Абласны фестываль «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў» чарговы раз сабраў удзельникау и гасцей свята на шлюзе Дамброўка
Фестываль распачаўся шэсцем да галоўнай сцэны.
Вядучыя павіталі гасцей і ўдзельнікаў свята на трох мовах: беларускай, польскай і літоўскай, пасля чаго для ўрачыстага адкрацця на сцэну былі запрошаны ганаровыя госці. Сярод іх намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Карповіч, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Алена Клімовіч, старшыня грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” Аляксандр Сонгін, старшыня Гродзенскага гарадскога аддзела грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” Казімір Знайдзінскі і старшыня Пяляскага грамадскага аб’яднання літоўцаў «Гімтыне» Іван Мацюлевіч.
— Аўгустоўскі канал — унікальнае гідратэхнічнае збудаванне, якое аб’ядноўвае тры народы: беларусаў, палякаў і літоўцаў. Першыя фестывалі тут праходзілі, калі канала ва ўсёй яго цяперашняй прыгажосці фактычна не было, але сёння, дзякуючы беражлівым адносінам да гісторыі і традыцый трох народаў, з дзяржаўнай дапамогай і падтрымкай грамадскіх аб’яднанняў мы змаглі даць другое жыццё гэтаму ўнікальнаму аб’екту. Аўгустоўскі канал з’яўляецца турыстычнай жамчужынай не толькі Гродзенскай вобласці і Рэспублікі Беларусь, але спадчынай трох краін, злучаных адной зямлёй. Сёлета на свяце не так многа, як звычайна, прысутных: пандэмія ўнесла свае карэктывы. Але я ўпэўнены, што ўсё наладзіцца, і мы зноў зможам убачыць сяброў з Літвы, Польшчы, іншых краін на наступным фестывалі. Будзе магчымасць, як і раней, сустрэцца і паказаць, як весела і цікава мы ўмеем бавіць час, як мы любім і паважаем адзін аднаго, як мы шануем традыцыи нашых продкаў.
— Нягледзячы на дождж, на пандэмію, на іншыя праблемы, мы разам, — падкрэсліла Ірына Карповіч. — Мы разам усёй нашай краінай, мы разам з нашымі суседзямі, таму што ў нас створаны моцны фундамент культур і традыцый. І сёння мы працягваем напаўняць нашу духоўную спадчыну, якую абавязкова ўсе разам пранясем у будучыню.
— Сёння мы прапануем прысутным чатыры майстар-класы: па саломапляценнні, ткацтве паясоў, вырабе лялек-абярэгаў і пляценні фенечкі, — расказала начальнік аддзела этнаграфіі, фальклору і раместваў Гродзенскага раёна Вікторыя Ланеўская. – Фенечку плясці ўжо пачалі. Мы назвалі яе «Фенечкай сяброўства». Сутнасць у тым, каб кожны чалавек падыйшоў і працягнуў працу папярэдняга, каб у выніку атрымаўся вялікі і прыгожы выраб, створаны агульнымі стараннямі.
ГП