Для развития медицинского туризма в Кореличском районе есть потенциал
Люты ў Беларусі аб’яўлены месяцам лячэбна-аздараўленчага і медыцынскага турызму. Напрамак перспектыўны і, з якога боку ні зірні, патрэбны. А наколькі ён актуальны для Карэліччыны, паспрабавала разабрацца карэспандэнт раённай газеты “Полымя”.
Каб адказаць на гэтае пытанне, перш за ўсё варта разабрацца з самім паняццем. “Аздараўленчы турызм? Ды гэта ж адпачынак у санаторыі,” – скажуць многія з нас. І будуць мець рацыю. Але толькі часткова. Фармулёўка, прапанаваная Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, уключае ў сябе адразу некалькі відаў дзейнасці ў рамках адной сферы. Так, гаворка ідзе і пра лячэнне, і пра аздараўленне – гэта два найважнейшыя складальнікі медыцынскага турызму ўвогуле.
У нашым раёне, на жаль, санаторыяў няма. Аднак можна атрымаць лячэнне не горшае, як у санаторыях.
![](http://www.polymia.by/wp-content/uploads/2025/02/Медицина0007-795x530.jpg)
Гаючыя ўласцівасці кіслароднага кактэйлю
![](http://www.polymia.by/wp-content/uploads/2025/02/Медицина0001-1-795x530.jpg)
Вікторыя Сялюта падчас прыгатавання кіслароднага кактэйлю
У Карэліцкай ЦРБ працуе міжраённае шматпрофільнае аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі. Наяўнасць сучаснага абсталявання і вопытных спецыялістаў робяць яго вельмі прывабным у плане аб’екта медыцынскага турызму. Пацыентам даступныя розныя метады рэабілітацыі: ЛФК, апаратная фізіятэрапія, водалячэнне, цеплалячэнне, масаж, эргатэрапія, ігларэфлексатэрапія і шмат іншага.
Разам з выконваючай абавязкі старшай медсястры Вікторыяй Сялюта карэспандэнт зрабіла невялікае падарожжа па фізіятэрапеўтычных кабінетах райбальніцы.
![](http://www.polymia.by/wp-content/uploads/2025/02/Медицина10001-795x530.jpg)
У кабінеце падводнага масажу
Зазірнулі ў кабінет падводнага масажу. Медработнік расказвае, што падводны душ-масаж, дзякуючы стымуляцыі напорам вады, паляпшае крывацёк. У адрозненне ад ручнога або апаратнага, падводны душ-масаж з’яўляецца больш зберагальным, аднак не менш дзейсным, паколькі ім можна ўздзейнічаць на вялікую плошчу арганізма. Далей падымаемся на трэці паверх ЦРБ. Менавіта тут размясцілася своеасаблівая кузня здароўя.
![](http://www.polymia.by/wp-content/uploads/2025/02/Медицина0006-795x530.jpg)
Вікторыя Сялюта ў кабінеце электрасветалячэння
На шляху – кабінет электрасветалячэння. Ён падзелены на дзве зоны і абсталяваны рознымі прыборамі і апаратамі: магнітатэрапія, лазератэрапія, тэрапія імпульсным токам, прэсатэрапія.
Мяне асабіста зацікавіла такая працэдура, як прэсатэрапія, або апаратны масаж з выкарыстаннем сціснутага паветра. Ён паскарае працэс вывядзення шлакаў і таксінаў з арганізма, аднаўляе водны баланс клетак, дазваляе пазбавіцца ад цэлюліта на любой стадыі яго развіцця, а таксама іншых наступстваў маларухомага ладу жыцця. Сярод вынікаў такой тэрапіі — знікненне ацёкаў, зніжэнне вагі, карэкцыя фігуры, знікненне прыкмет цэлюліта, запаволенне старэння скуры, прадухіленне ўзнікнення тромбаў. У прафілактычных мэтах рэкамендуецца праходзіць курс лячэння кожныя паўгода.
![](http://www.polymia.by/wp-content/uploads/2025/02/Медицина0004-795x530.jpg)
Падчас лячэбнага сеансу ў кабінеце спелеатэрапіі
Своеасаблівым гонарам Карэліцкай ЦРБ з’яўляецца сучасны кабінет спелеатэрапіі, або саляны пакой. Працэдура з’явілася тут у мінулым годзе. Асабліва палюбіўся спелеапакой дзецям, тут яны могуць не толькі паправіць здароўе, але і пагуляць з соллю, як у пясочніцы. Як адзначаюць самі медыкі-фізіятэрапеўты, прымяненне аналагу саляной пячоры спрыяе павышэнню эфектыўнасці медыкаментознай тэрапіі, павялічвае перыяд рэмісіі ў пацыентаў з хранічнымі захворваннямі. Прымяняецца спелеатэрапія для лячэння захворванняў органаў дыхання, ЛОР-органаў, алергічных і скурных, сардэчна-сасудзістых захворванняў, а таксама для прафілактыкі хранічных неспецыфічных захворванняў лёгкіх, паўторных вострых бранхітаў і пнеўманій. Працэдура спрыяльна ўплывае на нервовую сістэму і псіхаэмацыйны стан.
Нельга не зазірнуць і ў кабінет лячэбнай фізкультуры. Таццяна Драткоўская — інструктар па лячэбнай фізкультуры аддзялення медыцынскай рэабілітацыі цэнтральнай раённай бальніцы. Яна дапамагае пацыентам аднавіць арганізм пасля траўмаў, аперацый, працяглых хвароб. Яна і расказала, як спецыяльныя практыкаванні паляпшаюць здароўе.
![](http://www.polymia.by/wp-content/uploads/2025/02/Медицина0005-795x530.jpg)
Таццяна Драткоўская дэманструе работу апарата «Орторент-к» для механатэрапіі суставаў ніжніх канечнасцяў
— ЛФК — адзін з дзейсных спосабаў рэабілітацыі хворага, — адзначае Таццяна Уладзіміраўна. — Лячэбная фізкультура накіравана на аднаўленне здароўя і працаздольнасці чалавека, папярэджанне ускладненняў і наступстваў паталагічнага працэсу. Яна станоўча ўплывае і на эмацыйны стан людзей. Працуем з пацыентамі з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы, апорна-рухальнага апарата, неўралагічнымі захворваннямі. Дзеці трапляюць да нас у асноўным са скаліёзамі і плоскаступнёвасцю. Асноўнымі сродкамі лячэбнай фізкультуры з’яўляюцца гімнастычныя і спартыўна-прыкладныя практыкаванні. Акрамя гэтага, пацыенты праходзяць механатэрапію, якая прадугледжвае заняткі на спецыяльных апаратах і трэнажорах.
Праграму лячэбных практыкаванняў інструктар распрацоўвае індывідуальна для кожнага пацыента. Пры гэтым улічваюцца асаблівасці захворвання канкрэтнага чалавека, спадарожныя дыягназы, рухальны рэжым, узрост, самаадчуванне і фізічная падрыхтаванасць. Ад пералічаных паказчыкаў залежыць інтэнсіўнасць і працягласць заняткаў. Яны праводзяцца як індывідуальна, так і ў складзе групы.
![](http://www.polymia.by/wp-content/uploads/2025/02/Медицина0002-795x530.jpg)
Стаматалагічны турызм
Медыкі Карэліччыны прапапуюць пацыентам яшчэ адзін від медыцынскага турызму, накіраваны на атрыманне стаматалагічных паслуг, — стаматалагічны або дэнтальны турызм. Яго галоўная асаблівасць — атрыманне кваліфікаванай меддапамогі з ужываннем новых тэхналогій, і ў той жа час без неабгрунтаваных пераплат, нацэнак за дыягностыку, прафілактыку і лячэнне.
Вось так, разабраўшыся ва ўсіх тонкасцях медыцынскага турызму, атрымліваецца, што на Карэліччыне ён даступны, хоць і не зусім у класічным разуменні яго вызначэння.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара