В храм святой Варвары возвращена икона Матери Божьей Райчанской
Напісанню матэрыялу папярэднічала гутарка з настаяцелем храма а. Аляксеем і іканапісцам А. Салдатавым)
У духоўным жыцці беларусаў асаблівае значэнне надаецца глыбокаму шанаванню Прачыстай Багародзіцы. Прычым гэта — не абстрактная “традыцыя”, а часцінка жывога, рэальнага вопыту. Калі б нехта захацеў з найбольшай дакладнасцю прасачыць за месцамі і часам падзей, якія расказваюць аб асаблівым покрыве Багародзіцы над Беларуссю, то ён хутка адзначыў бы паўсюднасць і бесперапыннасць апекавання намі Прачыстай Дзевай.
Народная мудрасць сцвярждае: “Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць”. Ды здараецца, што агульнавядомую прыказку дасціпна ўдакладняюць, ківаючы на сучасныя тэхнічныя магчымасці: “Найлепш адразу і ўбачыць, і пачуць”. Але паколькі сёння ў Вашых руках, дарагі чытач, толькі газета, пойдзем традыцыйным шляхам чытання і ўяўлення. Накіруемся па слядах Багародзіцы ў храм святой вялікапакутніцы Варвары, што знаходзіцца ў Райцы. Калі Вы ўжо бывалі там, то сваім духоўным зрокам здзейснім яшчэ адно паломніцтва.
Нядзеля. У храме незвычайна шматлюдна. Стаяць жанчынкі сталых гадоў з мудрымі і такімі добрымі тварамі. Дапытліва паглядаюць на абразы вачаняты хлопчыкаў і дзяўчынак. Склаўшы тры пальцы ў пучок, хрысціцца юнак. Да высокіх царкоўных зводаў уздымаецца малітва, а за ёю такія важныя словы з вуснаў святара: “Дарагія браты і сестры!”. Богаслужэнне правіць айцец Аляксей Шышкір, настаяцель гэтага храма, чалавек, які не любіць гучных прамоў, які проста жыве і з любоўю і верай робіць сваю справу. У служэнні яму дапамагае святар храма Архангела Міхаіла (в. Сынкавічы), іерэй Віталій Шостыр. 1 жніўня тут прайшла Боская літургія з нагоды прынясення знакавага для храма абраза — гістарычнага спіску цудатворнай Райчанскай іконы Божай Маці.
Нехта з вялікіх слушна сказаў: “Мы на аднолькавай адлегласці АД Бога, але на рознай адлегласці ДА Бога”. Гэтыя мудрыя словы яшчэ раз пацвердзіў і настаяцель храма, айцец Аляксей, звяртаючыся да прысутных з пропаведдзю:”Мы шукаем асаблівыя іконы для пакланення, асаблівыя храмы для малітвы. З аднаго боку гэта зразумела, але я хачу ўсім адкрыць свайго роду сакрэт: любая ікона цудатворная. І тая, што ў храме, і тая, што знаходзіцца ў кожнага дома. Вялікая яна ці зусім маленькая, багата аздобленая ці папяровая, на напісанне кожнай з іх было атрымана благаслаўленне і ўзнесены малітвы. Толькі ад нашай ВЕРЫ залежыць яе цудатворнасць: шчырая малітва можа гучаць каля любога святога абраза. Вера – гэта значна складаней, лягчэй паехаць у знакамітае месца і памаліцца там. Райчанская ікона Божай Маці вельмі шанаваная вернікамі. Ці не з Яе Божай літасці ўцалела вёска і яе жыхары ў Вялікую Айчынную? Ці не Ёй абавязаны многія з нас прадаўжэннем свайго роду? Ці не яе хадайніцтва гэта перад Госпадам? Хто, калі не мы, павінны былі спрыяць Яе вяртанню? Ікона Божай Маці, якую мы будзем сустракаць, напісана на ахвяраванні прыхаджан, не толькі тутэйшых, але і прыезджых, і праезджых. Таму будзем сёння ўзносіць малітвы да Божай Маці і прасіць надалей яе заступніцтва і благаслаўлення на ўмацаванне нашай ВЕРЫ”.
Падчас гутаркі з настаяцелем стала вядома, што пра існаванне іконы Божай Маці Райчанскай ён даведаўся з прастораў Інтэрнэту, калі шукаў матэрыял пра гісторыю мясцовага храма, а таксама прачытаў у адной з кніг. Наяўнасць іконы пацвердзілі і старажылы, якія мелі дачыненне да жыцця прыходу. Згодна апісання, Божая Маці на ёй у масіўнай срэбнай рызе. Багатае аздабленне на той час – сведчанне таго, што яна вельмі шанаваная. Пасля аднаўлення храма на сваё месца вярнуліся старадаўнія абразы, якія захоўваліся ў суседняй Валеўцы. Ёсць у Валеўскім храме і падобная ікона Божай Маці, але сцвярджаць, што яна Райчанская, няма ўпэўненасці. Таму было вырашана напісаць новую ікону, стылістычна падобную на арыгінал. У 2017 годзе, падчас урачыстасцяў, прымеркаваных да святкавання 200-годдзя храма святой вялікапакутніцы Варвары, Высокапраасвяшчэннейшы Гурый, архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі, благаславіў узнавіць страчаны абраз Божай Маці. Гэта адказная справа была даручана мясцоваму іканапісцу Аляксандру Салдатаву.
Пацікавілася ў іканапісца пра асаблівасці працы над іконай. Са слоў Аляксандра Васільевіча, напісанне іконы Райчанскай нічым асаблівым не адрознівалася ад напісання іншых абразоў. Для напісання выкарыстаў традыцыйныя матэрыялы: дрэва, ляўкас, мінеральныя фарбы на яечнай эмульсіі, сусальнае золата. Німбы – гравіроўка па ляўкасу. Пакрыцці – аліфа іконная, лак копалавы. Спытала ў яго пра пачуцці пасля завяршэння працы. Адказаў, што адчувае невялікае пачуццё палёгкі, бо працаваў над ёй больш за 2 гады. А менавіта сёння адчувае ўнутрана, што, магчыма, абраз дапаможа каму-небудзь шчыра памаліцца.
І вось 30 ліпеня гэтага года па благаславенні правячага архірэя нованапісаны абраз Багародзіцы быў асвечаны на набажэнстве з акафістам ля цудатворнай Жыровіцкай іконы Прасвятой Багародзіцы ў Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры. Чын асвячэння ўзначаліў дацэнт Мінскай Духоўнай семінарыі протаіерэй Генадзь Поўны.
Мяняецца час, мяняюцца погляды на многія падзеі. У тым ліку і на веру, духоўнасць. І ўсё больш людзей выбіраюць дарогу да Храма. 1 жніўня абраз Прасвятой Багародзіцы быў дастаўлены з Жыровічаў выкладчыкам Мінскай Духоўнай семінарыі іерэем Віталіем Шостырам. Крэсным ходам сустракалі святыню настаяцель храма іерэй Аляксей Шышкір, прыхаджане храма, вернікі суседніх прыходаў, госці з Мінска, Баранавіч, Навагрудка. Царкоўны хор малітоўна выводзіў песню “Царице моя Преблагая, надеждо моя, Богородице…” Здавалася, што не ікону нясуць насустрач, а сама Божая Маці ідзе да людзей. На імгненне стала ціха-ціха, а пасля з натоўпу пачулася стрымана-здзіўленае: “Ах!!!”, па целе нябачна пабеглі мурашкі ад узрушанасці, на вачах у многіх былі слёзы. І людзі пачалі станавіцца на калені. Вось так, схіліўшыся ў паклоне перад Яе Вялікасцю Багародзіцай, запаланіўшы ўсю праезджую частку дарогі, віталі вяртанне святыні, тым самым паказваючы еднасць у веры і паўнату сілы Божай. Далей крэсны ход з абразом Багародзіцы прайшоў у храм святой вялікапакутніцы Варвары, дзе адбылася Літургія. Раздзяліць радасць прыхода прыехалі святары-суседзі з Цырына, Жухавіч, Лук. Па завяршэнні набажэнства адбыўся крэсны ход з Райчанскай іконай Божай Маці, які ўзначаліў благачынны цэркваў Карэліцкай акругі протаіерэй Мікалай Орса. Пасля завяршэння крэснага ходу благачынны павіншаваў настаяцеля, прыхаджан храма і ўсіх гасцей з вяртаннем страчанай святыні.
Па даручэнні кіруючага архірэя, з павагай да стараннай працы ва ўслаўленне Святой Маці-Царквы майстар-іканапісец А. В. Салдатаў быў узнагароджаны благачынным Карэліцкай акругі протаіерэем Мікалаем Орса епархіяльным медалём прападобнага Елісея Лаўрышаўскага. Некаторыя прыхаджане, адметныя сваім стараннем, атрымалі Архірэйскія падзякі.
Доўга не разыходзіліся людзі, прыкладваліся да святыні, дзяліліся ўражаннямі. Сярод прысутных пачула і вершаваныя радкі:
Ацалі нашы душы, Царыца,
Бо самім ад грахоў не пазбыцца.
Уладарка Нябёс і зямлі,
Маці Божая, благаславі!
Не магла не спытаць у настаяцеля: “Што адчуваеце сёння? Чым яшчэ збіраецеся парадаваць сваіх вернікаў?” і пачула адказ: “Я ўдзячны Богу за магчымасць быць прычасным да аднаўлення не толькі храма і іконы, але і веры. Мы ўсе разам робім гісторыю храма, але ўсё гэта з Божай ласкі. Балюча, што не ўсе вяскоўцы гэта адчуваюць. Духоўнае ж жыццё ціхае, не крыкастае, яно, як соль, што дае смак усёй страве. Пройдзе некаторы час – і людзі зразумеюць, што гэта сапраўдны цуд. Літасцю Божай Райцаўскі храм дажыў да добрых часоў, калі кожны, хто шукае выратавання, можа прыехаць сюды памаліцца перад цудатворнай Іконай Прасвятой Багародзіцы. Усіх прымае Маці Божая!”.
Таісія МУХІНА,
агр. Райца