В Корелиском районе безработным помогают трудоустроиться на постоянно действующей комиссии
Якую прафесію выбраць?
Такое пытанне найперш паўстае пасля школы. Галоўнае — не памыліцца, а выбраць сваю на ўсё жыццё. Пытанне можа ўзнікнуць у іншы час, і трэба зрабіць выбар ужо ў сталым узросце. Неабходна знайсці працу, каб прадаўжаць жыць дастойна і клапаціцца пра сям’ю.
З мэтай рэалізацыі на тэрыторыі Карэліцкага раёна Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 года № 3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» створана пастаянна дзеючая камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва.
У Мірскім сельскім Савеце адбылося чарговае пасяджэнне камісіі, якое адкрыў яе старшыня, старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў:
— Асноўнай задачай камісіі з’яўляецца каардынацыя работы па рэалізацыі норм Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 года № 3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва». Мы дапамагаем непрацуючым грамадзянам працаздольнага ўзросту знайсці работу. Аказваем кансультатыўную, метадычную і прававую дапамогу па пытаннях працаўладкавання і занятасці. Паведамляем непрацуючым, што інфармацыя аб іх знаходзіцца ў базе не занятых у эканоміцы.
На сённяшні дзень у базу дадзеных працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы, па выніках чацвёртага квартала 2020 года ўключана 1094 чалавекі, з іх — 208 жыхароў Мірскага сельсавета. У 2020 годзе камісіяй праведзены 52 пасяджэнні, за прайшоўшы перыяд бягучага года — 10. Па выніках работы камісіі 568 чалавек прызнаны камісіяй занятымі, адзін чалавек не адносіцца да не занятых.
На пасяджэнне былі запрошаны ўсе незанятыя працаздольныя жыхары сельскага Савета, але прыйшлі толькі з дзясятак чалавек. Розныя па характары, узросце, запытах, яны жадалі ўладкавацца на працу. Больш таго, у некаторых былі свае пажаданні: працаваць у сталярным цэху альбо рабочым па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. На рынку вакансій раёна — жывёлавод, рабочы зялёнага будаўніцтва, дарожны рабочы і іншыя.
Як чалавек жыве без працы? Як высветлілася падчас гутарак з непрацуючымі, некаторыя жывуць з роднымі, якія ўтрымліваюць іх. Занепакоенасць выклікаў непрацаўладкаваны бацька траіх дзяцей. Члены камісіі сустракаюцца з ім не ўпершыню. Яму зноў былі прапанаваны вакансіі. Мужчыне неабходна звярнуцца па названых адрасах.
Як адзначае старшыня камісіі Аляксандр Шкадаў, у рабоце камісіі шмат плюсаў. Глядзіш — чалавек задумаецца, пераасэнсуе сваё жыццё і адбудуцца змены ў лепшы бок.
Калі сябар — бутэлька
Пэўная ўвага падчас сустрэчы была аддадзена і растлумачальнай гутарцы з непрацуючымі. «Ці сябруеце з бутэлькай?» — не раз гучала пытанне. Адзін з тых, хто прыйшоў у нецвярозым стане, сказаў: «Піў, п’ю і буду піць». Каго гэтымі словамі хацеў напалохаць? Невядома. Але, як паказвае жыццё, сяброўства з бутэлькай ні да чаго добрага нікога не даводзіла. Скандалы ў сям’і: хіба на гэтым можна пабудаваць шчасце? Дарэчы, гэты мужчына вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі ў лістападзе мінулага года, а ў сакавіку на яго складзены адміністратыўны пратакол за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення.
Другі непрацуючы абяцаў, калі ўладкуецца на працу, то абавязкова з першага заробку пройдзе лячэнне ад алкагольнай залежнасці. Хочацца верыць у абяцанае, бо цвярозы чалавек можа працаваць сумленна і з упэўненасцю глядзець у будучае.
На пасяджэнні камісіі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў імкнуўся не толькі дапамагчы з вырашэннем пытанняў па працаўладкаванні, але вёў адкрытую і шчырую гутарку з непрацуючымі аб здаровым ладзе жыцця.
Што ж, ніколі не позна пачаць усё з чыстага ліста. Гэта ўжо на практыцы праверана неаднойчы і не адным чалавекам.
КАМЕНТАРЫЙ
Наталлі ГОЦКА, намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама — начальніка аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва:
— У бягучым годзе ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама за садзейнічаннем у працаўладкаванні звярнулася 97 чалавек, з іх — 17 чалавек зарэгістравана беспрацоўнымі. Дапамаглі з работай 77 чалавекам, з іх — 14 беспрацоўным.
Па стане на 18 сакавіка бягучага года арганізацыямі заяўлены ў службу занятасці звесткі аб наяўнасці 270 свабодных рабочых месцаў, з якіх 55 працэнтаў — вакансіі па рабочых прафесіях. У структуры вакансій рабочых прафесій запатрабаваны прадаўцы, трактарысты-машыністы сельскагаспадарчай вытворчасці, аператары машыннага даення, кантралёры-касіры, сацыяльныя работнікі, жывёлаводы, электраманцёры, электрагазазваршчыкі. Вакантныя рабочыя месцы на пасады служачых складаюць 44,5 працэнта ад агульнай колькасці вакансій (патрабуюцца ветэрынарныя ўрачы, ветэрынарныя фельчары, урачы, медсёстры, заатэхнікі, работнікі культуры).
На ўліку ў аддзеле дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва стаіць 30 чалавек, якія звярнуліся за садзейнічаннем у працаўладкаванні, з іх — 10 беспрацоўных. Узровень беспрацоўя складае 0,1 працэнта ад эканамічна актыўнага насельніцтва, што ніжэй гадавога паказчыка на 0,9 працэнтных пункта. Каэфіцыент напружанасці на рынку працы раёна — 0,04 беспрацоўных на адну вакансію.
За справаздачны перыяд аддзелам дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва праведзена адна ярмарка вакансія, 7 інфармацыйных мерапрыемстваў масавага характару.
25 сакавіка 2021 года адбудзецца электронная ярмарка вакансій для жыхароў Карэліцкага раёна.
Галіна СМАЛЯНКА