В СПК «Маяк-Заполье» сеют сахарную свеклу
Моцны снег, які выпаў на адталую зямлю, нарабіў нямала клопатаў аграрыям. У Карэліцкім раёне загінуў 2941 гектар азімых. Зараз ідзе актыўны перасеў культур, каб паспець затрымаць вільгаць. Менавіта ад гэтага залежыць будучы ўраджай.
У СВК «Маяк-Заполле» пасля зімоўкі з плошчы 1600 га ад выправання пацярпела 600 гектараў азімых. Кіраўніцтва прыняло рашэнне правесці перасеў такімі культурамі, як кукуруза, грэчка, пшаніца і ячмень.
«Маяк-Заполле» па традыцыі з’яўляецца адной з жытніц Карэліцкага раёна: у мінулым годзе тут узялі па 87 цэнтнераў з гектара. Зараз аб відах на новы ўраджай тут гавораць стрымана. Калі будуць дажджы, якія дазволяць раслінам пайсці ў рост, значыць і каравай будзе важкім. У агранамічнай службе гаспадаркі падкрэсліваюць: усё, што неабходна па тэхналагічных рэгламентах, зрабілі яшчэ з восені: паднялі зябліва, унеслі патрэбны аб’ём угнаенняў. Праблем з тэхнікай таксама няма. Пастаянна набываюцца новыя агрэгаты. Толькі ў 2021 годзе купілі новыя пагрузчык і самаходны апырсквальнік Mazzotti.
Зараз у сельгаскааператыве разгорнуты шырокі фронт работ: ідзе падрыхтоўка глебы пад сяўбу цукровых буракоў, перасеў азімых, унясенне арганічных угнаенняў. На днях пачнецца праца са сродкамі абароны раслін. Вопытныя аграрыі разумеюць, што цяпер той момант, калі трэба паспець закрыць вільгаць, каб атрымаць важкі ўраджай. Выдатна ведаюць гэта і механізатары, якія ад відна да цямна ў полі. Механізатар з 13-гадовым стажам Мікалай Ракач сее цукровыя буракі. У полі ён з 7.30, працоўны дзень заканчвае ў палову восьмага вечара. За дзень Мікалай Аляксеевіч засявае ад 25 да 30 гектараў. Пры такіх тэмпах ён адзін зможа пасеяць буракі на працягу тыдня.
— Я 13 гадоў за рулём трактара, — кажа аграрый, — да гэтага працаваў у «Маяку» кіроўцам, вазіў рабочых. Вядома, у поле падабаецца больш. Работа больш інтэнсіўная, бачыш вынік сваёй працы, радуешся, калі зямля дае добрыя ўсходы.
Шмат клопатаў цяпер і ў загадчыка вытворчага ўчастка № 1 Івана Гавакі.
— Нам бы зараз цяпла і дажджу, — кажа Іван Пятровіч, гледзячы на клубы пылу з-пад колаў трактара. — Гэта галоўнае. Тэхнікі ў нас хапае, механізатары — хлопцы добрыя і руплівыя. Так, няпроста на зямлі працаваць, дык і ніколі лёгка не было. Проста гэтую справу трэба любіць і ўкладваць у яе душу.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара