У аграгарадку Ярэмічы адбылося свята «Ярэміцкія маскі запрашаюць»

На пляцоўцы каля Ярэміцкага Дома культуры ладзілася свята. Ужо сама яго назва абяцала цікавую сустрэчу з дзівоснымі і любімымі маскамі, якія добра вядомы не толькі карэліччанам, але і гасцям нашага краю. У гэты раз невялікі дождык, які церушыў і не збіраўся спыняцца, не стаў перашкодай для яго правядзення. Асабліва даспадобы свята прыйшлося дзяўчынкам і хлопчыкам — і яны спяшаліся раздзяліць сваю дзіцячую радасць з казачнымі героямі.

Слова для адкрыцця свята прадастаўляецца галоўнаму спецыялісту сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Вользе Гаўрош. Вольга Анатольеўна павіншавала ўсіх з падарожжам у дзівосны казачны свет і выказала ўпэўненасць у тым, што ў прысутных ўзнімецца настрой, і яны атрымаюць цеплыню ад зносін з удзельнікамі свята.

У ярэміцках масак ёсць свая гісторыя, якая пачалася яшчэ ў 80-ыя гады. Пачаткам усяму стала звычайная навагодняя карнавальнач маска. І тут узнікла незвычайная задумка: радаваць аднавяскоўцаў вясёлымі гарэзлівымі маскамі. І цягнецца гэтая гісторыя да цяперашняга часу. Сёлета ярэміцкія маскі запрасілі на сустрэчу, якая праходзіць у чацвёрты раз.

Сапраўды, маскі з’яўляюцца незвычайнымі, і яны ажывалі пад умелымі дзеяннямі выканаўцаў. Трэба было бачыць выступленні членаў народнага аматарскага аб’яднання «Закрытыя твары» Ярэміцкага Дома культуры, каб пераканацца ў гэтым. Яны выконвалі тэатралізаванае прадстаўленне «Лясная казка», «Танец сяброў», і гледачоў радавалі казачныя героі: Дзед, Воўк, Ліса, Мядзведзь, Заяц, Вавёрка, Ёжык. Яны становяцца ў карагод і весела танцуюць. «У сяброў няма выхадных», — перакананы выканаўцы, і з імі тут нельга не пагадзіцца.

У госці да ярэміцкіх гледачоў завіталі ў майскі дзень і члены ўзорнага тэатра гульні роставых лялек «Лялькі для ўсіх» ДУК «Дзятлаўскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці». У гэтага калектыву — дзесяцігадовы юбілей. Увазе прысутных была прадстаўлена юбілейная праграма «З намі свята ў поўны рост!» Дзятлаўчане-артысты перакананы ў тым, што «тэатр — гэта сапраўдны храм, і з яго чалавек выходзіць іншым». Дзетвары дзятлаўскія лялькі вельмі спадабаліся. Яны разам спявалі, танцавалі, фатаграфаваліся, і вочы ў ярэміцкіх дзяўчынак і хлопчыкаў свяціліся ад радасці.

У рэшце рэшт, ярэміччане аказаліся не толькі гасціннымі, але і паказалі творчыя здольнасці, якія прыйшліся на «ўра» і суправаджаліся апладысментамі гледачоў. Прадэманстравалі выканальніцкае майстэрства члены танцавальнага гурта «Задорны каблучок» Ярэміцкай базавай школы, да спадобы гледачам прыйшліся «Танец анёлаў», «Вясна», «Дзеткі-цукерачкі». Работнікі культуры таксама парадавалі: у выкананні Аляксандра Чарапанава і Людмілы Кавалеўскай прагучала гумарыстычная замалёўка «Гаспадары».

Падарылі свае песні выканаўцы ансамбля народнай песні «Вечарынка» аддзела культуры і вольнага часу «Жухавіцкі ДК».

Памятныя падарункі ўручаны кіраўнікам творчых калектываў: Марыі Крэнь («Закрытыя твары», агр. Ярэмічы) і Івану Каско («Лялькі для ўсіх», г. Дзятлава).

На працягу свята працавала дзіцячая пляцоўка, атракцыёны, быў арганізаваны продаж сувенірнай і салодкай прадукцыі.

Слова — удзельнікам свята:

Ганна РУЦ, ветэран працы з 47-гадовым стажам,

жыхарка аграгарадка Ярэмічы:

— «Ярэміцкія маскі» памятаю з першых дзён жыхарства, заўсёды ў захапленні ад работ Марыі Крэнь. А на свята прыйшла, каб пабыць сярод людзей і падтрымаць з імі зносіны. А дзе можна пачуць беларускую музыку, як не тут? Святы патрэбны, на іх прапагандуюць сваё і роднае. Як настаўнік, лічу, што дзяцей трэба да гэтага прывучаць, тут яны як на ўроку возмуць для сябе шмат карыснага і цікавага.

Алена ПРАКОПЧЫК,

ураджэнка вёскі Малая Вобрына Ярэміцкага сельсавета,

жыхарка г. Бярозаўка Лідскага раёна:

— Прыехала на свята з 10-гадовай унучкай Насцяй і 2-гадовай Юляй. Хачу, каб дзяўчынкі з маленства прызвычаіліся да беларускіх традыцый. Выступілі лялькі, і гэта было захапляюча. Я чула пра «Закрытыя твары», але не бачыла іх выступленняў. Сястра Таццяна з унукам і нявесткай былі на Калядных святах і расказвала шмат добрага, і вось мне захацелася паглядзець на творчасць землякоў. Засталася ў захапленні ад ярэміччанан і гасцей.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі ШПАКОЎСКАЙ