Помощник врача-эпидемиолога Татьяна Партоль рассказывает о работе в первую волну коронавируса, семье и здоровье
Жыццё — найкаштоўнейшы дар. Многім удаецца знайсці сваю дарогу, простае чалавечае шчасце, вызначыць каштоўнасці і прадаўжаць рухацца наперад, любячы жыццё ва ўсіх яго фарбах.
Радзіма
Таццяна нарадзілася ў вёсцы Ліпічна Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Затым жыла ў Ваверцы на Лідчыне. У Карэлічы прыехала ў 2004 годзе пасля заканчэння Гродзенскага медыцынскага каледжа, дзе на факультэце медыка-прафілактычнай справы атрымала спецыяльнасць фельчара-гігіеніста, эпідэміёлага.
— Радзіма там, дзе чалавек нарадзіўся, — гаворыць яна. — Вёска Ліпічна — не надта вялікая, налічвае крыху больш за 100 хат. Жыве там мая цёця Яніна. Засталіся ў сэрцы цёплыя ўспаміны пра бесклапотны і шчаслівы час. Скакалі праз гумачку, гулялі ў даганялкі і вайну з суседскімі хлапчукамі. Летам будавалі шалашы, зімой каталіся на санках і лыжах. Усе сябры дзяцінства раз’ехаліся па розных куточках роднай Беларусі.
Карэлічы сталі другой радзімай для памочніка ўрача эпідэміёлага Таццяны Партоль. Тут работа і сям’я. З людзьмі ладзіць, і гэтак жа добразычліва адносяцца і да яе. Разам з карэліччанамі радуецца, што ў гарадскім пасёлку змянілі сваё аблічча вуліца Гастэлы і галоўная плошча, а таксама — фасады дамоў. Раён Раманаўка, што непадалёку ад райЦГЭ, вырас на вачах, і ўсё гэта стала родным і блізкім.
Работа
— Увесь калектыў Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі кантралюе санітарна-эпідэміялагічны стан раёна, — гаворыць Таццяна Партоль. — Перад намі стаіць задача не дапусціць распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў. Ва ўсім свеце, як і ў нашым раёне, каранавірус зрабіў свой адбітак на жыццё людзей. У першую хвалю мы вызначалі кантакты першага ўзроўню, якія затым знаходзіліся на самаізаляцыі. Важна было пераканаць людзей, як важна знаходзіцца дома, каб не заразіць іншых. Праводзілі растлумачальную работу з насельніцтвам. Каранавірус мае хвалепадобнае цячэнне, перыядычна хворых становіцца то больш, то менш, таму неабходна быць заўсёды напагатове.
Сваю работу Таццяна любіць, лічыць цікавай і незвычайнай. Ва ўрачоў і медсёстраў іншы накірунак дзейнасці — яны лечаць хворых, а вось эпідэміёлагам трэба папярэдзіць захворванне і прыкласці ўсе свае веды і вопыт дзеля здароўя людзей.
Сябры
Таццяна лічыць сябе чалавекам камунікабельным і стараецца знайсці агульную мову з усімі людзьмі, і кожны чалавек цікавы ёй як асоба. Жанчыне пашанцавала: у Карэліцкім райЦГЭ сустрэла не толькі аднадумцу, але і сяброўку. «Наталля Свірыдава стала мне як сястра. Мы сябруем, ходзім у госці адна да адной, разам праводзім вольны час. Яна — адкрытая, добрая, надзейная. Заўсёды падтрымае і прыйдзе на дапамогу», — дзеліцца субяседніца.
У Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі ўвогуле згуртаваны і дружны калектыў. Загадчык санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Валянціна Бузюк, маючы вялікі вопыт работы і мудры ўзрост, заўсёды дасць слушную параду. Галоўны санітарны ўрач раёна Аляксандр Германюк — граматны кіраўнік, добры і справядлівы чалавек. Заўсёды стараецца ўнікнуць у сутнасць праблемы і вырашыць яе. Каля такіх шчырых і сумленных людзей і самой Таццяне хочацца быць таксама адкрытай свету і ўносіць свой уклад у агульную скарбонку на карысць людзям і грамадству.
Сям’я
— Мая сям’я — мой дзесяцігадовы сын Раман, — адзначае жанчына і дадае, што ён вучыцца ў 4 «Б» класе сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы. Па яе словах, хлопчык старанны і адказны, вельмі любіць матэматыку. Са спартыўных заняткаў перавагу аддае футболу, займаецца ў спартыўным гуртку.
Маці і сын усюды бываюць разам: летам ездзяць на возера Свіцязь, ходзяць у лес па грыбы і ягады, зімой на стадыёне катаюцца на каньках. Падарожнічаюць па Беларусі, наведалі Лядовы палац у г. Баранавічы.
Таццяна Партоль прызнаецца, што вельмі любіць вандроўкі. У дзяцінстве дзяўчынка не мела такой магчымасці, бацькі шмат працавалі ў калгасе і дома, а дзеці гулялі на вуліцы. «Хочацца, каб у сына Рамана было па-іншаму, — марыць маці. — Каб рос эрудзіраваным, усебакова развітым чалавекам, усё гэта спатрэбіцца ў жыцці».
Здароўе
Самай вялікай каштоўнасцю ў жыцці Таццяна Партоль называе здароўе і на гэты конт у яе свае меркаванні. Яна адзначае, што жанчына шчаслівая тады, калі здаровая сама і ўся сям’я, і тады хочацца жыць і тварыць. Для гэтага трэба весці здаровы лад жыцця, змагацца са шкоднымі звычкамі, у каго яны ёсць. Трэба імкнуцца быць стрэсаўстойлівым, не паддавацца паніцы, негатыўным эмоцыям.
Самае галоўнае — любіць жыццё. Паважаць адзін аднаго, у кожнай сітуацыі знаходзіць кампраміс. Быць у добрым настроі і часцей усміхацца, бо вясна — заўсёды надзея на новае і перамены. Абуджаецца прырода, і чалавек таксама мяняецца, з’яўляюцца мары і ідэі, якія пры жаданні і намаганнях павінны збыцца.
— Зярняткі, якія мы апускаем у зямлю вясной, павінны даць усходы. Так і справа выйграе, калі прыкласці шмат старанняў, — сказала напрыканцы сустрэчы субяседніца.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКА