Врач Райцевской амбулатории Марина Климко 30 лет трудится на Кореличчине
Ва ўсе часы прафесія медыка была ў пашане. Да ўрачоў звярталіся і звяртаюцца па дапамогу, давяраючы сваё здароўе, — і надзеі пацыентаў апраўдваюцца. Прафесіяналізм і чуласць медыцынскіх работнікаў здольныя тварыць цуды: чалавек становіцца больш моцным целам і духам і ўпэўнена глядзіць у будучае.
Шлях у прафесію
Марына Анатольеўна Клімко са школьных гадоў марыла стаць урачом. У 1981 годзе паступіла ў Гродзенскі медыцынскі інстытут і ў 1987 яго закончыла.
З мужам Мікалаем Іванавічам па размеркаванні прыехала на працу ў Шклоў Магілёўскай вобласці. Пазнаёмілася з будучым абраннікам падчас вучобы ў медінстытуце. Вучыліся на адным курсе лячэбнага факультэта.
Да 1991 года жылі і працавалі ў Шклове, а затым вырашылі пераехаць бліжэй да бацькоў мужа, на Гродзеншчыну. Для будучай справы і месцам жыхарства абралі Карэліччыну.
Сямейная справа
Марына Анатольеўна Клімко — урач агульнай практыкі Райцаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі ўстановы аховы здароўя «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца».
Яна вядзе прыём пацыентаў як тэрапеўт, неўролаг, кардыёлаг, хірург, ЛОР, педыятр, а таксама аказвае псіхалагічную дапамогу.
— За трыццаць гадоў працы вырасла не адно пакаленне маіх пацыентаў, — гаворыць Марына Анатольеўна. — Даводзілася лячыць напачатку дзяцей, а ўжо зараз — іх дзяцей. Я сямейны ўрач, бо лячу цэлыя сем’і. Мне вельмі падабаюцца маленькія пацыенты: на прыёме яны дзеляцца самым патаемным. Давер да ўрача — частка поспеху ў барацьбе з хваробай.
Людзі часцей за ўсё скардзяцца на сардэчна-сасудзістыя, неўралагічныя, хірургічныя хваробы. Намнога складаней стала працаваць у перыяд каранавіруснай інфекцыі. Усю нагрузку ў барацьбе з пандэміяй усклаў на сябе муж Мікалай Іванавіч (ён загадчык амбулаторыі), я працую ў «чыстай» зоне. Кожнага пацыента стараемся выслухаць і аказаць медыцынскую дапамогу. Праводзім дыспансерныя агляды сельскіх жыхароў, у першую чаргу, працаздольнага насельніцтва і дзяцей. Дарэчы, Райцаўская АУАП абслугоўвае 2140 жыхароў з 16 населеных пунктаў Райцаўскага і Малюшыцкага сельсаветаў.
Прызнанне
Трыццаць чатыры гады прысвяціла медыцыне Марына Анатольеўна, трыццаць з іх працуе на Карэліччыне. У 2020 годзе яе партрэт занесены на раённую Дошку пашаны. У прафесійнай скарбонцы доктара — шматлікія ўзнагароды Міністэрства аховы здароўя, аблздраўаддзела, Карэліцкага райвыканкама.
— Лепшая ўзнагарода — падзяка пацыентаў, — прызнаецца ўрач агульнай практыкі. — Калі чуеш: «Доктар, а ў мяне ўсё добра», то гэта дарагога каштуе. Усе поспехі ў маёй працы — гэта сумесныя з мужам старанні. Мікалай Іванавіч заўсёды быў і застаецца на сваім месцы як прафесіянал сваёй справы, граматны кіраўнік, добры чалавек. Самае галоўнае — узаемаразуменне, узаемападтрымка, цярпенне, павага адзін да аднаго — тады і праца спорыцца. Трэба сказаць, што наша праца на рабоце не застаецца, дома за сямейнай вячэрай мы абмяркоўваем рабочыя пытанні.
«Я люблю прыроду…»
Ад работы да дома сям’і Клімко рукой падаць, ён размешчаны недалёка ад амбулаторыі. Гаспадыня вельмі любіць кветкі, асабліва ружы. Хоць яны патрабуюць шмат клопату, але жанчыне гэта па душы.
— Гэта дае адпачынак, — гаворыць Марына Анатольеўна. — Я прыроду люблю. Мне пашанцавала, што лёс прывёў мяне на свіцязянскую зямлю з такім прыгожым возерам і навакольнымі краявідамі. Не магу нарадавацца, калі ў хвіліны адпачынку наталяюся свежым паветрам і любуюся вясковай прыгажосцю. Хочацца жыць і дарыць людзям надзею на выздараўленне. Здаровы чалавек — шчаслівы ў сям’і і шчыруе на працы. На гэта накіраваны ўсе мае памкненні і старанні…
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Аксаны ЯНУШ