўна закончыла Ваўкавыскі заатэхнічны тэхнікум, была памочнікам брыгадзіра і брыгадзірам на ферме “Людвікі” ДП “Племзавод Карэлічы” — з 1959 па 2000 год. У 1966 годзе ёй было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
З настальгіяй суразмоўца ўспамінае гады маладосці, калі летам разам з сяброўкамі паспявала не толькі працаваць, але і на танцы бегаць. І тую лёсавызначальную сустрэчу з юнаком Леанідам, які стаў яе мужам, і шчаслівае сумеснае жыццё, і радасць з’яўлення ў сям’і першынца – дачушкі Галіны, і нараджэнне малодшай дачкі Жанны.
— Леанід працаваў у Карэлічах інжынерам-сувязістам, ужо ў той час быў майстрам залатыя рукі, мог любую рэч у доме адрамантаваць. Заўсёды мы разумелі адзін аднаго, падтрымлівалі і пражылі душа ў душу больш 50-ці гадоў. Зараз я акружана ўвагай нашых дачок, таму старасць мне ў радасць. Ганаруся сваімі 5 унукамі і 5 праўнукамі, — падзялілася жанчына.
На маё пытанне: “Якія цікавыя падзеі і сустрэчы надоўга засталіся ў Вашай памяці?”, жанчына адказала, што такіх момантаў было шмат. Да прыкладу, яна ў свой час была дэлегатам ХХІV з’езда КПСС у Маскве.
— Вялікі горад і шмат новых уражанняў, прамовы на форуме і грандыёзныя задачы, якія ставіліся перад яго ўдзельнікамі. Праз тры гады атрымала запрашэнне на злёт маладых жывёлаводаў краіны. Там сустрэлася з многімі знакамітымі жывёлаводамі, падзялілася сваім вопытам, многаму і сама навучылася. Тады мы наведалі ВДНГ у г. Масква. У той раз даярка з Карэліччыны Тамара Уладзіміраўна Чубрык вазіла кароў. Ёй таксама, як і мне, было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
І з нейкім асаблівым гонарам за сучаснае нашага раёна жанчына нагадала, як аднойчы старшыня СВК “Свіцязянка-2003” Уладзімір Арсенцьевіч Галавач запрасіў яе на сучасную ферму сельгаспрадпрыемства:
— Адразу не хацела, а потым дала згоду і не пашкадавала: вось дзе сапраўдная фабрыка! Было цікава ўбачыць, як робаты дояць кароў. Радасць перапаўняла сэрца: гэта ж у нас, на Карэліччыне, і абслугоўваюць тэхніку нашы землякі.
За час работы Таццяна Рыгораўна атрымала шмат пахвальных грамат, дыпломаў, перамагала не аднойчы на конкурсах прафмайстэрства. Усе ўзнагароды яна беражэ і цяпер.
Хоць жанчына ўжо на заслужаным адпачынку, сядзець склаўшы рукі не можа. Яна жыве ў райцэнтры ў прасторным доме, працягвае рана ўставаць і клапаціцца па гаспадарцы. Сумаваць ёй не даводзіцца: наведваюць дзеці і ўнукі, з нагоды святаў з віншаваннямі прыязджае раённае кіраўніцтва і прадстаўнікі гаспадаркі.
Спытала ў заслужанай працаўніцы, ці не шкадуе яна цяпер, праз гады, што ўсё сваё доўгае жыццё прысвяціла працы, звязанай з жывёлагадоўляй:
— А інакш быць і не магло. Любоў да роднай зямлі, да сваёй працы былі і застаюцца асновай жыцця. Гэта цяпер моладзь імкнецца з’ехаць у горад. Раней такога не было: трохі падрос — і ў калгас. Камусьці ж трэба працаваць і ў сельскай гаспадарцы. І галоўнае: трэба любіць сваю работу. Без гэтага ніякага выніку і не будзе.
Кацярына КУКАНАВА
Фота з архіваў рэдакцыі газеты “Полымя” і Карэліцкага раённага краязнаўчага музея