Одинокие при живых детях: почему старики становятся ненужными?
Маці — самы дарагі чалавек на свеце. Яна з намі ад нараджэння і на працягу ўсяго жыцця. Колькі б гадоў не было сыну ці дачцы, клапоціцца пра іх. Любіць іх такімі, якія яны ёсць. Прыносячы сябе ў ахвяру, не чакае нічога ўзамен. Вось толькі тады сэрца сціскаецца ад болю, калі дзеці здраджваюць роднаму чалавеку і на дапамогу прыходзіць дзяржава.
Гэтую жыццёвую гісторыю паведала адна з адказных асоб, якая стаіць на абароне інтарэсаў інвалідаў і адзінокіх састарэлых. Штодзённа ёй прыходзіцца вырашаць шмат жыццёвых пытанняў, і здзівіць чымсьці амаль немагчыма, але гэты выпадак урэзаўся ў памяць.
…Тэлефонны званок паступіў з медыцынскай установы. Неабходна было забраць 70-гадовую ляжачую жанчыну, інваліда першай групы, якую выпісвалі пасля лячэння. Родная дачка адмаўлялася гэта рабіць. «Яна мне не патрэбна», — адрэзала 47-гадовая жанчына. Яна і маці жылі непадалёку ў адным населеным пункце. Да хваробы ў іх былі добрыя ўзаемаадносіны. Старэйшая спраўна выконвала свае мацярынскія абавязкі, аддаючы ўсю любоў і падтрымліваючы дачку ў віхуры жыццёвых праблем.
Хто ж дапаможа жанчыне зараз, як не дзяржава і адпаведныя службы? Было вырашана перавезці інваліда на медыка-сацыяльныя ложкі ў адну з медустаноў раёна. Там жанчыне далі крэсла-каляску, і яна змагла не проста ляжаць цэлы дзень у ложку.
Жанчына і сёння знаходзіцца ў дзяржаўнай установе сацыяльнага накірунку, дзе пра яе клапоцяцца супрацоўнікі. Вось толькі дачка ні разу не наведала роднага чалавека. Забылася пра маці ці адкладвае візіт на заўтрашні дзень? Галоўнае — не спазніцца…
Гэта рэальная гісторыя. У ёй не названы прозвішчы, населены пункт, медыцынская і сацыяльная ўстановы. Захавана ананімнасць з верай у тое, што, можа, хтосьці, прачытаўшы гэтыя радкі, пазнае сябе і зменіць свае адносіны да родных людзей. У жыцці кожнага наступае момант, калі трэба аддаваць даўгі, бо ўсіх нас чакае старасць. І толькі ад нас залежыць, якой яна будзе.
Галіна СМАЛЯНКА