Пенсионерка из Малюшичей Мария Казак знает, как радоваться жизни в любом возрасте

Марыя Аляксандраўна КАЗАК з аграгарадка Малюшычы з кагорты тых, для каго гады не бяда. Яна ў залатым узросце моцна любіць жыццё і вядзе актыўны лад жыцця.

Журналіст раённай газеты «Полымя» папрасіла  яе падзяліцца сваімі думкамі.

— Марыя Аляксандраўна, памятаеце, як у Вахтанга Кікабідзэ «Мае гады — маё багацце». Як Вы ацэньваеце свой жыццёвы багаж? 

—  Гады пражыты не дарэмна. Выхавала сына, дачакалася ўнукаў. У свой час атрымала адукацыю. Жыццё звязала з сельскай гаспадаркай: працавала загадчыкам участка, аграномам-аграхімікам. У пенсійным узросце прадаўжаю працаваць кладаўшчыком запасных частак на мехмайстэрні КСУП «Малюшычы».

—  Што дапамагае рухацца наперад?

— Мая жыццёвая пазіцыя. Я люблю працаваць, займацца гаспадаркай, вырошчваць кветкі. Вельмі моцна люблю жыццё. Заўсёды сустракаю добрых людзей, маю шмат сябровак, і гэта мяне натхняе радавацца кожнаму новаму дню.

— Праца — аснова асноў. Якое месца яна займае ў Вашым жыцці?

—  Асноўнае месца. Я ўдзячна кіраўніцтву гаспадаркі за прадастаўленую магчымасць працаваць у маім узросце. Дзякуючы рабоце, адчуваю сябе запатрабаванай і заўсёды знаходжуся сярод людзей.

— Згадзіцеся, быць старшынёй ветэранскай арганізацыі  пачэсна, але і адказна. Зносіны з людзьмі Вам заўсёды ў радасць?

—  Быць лідарам у ветэранаў прыемна. Пажылы чалавек  — паважаны і патрэбны ў нашай дзяржаве. Мы прымаем актыўны ўдзел у раённых мерапрыемствах. Імкнёмся быць прапагандыстамі добрых ідэй, прыслухоўваемся да людзей, стараемся выконваць іх запыты.

— Чалавеку патрэбны чалавек — гэта праверана жыццём. Хто для Вас падтрымка і апора ў жыцці?

— Безумоўна, мая сям’я: сын Мікалай, нявестка Святлана, унукі Аляксандр, Яўгеній, Дар’я. Для мяне ўнукі — гэта святое, я любуюся імі і жыву для іх. А нявестка Святлана замяніла мне дачку, стала сяброўкай і штодзённай памочніцай. Мікалай шмат працуе, стараецца зарабіць, быць для сваёй сям’і надзейнай апорай, а для мяне — добрым сынам.

— У Вас ёсць любімае захапленне, якое б лячыла душу?

— Маё хобі — вырошчваць агародніну і кветкі. Люблю таксама вышываць,  гэта ўсё роднае і блізкае сэрцу. У вольны час чытаю кнігі і гуляю з унукамі.

— Для вяскоўца галоўнае — зямля. Якое значэнне яна займае ў жыцці?

— Зямля — гэта тое, на чым мы выраслі. Яна дае чалавеку сілы, накіроўвае  на ажыццяўленне задуманых мэт. А яшчэ — аснова жыцця для вяскоўца. Зярнятка, якое апускаеш у зямлю, дае ўсходы, калі добра папрацаваць. Таму сяляне шчыруюць на зямлі з ранняй вясны да позняй восені.

— Некаторыя прадстаўнікі залатога ўзросту баяцца надыходу старасці. А што Вы думаеце на гэты конт?

— Не трэба баяцца пажылога ўзросту. Галоўнае — не панікаваць, а ўпэўнена ісці наперад. Мяркую, што чалавеку не столькі гадоў, колькі адзначана ў пашпарце, а колькі ў яго душы. Таму я імкнуся заставацца маладой.

— Як адносіцеся да заняткаў фізкультурай і спортам?

— Пастаянна займаюся  зарадкай, зімой — скандынаўскай хадой, а летам не выпускаю з рук веласіпед.

— Многія людзі пенсійнага ўзросту прадаўжаюць шукаць  для сябе сакрэты даўгалецця. А які ён у Вас?

— Асноўны сакрэт даўгалецця — рух. Трэба шмат рухацца, бо рух — гэта жыццё, і не прыслухоўвацца да таго, што баліць.

— Марыя Аляксандраўна, што Вы найбольш цэніце ў жыцці?

— Мір на зямлі. На фронце ваяваў мой бацька, не вярнуліся з вайны два родныя дзядзькі, мама была выгнана ў Эстонію.  Вялікая Айчынная вайна прынесла шмат жахаў многім сем’ям. Сёння на раённых урачыстасцях мы ўшаноўваем герояў, і трэба, каб бяда ніколі не паўтарылася. І каб нашы дзеці і ўнукі жылі пад мірным небам.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ