У фондах Мірскага замка захоўваецца крыж-энкалпіён XII стагоддзя
У фондах музея захоўваецца крыж-энкалпіён XII стагоддзя. На вонкавым баку размешчана выява распятага Ісуса Хрыста, на адваротным – Маці Божай, з абодвух бакоў якой прадстаўлены літары MP–ѲY. Гэта першыя і апошнія літары грэчаскіх слоў “Маці Бога”. Зверху крыжа знаходзіцца паўквадратнае мацаванне, якое прызначалася для нашэння энкалпіёна на нітцы ці ланцужку – гайтане.
Крыж-энкалпіён – хрысціянская рэліквія. Гэта нацельны крыж з двума часткамі – створкамі, унутр якіх змяшчаліся частачкі асвечанай прасфоры або мошчы святых, якія павінны абараняць чалавека ад розых напасцяў. Гэта з’яўляецца асабліва важным падчас далёкіх паходаў і падарожжаў. Пры змяшчэнні ў крыж частачкі заліваюцца спецыяльным саставам – васковай масцікай, якая засцерагае іх ад пашкоджання альбо выпадзення.
Музейнаму прадмету “Крыж-энкалпіён” прысвоена катэгорыя значнасці гісторыка-культурнай каштоўнасці “2”.
Па матэрыялах https://www.facebook.com/zamakmir