Она живёт под звездою Добра. Директор Кореличской районной библиотеки Лилия Артюх — о любви, семье и работе
Не скажу, што публікуемы артыкул пра дырэктара Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілію Канстанцінаўну Арцюх, якая літаральна на днях адзначыла сваё 55-годдзе, даўся мне лёгка. Не хацелася, каб гэтую светлую жанчыну, уладальніцу крыштальна чыстай душы і спачувальнага сэрца, чытачы ўспрынялі толькі як паспяховага кіраўніка, дасягнуўшага разам з калектывам многага (аб гэтым можна даведацца з інтэрв’ю з Ліліяй Канстанцінаўнай (газета “Полымя” ад 12 верасня 2020 года).
Пераасэнсоўваючы нашу нядаўнюю сустрэчу з ёю, размову, успамінаючы наша шматгадовае супрацоўніцтва, пераглядаючы зробленыя запісы, раптоўна натрапіла на радкі з верша Ірыны Самарынскай-Лабірынт:
Хорошие люди похожи на
теплое солнце,
Которое, тучи раздвинув,
выходит из тьмы…
Когда целый мир над твоей
неудачей смеется,
Они добрым словом согреют
в разгаре зимы.
Падумалася: словы гэтыя ў поўнай меры адпавядаюць жаночай сутнасці Ліліі Канстанцінаўны, таму што яна сапраўды падобная на цёплае сонца і валодае рэдкім скарбам дабрыні, пяшчоты, любові да людзей, фантастычнай адданасці сваёй прафесіі, уменнем саграваць ласкавай усмешкай, добрым словам усіх… Таму хочацца, каб вы, паважаныя чытачы, сагрэлі свае сэрцы сонечнасцю істоты Ліліі Канстанцінаўны, якой дасылаюць сваю ўдзячнасць наведвальнікі бібліятэкі, паплечнікі па працы, родныя і блізкія не толькі ў дні нараджэння, а кожны дзень, і зразумелі: каб зорка шчасця ўпала вам у рукі, ніколі іх не апускаць. Такога прынцыпу прытрымліваецца ў сваім жыцці госця сённяшняга выпуску «Ясміны» нават у самыя складаныя моманты, якіх у яе было нямала, і падмацоўвае яго цвёрдай упэўненасцю, што, калі сябруеш з дабрынёй, атрымоўваеш яе ад іншых людзей, шчодра дзелішся ёю з імі, можна пераадолець усе цяжкасці…
Жыццё, на маю думку, — самы складаны экзамен для любога чалавека. Многія правальваюць яго, спісваючы ў другіх, не разумеючы, што ў кожнага свой білет. Лілія Канстанцінаўна жыццёвы экзамен здае на «выдатна», таму што заўсёды сама шукае і знаходзіць адказы на ўсе пытанні асабістага білета, прапанаванага ёй лёсам. У самых няпростых сітуацыях яна знаходзіць сілы заставацца самой сабою, стараецца не перакладваць свае праблемы на чужыя плечы, дорыць акружаючым пазітыў, добрую ўсмешку, сардэчнасць. Таму і паважаюць людзі, таму і дасылаюць у яе адрас самыя цёплыя словы.
«Наша Лілія Канстанцінаўна, — цудоўная жанчына, — гавораць работнікі Карэліцкай раённай бібліятэкі, — Яна для нас — прыклад пастаяннага энтузіязму, творчага падыходу да любімай справы. Жыццярадасная, актыўная, заўсёды ў творчым пошуку, вызначаецца высокай патрабавальнасцю да сябе, вялікай адказнасцю за любую даручаную справу. Нас кранае яе дабрыня, чулыя адносіны да кожнага. Умее падтрымаць, абнадзеіць, калі ёсць патрэба, дапамагчы. І ўсё гэта робіць шчыра, ад душы. Лілія Канстанцінаўна ніколі не падае духам перад цяжкасцямі і з годнасцю выходзіць з любой сітуацыі. Як кіраўніку мы ставім ёй вышэйшую адзнаку і жадаем, каб яе сэрца заўсёды жыло радаснымі, шчаслівымі адчуваннямі».
«Я ўдзячны Ліліі Канстанцінаўне, — дадае загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі М.Л. Лагута, — што калісьці яна запрасіла мяне на працу ў Карэліцкую раённую бібліятэку, аб чым ніколькі не шкадую, таму што тут жыве дух яднання, адданасці прафесіі, людскасці, мэтанакіраванасці. У гэтым немалая заслуга Ліліі Канстанцінаўны як кіраўніка. Яна незвычайна чулы чалавек, умее знаходзіць агульную мову з калегамі, ведае сваю работу ад «А» да «Я», надзейная ва ўсім. Адным словам, Чалавек з вялікай літары. У сувязі з юбілеем наш аддзел дасылае ёй самыя цёплыя віншаванні і пажаданні берагчы сваё здароўе, пазбягаць празмерных хваляванняў, новых поспехаў у працы, любові ад родных і блізкіх, каб збылося ў жыцці ўсё тое, чаго жадае гэтая прыгожая жанчына».
«Мы любім хадзіць у бібліятэку, — дзеліцца думкамі пастаянная яе наведвальніца, пенсіянерка Г.Ф. Козел, — таму што там пануе атмасфера сардэчнасці, добразычлівасці, умення стварыць для людзей асаблівы радасны настрой, у чым вялікая заслуга Ліліі Канстанцінаўны і падначаленага ёй калектыву. Наведваючы шматлікія змястоўныя мерапрыемствы, мы заўсёды атрымліваем вялікае задавальненне, таму што яны дазваляюць пашыраць кругагляд, даюць нам магчымасць выказвацца, дзяліцца ўражаннямі, дораць добры настрой, узнімаюць жыццёвы тонус. Ідзём у бібліятэку і ведаем: там нас сустрэне добрая ўсмешка Ліліі Канстацінаўны, якая ўмее згуртаваць людзей розных узростаў, ахіліць іх увагай.
Няхай яе чулае сэрца, як агеньчык дабра, свеціць людзям і надалей, няхай не згасае ў душы натхненне, спрыяе поспех у працы, няхай дні прыносяць ёй удзячнасць ад чытачоў і сапраўднага сонечнага шчасця».
Напэўна, гэта і ёсць сапраўднае шчасце — заслужыць такія словы ад акружаючых. І валодаюць ім, на мой погляд, тыя, хто жыве пад зоркай Дабра.
Бліц-апытанне
— Якія якасці цэніце ў жанчынах?
— Шчырасць, дабрыню, душэўнасць, нераўнадушша, чалавечую годнасць.
— У мужчынах?
— Чалавечую годнасць, надзейнасць, імкненне быць моцнай апорай для сям’і, верным сябрам і памочнікам для яе.
— Чаго б не даравалі ў паводзінах людзей?
— Падману, здрады.
— Што, на Ваш погляд, не дае душы старэць?
— Актыўная жыццёвая пазіцыя.
«Усё сваё свядомае жыццё я грэлася пад промнямі дабрыні, — дзеліцца ўспамінамі Лілія Канстанцінаўна. — Вытокі яе бяруць пачатак ад бацькоўскага ўтульнага дома, ад матулінай усмешкі, ад клапатлівасці бацькі, ад чуллівай апекі старэйшай сястры нада мной, гарэзай, ад басаногага дзяцінства і летуценнага юнацтва, ад непаўторных па прыгажосці краявідаў малой радзімы, дзе гамоніць несупынна Налібоцкая пушча, дзе нясе воды магутны Нёман».
Калі Лілія Канстанцінаўна расказвае аб пражытых гадах, на яе вачах блішчаць слёзы: «Бацькоўскі дом, школа заклалі ў маёй істоце моцны падмурак для самастойнага жыцця, навучылі самастойнасці, забяспечылі правільным разуменнем сапраўдных духоўных каштоўнасцей. Школу я вельмі любіла, у нас былі цудоўныя настаўнікі, якія заўсёды разумелі нас, дапамагалі развівацца нашым памкненням. Я захаплялася літаратурай, вырасла на дабрыні твораў Я. Маўра, У. Караткевіча, Я. Брыля, Я. Коласа, Я. Купалы, Дзюма, вершах рускіх савецкіх паэтаў: С. Шчыпачова, Э. Асадава, Ю. Друнінай. Чытала запоем. Кніга стала для мяне лепшым сябрам, і бібліятэка — самым любімым месцам. Заўсёды актыўна ўдзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах у школе, потым у тэхнікуме, з’яўлялася камсоргам у класе. І прафесія бібліятэкара абрана мною не выпадкова, гэта — прызванне сэрца. Прыклад цёці, бібліятэкара (яна працавала ў Любчы) таксама многа значыў. Памятаю, як, прыйшоўшы ўпершыню да яе, разгубілася, убачыўшы столькі кніг! І ўжо мара не пакідала: я таксама буду гаспадыняй кніжнага царства, буду прапагандаваць кнігу, раскрываць чытачам прыгажосць і важкасць літаратурнага слова! Вядома, у першыя дні працы адчувала няўпэўненасць, існаваў унутраны страх: ці правільна раблю, ці змагу задаволіць запатрабаванні наведвальнікаў. На выручку прыйшла дабрыня сэрцаў членаў калектыву. Дапамагалі, тактоўна падказвалі, калі нешта не ўдавалася, акружылі клопатам. Гэта прыдавала ўпэўненасць у тым, што спраўлюся, што я на сваім месцы, таму пастаянна ў душы нашу ўдзячнасць усім, з кім пачынала працаваць і працую сёння, таму што без згуртаванасці, без узаемаразумення ніколі б не дасягнулі мы станоўчых вынікаў, бо бібліятэкі ў наш час уяўляюць сабой сацыяльна-інфармацыйныя цэнтры, дзе можна атрымаць патрэбную інфармацыю, проста адпачыць і цікава правесці час. Таму імкнёмся да ўзаемадзеяння са школьнікамі, моладдзю, пенсіянерамі. А гэта патрабуе вялікіх намаганняў калектыву.
Здаецца, як справіцца са шматлікімі абавязкамі? «Спраўляемся, — усміхаецца Лілія Канстанцінаўна, — у нас вельмі працаздольны калектыў, няма выпадковых работнікаў, усе адданыя любімай прафесіі. Да таго ж адчуваем падтрымку мясцовай улады, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, арганізацый, насельніцтва. Гэта натхняе. «Самае галоўнае ў тым, што наш калектыў — адна сям’я і ў радасці, і ў горкія хвіліны». Лілія Канстанцінаўна паспытала гэта на сабе. Быў чорны перыяд у яе жыцці: памёр тата, апора сям’і, потым раптоўна пайшоў з жыцця свёкар, Мікалай Уладзіміравіч, якога любіла жанчына як роднага бацьку, чатыры гады назад пасля цяжкай хваробы ў самым росквіце сіл праз 25 гадоў сумеснага жыцця памёр самы дарагі для яе чалавек, — муж Валодзя. «Мае свёкар і свякроў — найдабрэйшыя людзі. Яны прынялі мяне ў сям’ю як родную дачку, пакінулі нам з мужам кватэру ў Карэлічах, самі жылі ў в. Заполле ў застаўшымся ад бацькоў доме, дапамагалі, чым маглі. Валодзя пераняў ад іх дабрыню, быў вельмі харошым чалавекам. Як радаваліся мы ўсе нараджэнню сына Дзімы! Шчасцю не было канца. Калі смерць забрала ад мяне незамянімага бацьку, любімага мужа, ад маці — адзінага цудоўнага сына, нам здалося, што свет афарбаваўся ў чорны колер, не было аніякіх сіл, прапаў інтарэс да ўсяго. І я вельмі ўдзячна маме, свекрыві Валянціне Станіславаўне, што яны сваёй мудрасцю, сваёй дабрынёй, нягледзячы на пастаянны душэўны боль, дапамаглі ачуняць, выжыць у той страшны час, дапамагаюць і зараз. Мы з 1990 года жывём са свякроўю разам, стараемся аберагаць адна адну ад хваляванняў, абыходзіць вострыя вуглы. Дзякуючы яе добраму сэрцу мая 84-гадовая мама амаль кожнае лета пражывае ў нас, прыязджаючы ад старэйшай сястры з Крупак. Валодзю мне не заменіць ніхто, ён заўсёды ў думках са мною, і было б вельмі цяжка ўвайсці ў звыклую жыццёвую каляіну, каб не мае паплечнікі па працы. Як аберагалі яны мяне, як разумелі стан маёй душы! Лячылі і лечаць маё сэрца разуменнем, дабрынёй, тактоўнасцю, за што ім — нізкі паклон. Таму і сама стараюся захоўваць ва ўзаемаадносінах чалавечнасць. Іх людскасць вярнула мне аптымізм, жыццялюбства, прагу да працы, актыўную жыццёвую пазіцыю. У мяне залатая мама, мая ратавальніца, мая дарадчыца ў многім, мой мудры настаўнік у жыцці. У мяне цудоўная сястра. Мой гонар і маё шчасце — сын. І ўсё гэта складваецца ў маё шчасце».
Сын Ліліі Канстанцінаўны, Дзмітрый, скончыў гістарычны факультэт Мінскага педуніверсітэта імя М. Танка, пасля — магістратуру (адначасова працаваў архівістам у Нацыянальным гістарычным архіве), у 2020 годзе — аспірантуру. З 2018 года — дырэктар Карэліцкага раённага краязнаўчага музея. Як і марылі тата з мамай, юнак вызначаецца дабрынёй, любоўю да людзей, інтэлігентнасцю, шчырасцю, высокай адказнасцю за работу. Мама для яго — галоўны чалавек у жыцці, ён прызнаецца: «Мая мама — прыгожая не толькі знешне, але і душою. Самае адметнае ў яе характары — невычэрпная дабрыня і зайздросная адданасць прафесіі. Яна — актыўны чалавек, вялікая разумніца, ніколі не пасуе перад цяжкасцямі, і ў той жа час пяшчотная, ласкавая, гасцінная, мудрая. За ўсё дасягнутае ў сваім жыцці я абавязаны ёй. Будзь шчаслівай, мама!»
У свабодныя хвіліны разам са свякроўю Лілія Канстанцінаўна займаецца агародам на дачным участку, разводзіць кветкі, нарыхтоўвае на зіму садавіну, закаткі з агародніны, працуе за камп’ютарам, многа чытае. І марыць аб адным: каб былі ўсе здаровыя, каб усталяваўся спакой у Беларусі, каб дабрыня кіравала ўчынкамі і жаданнямі людзей.
Я ведаю, што ў дзень юбілею Лілія Канстанцінаўна, якую добра ведаюць і паважаюць у раёне, атрымала шмат цёплых віншаванняў. Ад сябе ж хачу сказаць: «Я ўдзячна лёсу за дадзеную мне магчымасць узаемадзейнічаць з Вамі, Лілія Канстанцінаўна, на працягу доўгага часу быць побач з Вамі, лячыць сэрца Вашай дабрынёй, і цеплынёй Вашай душы. Дзякуючы Вашай зацікаўленасці і канкрэтнай дапамозе ўбачылі свет кнігі «Буквар Карэліцкага краю» і «Плыві, «Рэчанька» зямлі Карэліцкай» і не толькі. З юбілеем!
Галіна КАЛТУНОВА
Фота Іны ЛЕЙКА і з архіва гераіні