В Кореличском районе началась массовая уборка льна
Урочышча «Бухава», што непадалёк ад вёскі Паланая, цяпер нагадвае ізумруднае ласкавае мора. Тут механізаваны атрад ААТ «Карэлічы-Лён» пачаў церабленне льну-даўгунцу.
Вопытны механізатар Аляксандр Вайцешык 11-ы сезон працуе на церабільнай машыне. На льнозаводзе ў яго стаж яшчэ большы — 20 гадоў.
— У асноўным працую на пагрузчыку, гружу лён на полі ці на тэрыторыі завода, — кажа Аляксандр. — Работу сваю люблю, і заробак добры, але цяпер гэтая афрыканская спякота выбівае з каляіны. Возім з сабой бутэлькі з лёдам. Спынішся, пап’еш халоднай вады, абальешся — і зноў за працу.
Дзмітрый Буцкевіч на Карэліцкім ільнозаводзе працуе чацвёрты год, і ўжо лічыцца дасведчаным механізатарам:
— У дзень мы павінны рассцілаць па 8 гектараў льну, але звычайна выконваем больш, па 10 гектараў. Арыфметыка простая: больш зробіш — больш заробіш.
Галоўны аграном ААТ «Карэлічы-Лён» Яўген Жук распавядае, што ва ўрочышчы «Бухава» працуюць тры церабілкі, за дзень яны рассцілаюць 30 гектараў даўгунцу. Ураджайнасць складае 40 цэнтнераў з гектара і застаецца на ўзроўні леташняй.
— У гэтым годзе ў Карэліцкім раёне плошчы пад лён-даўгунец займаюць 2150 гектараў, яшчэ 1050 гектараў даўгунцу і 200 гектараў маслічнага льну расце ў Лідскім раёне, — уводзіць у курс справы малады аграном. — Да цераблення культуры прыступілі 9 ліпеня. На сёння лён выцераблены на 19% плошчаў. Калі ўмовы надвор’я дазволяць і не будзе дажджоў, да канца месяца справімся.
Для 26-гадовага Яўгена Жука гэта трэці льняны сезон:
— Я, як і бацька, скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, атрымаў дыплом агранома. Пасля заканчэння два гады працаваў плодаагароднінаводом ў ААТ «Жураўлінае» Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Але пацягнула бліжэй да дома, да родных. Тут спасцігаю асновы льнаводства, і мне гэта занятак па душы.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара