В Кореличском районе от коронавируса привито 28,3% жителей. Кореличчане делятся опытом вакцинации
Вакцынацыя ад каранавіруса — пытанне на вуснах многіх. Яго абмяркоўваюць у працоўных калектывах, дома на кухні, паміж сваякамі, сябрамі, знаёмымі. І невыпадкова: здароўе — адна з самых галоўных каштоўнасцей у жыцці. Кожны марыць захаваць яго, таму паўстае пытанне: ці трэба вакцынавацца? Журналісты раённай газеты «Полымя» пацікавіліся ў жыхароў райцэнтра і атрымалі адказы з першых вуснаў.
У Цырынскім ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа ад каранавіруса прышчапілася 90% педагогаў. Ва ўстанове адукацыі разумеюць, што працуюць з дарослымі і дзецьмі, таму хочуць паклапаціцца пра сваё здароўе.
— Нашы педагогі і тэхнічныя работнікі прышчапіліся яшчэ летам, перад пачаткам навучальнага года, прычым ніякага адміністрацыйнага ціску не было. Справа ў тым, што многія перахварэлі тады, калі вакцыны яшчэ не было, і гаварылі пра тое, што больш не хацелі б такое перанесці, — расказвае дырэктар школы Наталля Адамушка.
— Я вакцынавалася яшчэ ў красавіку, — уступае ў размову выхавальнік групы падоўжанага дня Вольга Стасевіч. — Мой тата, які захварэў на кавід, не змог справіцца з хваробай і памёр. Перахварэў і швагер. Я, на шчасце, не хварэла, але як толькі з’явілася магчымасць вакцынавацца, адразу зрабіла прышчэпку. Абодва кампаненты прышчэпкі перанесла добра, толькі крыху балелі суставы. Цяпер адчуваю сябе больш упэўнена, але абавязкова нашу маску і апрацоўваю рукі.
Самым першым сярод настаўнікаў школы прышчапіўся гісторык Дзмітрый Алексеевіч:
— Зрабіў гэта яшчэ ў сакавіку. У мяне шмат урачоў сярод родных і сяброў, яны і растлумачылі, чаму неабходна вакцынавацца. Мой брат працуе ў кавідным аддзяленні адной з раённых бальніц нашай вобласці, расказвае, што ўсе цяжкія пацыенты — непрышчэпленыя. Зразумела, што і пасля вакцынацыі можна захварэць, але, як сведчыць статыстыка, хвароба пераносіцца больш лёгка.
Інэса СЯМІБРАТАВА,
дырэктар ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна»:
— У нашым калектыве вакцынавалася 68 работнікаў, што складае 85 працэнтаў ад усіх працуючых (першы кампанент) і 40 (другі). У сваім імкненні прайсці вакцынацыю ад каранавіруса мы кіраваліся, па-першае, тым, што абслугоўваем людзей пажылога ўзросту і інвалідаў, якім аказваем розныя паслугі. Па-другое, мы павінны клапаціцца пра сябе і сваіх блізкіх, здароўе — галоўнае ў жыцці.
Каб найлепш пазнаёміцца з дадзеным пытаннем, у Цэнтры арганізоўвалі сустрэчы з работнікамі Карэліцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Інфармацыя аказалася слушнай: атрымалі адказы на многія пытанні: аб вакцынах, як яны дзейнічаюць на арганізм чалавека і г. д.
Як кіраўнік калектыву я пастаянна заклікала работнікаў Цэнтра праводзіць вакцынацыю, каб засцергчы сябе і выпрацаваць агульны імунітэт у калектыве. Састарэлыя людзі і інваліды знаходзяцца ў групе рызыкі, і мы павінны клапаціцца пра іх здароўе. Будзе яно — буде цікавасць да жыцця, будзе патрэбнасць у паслугах Цэнтра.
Надзея БЫЛІНОВІЧ,
сядзелка ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна»:
— Другі кампанент прышчэпкі я зрабіла 28 жніўня ў Карэліцкай раённай паліклініцы. Зрабіла па асабістай ініцыятыве. Гэтым хацела абараніць сябе, родных, акружаючых ад каранавіруснай інфекцыі. Тым больш, я абслугоўваю інваліда першай групы.
Мой выбар — гэта мой асабісты выбар. Перад тым, як прыняць канчатковае рашэнне ў гэтым накірунку, прайшла медыцынскае абследаванне ў Карэліцкай раённай паліклініцы. Здароўе дазваляла мне зрабіць прышчэпку ад каранавіруса, і рашэнне было канчатковым.
Колькасць новых захварэўшых на каранавірус з кожным днём павялічваецца, і кожны павінен прыняць рашэнне: зрабіць прышчэпку ці не.
Іван ЛЕЖАНЬ,
намеснік начальніка Карэліцкага РЭСа:
— 4 кастрычніка вакцынавалася 30 нашых работнікаў і тры члена сем’яў. Увогуле, вакцынавалася 57 чалавек з 81 працуючага. Галоўнай прычынай, якой кіраваліся пры правядзенні прышчэпкі ад каранавіруснай інфекцыі, стала тое, што працуем з людзьмі. Яны наведваюць раён электрасетак, і нашы работнікі аказваюць ім паслугі. Прыняць такога роду рашэнне дапамаглі гутаркі на гэтую тэму ў калектыве. Падчас сустрэч вялася размова аб важнасці вакцынацыі на сучасным этапе, захаванні не толькі свайго здароўя, а родных, блізкіх, акружаючых. Трэба выпрацаваць агульны імунітэт супраць гэтай злоснай хваробы. Што датычыць мяне, то вакцынаваўся ў пачатку ліпеня. Адчуваў сябе добра, не было праблем са здароўем.
Жанна КОХАН,
аператар ЭВМ аддзела збыту Карэліцкага РЭСа:
— Я вакцынавалася і планую ў снежні зрабіць рэвакцынацыю (паўторную прышчэпку). Чым кіруюся пры прыняцці дадзенага рашэння? Па-першае, РЭС — першая з арганізацый у раёне, чые работнікі захварэлі на COVІD-19. Да новай хваробы аднесліся з усёй сур’ёзнасцю, карыстаемся засцерагальнымі маскамі і дэзсродкамі.
Калі ж пачалася вакцынацыя, адразу прыняла рашэнне зрабіць прышчэпку. Я працую з людзьмі, у мяне абаненцкае акенца, а наведвальнікі — з усёй рэспублікі. Гэтымі дзеяннямі магу засцерагчы і сябе, і калег, і заказчыкаў. Мяркую, што большасць з нас перахварэе, кожны ў свой час. Але трэба зрабіць прышчэпку, каб выпрацаваць агульны імунітэт.
Іна ЛЕЙКА, Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ