17 февраля — Международный день спонтанного проявления доброты. Что такое доброта для кореличчан?
17 лютага ў свеце адзначаецца неафіцыйнае свята — Міжнародны дзень спантаннага праяўлення дабрыні. З гэтай нагоды сваімі думкамі дзеляцца карэліччане.
Наталля КАЗАРЭЗ,
старшыня Карэліцкага райкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму:
— Амаль дваццаць гадоў узначальваю Карэліцкі райкам прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, які аб’ядноўвае ў сваіх радах 228 чалавек. Пасада карысная і адказная — стаць патрэбнай усім. Разам адзначаем юбілеі і святы, падтрымліваем адзін аднаго ў бядзе і роспачы. Трэба імкнуцца быць яшчэ больш уважлівымі да старых і малых, працягваць руку дапамогі маючым патрэбу, быць шчодрымі на добрыя ўчынкі. Давайце гаварыць шчырыя словы і дарыць штодзённыя ўсмешкі тым, хто побач.
Людміла ДРУЦЬКА,
валанцёр Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна:
— Я з’яўляюся наведвальнікам Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна і вельмі рада, што тут магу не толькі правесці свой вольны час, але і прынесці карысць людзям. Летась я ўступіла ў рады валанцёраў сярэбранага ўзросту, і маё жыццё стала яшчэ больш насычаным і цікавым. Вязала шкарпэткі і рукавіцы для насельнікаў Лаўрышаўскага манастыра, адзінокіх бабуль з кватэры сумеснага пражывання ў райцэнтры — рознакаляровыя палавічкі пад ногі, а для дзяцей з карэкцыйнага цэнтра — маленькія цацкі-звярушкі.
Наталля ІВАНОВА,
жыхарка райцэнтра:
— Кажуць, што ў наш інфармацыйны час людзі ўсё больш праводзяць свой вольны час у інтэрнэце, аддаліліся адзін ад аднаго. Хачу паспрачацца, бо ва ўсе часы былі і засталіся людзі з чулым сэрцам, якія гатовы прыйсці на дапамогу ў складанай жыццёвай сітуацыі. Гэта ў першую чаргу датычыць суседскіх адносін. Мне ў гэтым пашанцавала: мы сябруем сем’ямі шмат гадоў і падтрымліваем адзін аднаго ў розных жыццёвых сітуацыях. Пра суседскія адносіны ў мяне засталіся цёплыя ўспаміны з дзяцінства, калі жылі з сям’ёй у вёсцы. Аказваецца, каб быць добрым, чулым, спагадлівым, не трэба заканчваць універсітэтаў, а жыць сумленна, не крыўдзіць іншых, любіць іх, як самога сябе.
Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА