В ГУО «Райцевский УПК детский сад-средняя школа» День знаний стал настоящим праздником
Урачыстая лінейка з нагоды пачатку 2021-2022 навучальнага года адбылася ў дзяржаўнай установе адукацыі «Райцаўскі ВПК дзіцячы сад —сярэдняя школа» і сабрала вучняў, настаўнікаў, бацькоў, гасцей.
Сёлета дзверы навучальнай установы адчынілі 107 вучняў, з іх 6 першакласнікаў і 7 адзінаццацікласнікаў.
Права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь прадастаўляецца лепшым вучням школы: Кацярыне Бушэйка, Вікторыі Шыш, Паліне Сіроцінай, Ягору Маркевічу. Гучыць Гімн Рэспублікі Беларусь.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстасці звяртаецца дырэктар школы Пётр Буляк:
— Дарагія вучні! Паважаныя педагогі і бацькі! Прыміце самыя цёплыя віншаванні з Днём ведаў і пачаткам новага навучальнага года. 1 верасня — гэта свята, якое дорага для кожнага, хто вучыўся, вучыцца і вучыць. Для педагогаў — гэта пачатак новага этапу ў рабоце, радасць ад сустрэчы са сваімі вучнямі і шчаслівы шанц зноў і зноў адкрываць дзецям дзіўны свет ведаў. Для дзяцей — новы этап сур’ёзнай працы, зносін з сябрамі, поспехаў і новых адкрыццяў. Самым запамінальным гэты дзень будзе для першакласнікаў. Для іх сёння разам з першым званком адчыняюцца дзверы ў новы, вялікі свет, поўны цікавых адкрыццяў і яркіх уражанняў. Жадаю, каб гэтая школа стала для вас роднай. З не меншым хваляваннем чакаюць гэтага дня выпускнікі школы, якім патрэбна вызначыцца са сваёй будучыняй. Наперадзе вас чакаюць школьныя экзамены і ЦТ, таму вельмі важна не губляць часу і якасна яго выкарыстоўваць.
Дырэктар школы пажадаў педагогам і бацькам поспехаў, мудрасці і цярпення. Каб веды і навыкі, атрыманыя ў новым навучальным годзе дзецьмі, сталі стартавай асновай для новага пакалення, а ўсім вучням — настойлівасці, выдатных адзнак, творчасці і насычанага жыцця ў надыходзячым навучальным годзе.
«Перакананы, што вам па сілах пераадолець усе цяжкасці, стаць па-сапраўднаму адукаванымі людзьмі і ўнесці свой уклад у развіццё Карэліцкага раёна і Беларусі», — запэўніў Пётр Міхайлавіч. Зачытаў загад аб залічэнні дзяўчынак і хлопчыкаў у першы клас навучальнай установы, уручыў падзякі Кірылу Шэгу і Цімафею Чашэйку ад СВК «Малюшычы» за дапамогу ва ўборцы ўраджаю.
Першая настаўніца Алена Сяргееўна Чыркун зычыла вучням быць стараннымі, акуратнымі, паслухмянымі і запэўніла, што дапаможа ім у гэтым. Ад РА ГА «Белая Русь» першакласнікам былі ўручаны флікеры — напамінак пра тое, што трэба быць пільнымі і прадбачлівымі, не парушаць правілаў дарожнага руху.
Раздзяліць радасць з нагоды Дня ведаў на свята завітала начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч. Яна прывезла вучням у якасці падарунка спартыўны інвентар, каб дзеці развіваліся і былі здаровымі. Ганаровая госця пажадала першакласнікам цікавага жыцця, надзейнай апоры — іх бацькоў, усім педагогам і вучням — здароўя, поспехаў, удачы. Першакласнікам уручылі кнігу «Беларусь — наша Радзіма».
Ад імя бацькоў слова трымала Марына Сташчанюк, назвала Дзень ведаў вялікім святам — дзеці ідуць у школу. Тут першы настаўнік акружыць клопатам і ўвагай, бацькі таксама будуць заўсёды дапамагаць у іх выхаванні. Маці павіншавала першакласнікаў і пажадала ім поспехаў у вучобе. Дзяўчынкі і хлопчыкі таксама не засталіся ў даўгу — падарылі прысутным цудоўныя вершаваныя радкі.
Старшыня СВК «Свіцязянка-2003» Уладзімір Галавач павіншаваў вучняў з Днём ведаў і заклікаў выпускнікоў прыкласці ўсе старанні ў вучобе — гэты навучальны год адказны ў іх жыцці. Першакласнікам пажадаў добрага здароўя і поспехаў у вучобе, уручыў ім у якасці падарунка заплечнікі. Уладзімір Арсецьевіч адзначыў вучняў школы, якія дапамагалі летам мясцовай гаспадарцы. Гэта Васілій Жданук, Уладзіслаў Каралько, Арцём Крывіцкі, Дзмітрый Мажэйка, Максім Фрыдрык, Уладзіслаў Субач, Міхаіл Купраш, Мікіта Пашкевіч, Данііл Шапавалаў. Да пачатку новага навучальнага года СВК «Свіцязянка-2003» выдзеліў для Райцаўскай сярэдняй школы фінансавую дапамогу.
Свае наказы выказаў вучням з нагоды пачатку новага навучальга года настаяцель царквы святой вялікапакутніцы Варвары аграгарадка Райца, іерэй Аляксей Шышкір. Святар пажадаў усім моцнага здароўя, вучням — поспехаў у вучобе, быць беражлівымі, цаніць тое, што ёсць. У якасці падарунка перадаў ад Навагрудскай епархіі кнігі ў школьную бібліятэку, а першакласнікам уручыў прылады для малявання.
Гучыць першы школьны звнок. Гонар яго даць прадастаўляецца вучню 11 класа Аляксею Карзану і вучаніцы першага класа Ганне Шышкір.
Вучні запрашаюцца на першы ўрок пад назвай «У адзінстве беларускага народа — аснова незалежнай краіны».
Галіна СМАЛЯНКА