«Во время крестного хода молимся за Беларусь»: кореличчане отправились в Лавришевский монастырь

Шматлюдна было а дванаццатай гадзіне 10 жніўня каля царквы святых апосталаў Пятра і Паўла ў г.п. Карэлічы. Большасць прысутных сабраліся ў дарогу — у трохдзённы Хросны ход у Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр. Сёлета ён прысвечаны 800-годдзю з дня нараджэння святога вернага князя Неўскага. Журналісты раённай газеты «Полымя» пагутарылі з яго ўдзельнікамі, якія ахвотна дзяліліся сваімі ўражаннямі.

Лілія ШАСТАК, загадчык педыятрычнага аддзялення УАЗ «Карэліцкая ЦРБ»:
— Я хаджу ў Хросны ход шмат гадоў. Іду, каб атрымаць Боскую благадаць. Прашу дапамогі ўсіх святых землям беларускай і расійскай. Усю дарогу молімся. Гэта дае духоўныя і фізічныя сілы на ўвесь год. Заўсёды з нецярпеннем чакаю наступнага, каб зноў накіравацца ў дарогу. Сумесная малітва дае натхненнне на працу і кожны дзень жыцця. Молімся за родных, блізкіх, знаёмых і незнаёмых, за ўсю Беларусь.

Таіса АНІКАЯ, пенсіянерка, вёска Паланая:
— Хросны ход дае сілу і ўмацоўвае веру. У дарозе, калі спякота ці дождж, не звяртаеш увагі, з малітвай ісці лёгка. Асабліва на другі дзень, калі сустракаюцца навагрудскія прыхаджане з карэліцкімі ў вёсцы Лозкі. Яны нясуць вялікі Крыж, каля якога моляцца ў Лаўрышаве. Хросны ход — дзеля Бога, каб выказаць яму вялікую любоў. Ён праходзіў розныя выпрабаванні, і мы таксама. У Лаўрышаўскім манастыры затым адбываецца літургія, сустрэча з бацюшкам, чытаюцца акафісты Елісею Лаўрышаўскаму, і такое пачуццё, быццам ён прысутнічае з намі. Калі службы ідуць пад адкрытым небам у летнім храме, то здаецца, што з намі моляцца ўсе святыя.

Уладзіслава ПЯЧЭРСКАЯ, 16 гадоў:
— Я прыехала з Рэчыцы Гомельскай вобласці. Знаёмыя мне прапанавалі паўдзельнічаць у Хросным ходзе. Папрасіла дазволу ў бацькоў і атрымала іх згоду. Чакаю ад духоўнага падарожжа новых знаёмстваў і цікавых ўражанняў, хачу больш пазнаць духоўны свет. У дзяцінстве з мамай хадзілі ў храм, закончыла Нядзельную школу, ездзіла ў Духоўна-асветніцкі цэнтр «У гасцях у бацюшкі». Там і пазнаёмілася з людзьмі, якія паклікалі на Хросны ход.

Таццяна ДУДКО, жыхрка вёскі Загор’е Турэцкага сельсавета:
— Нядаўна авалодала навыкамі царкоўнага званара, вучылася ў Мінскім духоўным вучылішчы. Прыйшла да Бога, калі ў 13 гадоў страціла бацьку. Адзін святар Навагрудскай епархіі дапамог знайсці выхад з цяжкай сітуацыі. Я ведала пра Хросны ход, і мне захацелася бліжэй прыблізіцца да Госпада, пазнаць новае, больш развівацца ў духоўным плане. Я хачу пажадаць усім не забываць веру і любіць Госпада.

Аляксандр АБАДЗІНСКІ, прыхаджанін царквы святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы:
— Трэці раз іду ў Хросны ход. Кожны раз імкнуся адшукаць духоўную раўнавагу і мець зносіны з духоўна багатымі людзьмі. У дарозе, бывае, і стамляешся, але напрыканцы маршрута стома знікае, і прыходзіць душэўны ўздым. Хочацца служыць Богу, які прымаў цяжкасці. І хаця знаёмых у дарозе няшмат, але адчуваеш яднанне душ. У дарозе молімся, свае малітвы пасылаем да Неба. Хочацца, каб усім людзям было добра і каб нашы малітвы былі пачуты.

Раіса ДАНЧАНКА, жыхарка г. Мар’іна Горка Пухавіцкага раёна:
— У паломніцкай паездцы пазнаёмілася са Святланай Дунец з Карэліч у паломніцкай паездцы, і яна запрасіла на Хросны ход. Хаджу ўжо трэці год, сёння ўзяла яшчэ і знаёмых вернікаў. У дарозе набіраешся сілы і благадаці на год — людзі аб’ядноўваюцца і моляцца. Самае галоўнае — малітва. Хочацца пажадаць, каб пандэмія мінула, і прыхаджане змаглі спакойна хадзіць у храмы і не цурацца адзін аднаго. Царква — гэта жыццё, новы ўдых глытка свежага паветра, якім немагчыма надыхацца. Хочацца гэтым жыць зноў і зноў, каб адчуваць усю паўнату існавання.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ