Галина Колтунова вспоминает послевоенное деревенское детство и юность

Карэліцкаму раёну, маёй любай малой радзіме, дзе нарадзілася, вырасла, адкуль адправілася ў самастойнае жыццё, дзе склалася маё асабістае і прафесійнае шчасце, дзе цешу сэрца ўжо ў сталым узросце, — 80!

Няпросты і нялёгкі шлях прайшоў ён ад нараджэння да сённяшняга ўзросту, а разам з ім і мы, амаль што яго равеснікі — пакаленне, народжанае перад самай вайной, у ваенны і пасляваенныя часы, да ліку якіх адношуся і я. Разам з родным краем мы сталелі, мужнелі, выхоўваліся на прыкладзе незвычайнага энтузіязму людзей, натхняліся іх самаадданасцю, самаахвярнасцю, сардэчнасцю, уменнем любіць па-сапраўднаму сваю Радзіму, імкнуліся ў многім быць падобнымі на іх. Таму для нас светлы юбілей раёна — асаблівае свята. У сённяшнім яго росквіце ёсць пэўная заслуга нашых, на той час дзіцячых і юнацкіх рук. Гэтаму росквіту папярэднічалі няпростыя дні, гады, дзесяцігоддзі, аб чым павінна ведаць падрастаючае пакаленне, якое не ведае зараз недахопу ні ў чым і якому цяжка ўявіць перажытае намі. Мы павінны дапамагаць моладзі цаніць дасягненні роднай зямлі, дапамагаць шанаваць і памнажаць здабыткі, захаваць іх для сваіх дзяцей і ўнукаў, зрабіць усё для таго, каб жыло разуменне: шчасце не прыходзіць само па сабе, яно прысутнічае толькі там, дзе ў прыярытэце працавітасць, людская еднасць, імкненне кожнага чалавека ўнесці асабісты ўклад дзеля таго, каб заўтрашні дзень быў яшчэ лепшым, чым сённяшні.

Зараз, успамінаючы сваё пасляваеннае вясковае дзяцінства і юнацтва, уяўляю тыповы партрэт пакалення таго часу, галоўнымі адметнымі рысамі якога былі вынослівасць, працавітасць, неймаверная прага да вучобы. Памятаю сваю вёску Падгайна канца 40-х—50-х гадоў. Жылі пры газавай лямпе, электрычнае святло з’явілася толькі ў другой палове 50-х. Як радаваліся доўгачаканай з’яве і дарослыя, і дзеці. бывала, па некалькі разоў уключалі святло, правяралі, ці гарыць лямпачка! У школу хадзілі за 5-7 кіламетраў, прычынай пропуску заняткаў была для нас толькі хвароба. Адзін калодзеж — на ўсю вёску, адзін тэлевізар — таксама, радыё не ва ўсіх дамах. Стрэхі на хатах — саламяныя. Тэхнікі на палях — ніякай, ураджай убіраўся ўручную. Таму мы, дзеці, былі прызвычаены да любой работы, школьныя і студэнцкія канікулы праводзілі разам з бацькамі на полі, на лузе. Нашы рукі (і хлопцаў, і дзяўчынак) умелі мянціць касу, касіць, наладзіць сячкарню, жаць, секчы дровы, стагаваць салому, сушыць зерне на збожжатаках, ірваць лён, складваць сена ў копы, запрагаць каня, даіць карову, і гэта далёка не ўсё. Зароблены для сям’і рубель прыносіў неперадаваемае шчасце! Мы ўмелі радавацца станоўчым відазмяненням на роднай зямлі: новай пабудаванай малочнатаварнай ферме, узведзенаму будынку канюшні, з’яўленню прасторных дамоў на вясковай вуліцы, першаму камбайну на палях,  павелічэнню ў калгасе неабходнай сельгастэхнікі. Бачылі: працаваць з кожным годам лягчэй, дабрабыт людзей паступова ўзрастаў, як і ўраджай, надоі, поспехі ў жывёлагадоўлі. Таму хацелася не падвесці дарослых, вучыцца, набываць патрэбныя прафесіі, каб вярнуцца ў родныя мясціны і знайсці прымяненне сваім здольнасцям і навыкам. Не шукалі лёгкага хлеба, не саромеліся залатанай, бывала, вопраткі, імкнуліся стаць людзьмі. Магчыма, таму гэтае пакаленне дало грамадству імёны Герояў Сацыялістычнай працы, лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі, таленавітых вучоных, урачоў, настаўнікаў, работнікаў культуры, простых працаўнікоў, дзякуючы чаму Карэліцкі край славіўся на прасторах былога Савецкага Саюза, з кожным годам памнажаючы працоўную славу, якая прадаўжае расці і большае сёння. І я звяртаюся да цяперашняга пакалення: «Цаніце і беражыце здабытае вашымі дзядамі і бацькамі, будзьце вернымі сынамі і дочкамі Карэліцкага краю, жывіце ў згодзе і ладзе, спрыяйце росквіту роднай зямлі!» З юбілеем, мой любімы раён!»

Квітней, цудоўная

                         старонка,

Мацуй, Карэліччына, лёс,

Каб твой народ, 

              як песню, звонка

Свой гонар на вякі пранёс!

Галіна КАЛТУНОВА

Фота з архіва Карэліцкага  раённага краязнаўчага музея