Рассказываем, чем может привлечь отдыхающих Кореличчина и чем живут в условиях пандемии местные агроусадьбы

Да старту летняга сезону адпускоў засталіся лічаныя дні. Большасці з тых, хто забраніраваў выезд на марское ўзбярэжжа або замежны экскурсійны тур, прыйшлося змяніць планы. Але адпачынак ніхто не адмяняў. Атрымаць асалоду ад лета і водпуску можна і ў Беларусі, і нават на сваёй малой радзіме. Чым жа можа прывабіць адпачываючых Карэліччына і як ва ўмовах пандэміі жывуць мясцовыя аграсядзібы, даведаўся карэспандэнт “Полымя”.

НА РОВАРЫ, АУТО І ПЕШШУ

— Часта мы імкнёмся паехаць як мага далей ад дому, каб адпачыць і ўбачыць новае, але я лічу, што найперш трэба як след вывучць сваё, роднае, — гаворыць загадчык сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Мікалай Барэйка. — На Карэліччыне распрацаваны два веласіпедныя маршруты, якія ўключаюць шмат цікавостак для аматараў гісторыі і прыроды. Першы маршрут стартуе з Карэліч, а менавіта ад храма святых апосталаў Пятра і Паўла, касцёла Маці Божай Нястомнай Дапамогі і раённага краязнаўчага музея. Затым падарожнікі трапляюць у Турэцкі храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы, у Ярэмічы да царквы Узнясення Гасподняга. У вёсцы Міранка можна адпачыць у Доміку паляўнічага, дзе ёсць усе выгоды цывілізацыі. Канчатковая кропка прыпынку — пасёлак Мір, дзе, вядома, трэба абавязкова наведаць Мірскі замак, царкву святой Троіцы і касцёл святога Мікалая.

Не пакінуць раўнадушным дом-музей па гісторыі Міра “Мірскі Пасад”, музеі ў гонар Ігната Дамейкі і па гісторыі пасёлка ў сярэдняй школе г.п. Мір. Мірскія аграсядзібы, а іх у старажытным пасёлку ажно 7, прапануюць і дах, і стол. Для аматараў грамадскага харчавання працуюць 4 кафэ і 2 рэстараны.

Другі маршрут правядзе турыста па мясцінах вядомага паэта Адама Міцкевіча: Карэлічы-Палужжа-Малюшычы-Райца-Варонча. Менавіта тут славуты беларуска-польскі паэт сустрэў сваё каханне — Марылю Верашчаку, якой прысвяціў шмат вершаў і баладу “Свіцязянка”. У Цырыне можна паглядзець храм архангела Міхаіла і пакланіцца цудатворнай іконе Маці Божай, у аграсядзібе “Баяры” адпачыць і парыбачыць, а пасля наведвання Любаніцкага храма Успення Прасвятой Багародзіцы вярнуцца ў Карэлічы.

Гэтыя маршруты, па словах Мікалая Барэйкі, можна пераадолець не толькі на ровары, але на аўто і нават пешшу. Вядома ж, у такім выпадку трэба ўзброіцца палаткамі.

Галіна адукацыі таксама не застаецца ў баку ад развіцця турыстычнага напрамку. Напрыклад, школьнікі з Міра могуць правесці пешую экскурсію па пасёлку, а навучэнцы з усяго раёна — і па падшэфных месцах баявой славы.

Ёсць свае цікавыя прапановы і ў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея. Навуковыя супрацоўнікі правядуць экскурс праз Карэлічы, поле ў гонар героя Вялікай Айчыннай генерала Яна Фогеля, Варончу і Райцу, турыстычную вёску “Белыя Лугі”.

15 АГРАСЯДЗІБ У РЭЖЫМЕ ЧАКАННЯ

У Карэліцкім раёне дзейнічаюць 15 аграсядзіб, якія прадастаўляюць сервіс “усё ўключана”. Усе яны працуюць у штатным рэжыме і гатовы прыняць турыстаў хоць сёння.

Іван Радзюкевіч, кіраўнік сялянскай гаспадаркі “Белыя Лугі”, расказвае, што з сакавіка бягучага года браніраванне на адпачынак у яго турыстычнай вёсцы ў параўнанні з мінулым годам вырасла ўдвая.

— Цяжка сказаць, чаму так, — гаворыць Іван, — магчыма, з-за пандэміі, магчыма, проста людзям у нас падабаецца, і яны замест заморскіх курортаў едуць у беларускую вёску. Усё ж такі карані клічуць. Вядома, замежныя турысты адмянілі ранняе браніраванне на май, але на ліпень пакуль не: чакаюць, што межы нарэшце адчыняцца.

 

У “Белых Лугах” майскія выхадныя заняты, усе 8 дамоў будуць прымаць адпачываючых. Пры гэтым адміністрацыя турыстычнай вёскі загадзя паклапацілася пра іх бяспеку: есці турысты будуць не як звычайна – у карчме, а ў сваіх дамах. Да таго ж будынкі знаходзяцца на значнай адлегласці і людзі пры жаданні могуць не перасякацца.

— Так што мы працуем, як звычайна, — кажа Іван, — нікога не звальнялі, наадварот, прынялі на работу яшчэ дваіх чалавек. Працягваем рамонт і дабудоўваем вялікую карчму. Плануем, што ў гэтым годзе адрамантуем і здадзім у эксплуатацыю яшчэ мінімум два дома.

У гаспадыні мірскай сядзібы “Светлазара” Святланы Гусаковай далёка не такі радужны настрой.

 

 

 

— Адпачываючых мала. У мінулым годзе мы прымалі па 20-30 чалавек у дзень, а сёлета — максімум 10 за месяц, — расказвае Святлана. — Пакуль займаемся афармленнем сядзібы, уцяпленнем дамоў. Дачка Эмілія занялася вырабам жаночых упрыгажэнняў з саломкі: брошак, завушніц, бранзалетаў. Яна выкарыстоўвае арыгінальную беларуска-швейцарскую тэхналогію. Плануем па выхадных праводзіць у сядзібе майстар-класы, можа, гэта прыцягне людзей.

НА ПАЛЯВАННЕ І НЕ ТОЛЬКІ

У 22 кіламетрах ад Карэліч, у маляўнічай вёсцы Міранка, ужо каля 10 гадоў гасцінна прымае наведвальнікаў Домік паляўнічага і рыбалова.

— У доміку два пакоі і гасцёўня, у якіх могуць размясціцца да 8 чалавек, — расказвае дырэктар Карэліцкай раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Віктар Крывіцкі. — Газавае ацяпленне, санвузел і душавая, бытавая тэхніка — калі ласка, ёсць усе выгоды цывілізацыі.

У двары — лазня і мангальная зона. Пасля ўдалага палявання гэта тое, што трэба.

Арэнда ўсяго доміка на суткі абыдзецца ў 210 рублёў. Адно ложка-месца на гэты ж тэрмін будзе каштаваць 20 рублёў.


— Зараз у Беларусі адкрыта паляванне на казулю, — гаворыць Віктар Крывіцкі. — Штогод у раёне здабываецца прыкладна 70 асобін гэтага віду. Кошт адной асобіны вар’іруецца ў межах 100-150 рублёў.

У Міранку прыязджаюць паляваць на ласёў, аленяў, дзікага кабана (дарэчы, на яго бясплатна), вадаплаўную птушку не толькі з Беларусі, але Расіі і Германіі.

Прымае Домік паляўнічага як аматараў зброі, так і “мірных” адпачываючых. Побач — лес з грыбамі і ягадамі, блакітная стужка Ушы, багатай на ляшчоў, лінёў і шчупакоў. І беларускія краявіды, бадай што, ні з чым не параўнальныя: жоўта-зялёныя квітнеючыя палі, паабапал дарогі — сакавітыя івы і дзікія яблыні ў ружовай пене.

Ды і звер тут ходзіць свабодна: прама на дарогу выходзяць ласі, алені і казулі, сустракаюцца зайцы, лісы, ваўкі і янотападобныя сабакі, чырвонакніжныя барсук і рысь. У паляўнічых угоддзях, непадалёк ад Сіняўскай Слабады, паляўнічыя бачылі і двух зуброў, якія ў пошуках сталавання прыйшлі хутчэй за ўсё са Стаўбцоўшчыны. Гавораць, нават мядзведзь у нашых мясцінах ёсць: у Рудзьме папсаваў у гаспадароў пчаліныя калоды.

Звычайна за лета Міранка прымае каля 40 гасцей, але Віктар Крывіцкі спадзяецца, што ў бягучым годзе прагноз экспертаў туріндустрыі аб прыросце попыту на адпачынак у аграсядзібах на 25 працэнтаў спраўдзіцца, ды яшчэ з ліхвой.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара