Ураджэнец Карэліцкага раёна Ігар Лазарчык: “На Карэліччыне існуе наш “Варанчанскі Луўр”

«Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё з любві,
Нават самая простая ява.»
Яўгенія Янішчыц

Брукаванка – ёсць у ёй нейкая рамантыка, таямніца і адлюстраваныя старонкі пакаленняў. Чаго толькі не адчулі камяні за свой доўгі лёс.

Для любога гаспадара вельмі цяжкай справай было з’ехаць на гружаным возе з Варанчанскай гары ад касцёла да будынка старой школы. Звонка лязгалі падкаваныя капыты па брукаванцы, закелзаны конь адварочваў галаву на бок і адным вокам паглядаў на гаспадара. На кожным каменьчыку па-асабліваму спявалі драўляныя колы, а іх жалезныя абручы дадавалі тонкія ноты ў пераліў гукаў, якія ляцелі па ўсім наваколлі. Кожны выконваў сваю партыю ў гэтым музычным творы: і брукаванка, і рэха, што ішло ад старых дубоў, і цоканне капытоў, і рыпанне воза, супоні, аглобляў, нацягнутых лейцаў. Віртуозным упрыгожваннем былі і паўзы, звязаныя з замаруджаннем хода воза, мой дзед накіроўваў яго на бок брукаванкі, на траву ці глебу і ўладкоўваў паміж спіцамі кола і аглобляй звычайны бярозавы кол і такім чынам сцішаў ход. Толькі пуга ціха ляжала на дне воза, каб у самы непрыемны момант не спалохаць каня. Пад гэту музыку як быццам дыхае гісторыя гэтага месца.
Аднойчы каля старой Варанчанскай крамы, што існавала насупраць былой школы, дзед Аляксей кійком на глебе намаляваў мапу: “Вось Мір, гэта – гасцінец на Наваградак, а гэта – на Баранавічы, тут месцяцца Карэлічы. Калі ад Варончы пайсці праз Літараўшчыну, то там да Цырына і Кайшоўкі рукой падаць. Гэта – камень Філарэтаў. Рэчкі Карчэеўка і Сэрвач сходзяцца ў наваколлі Асташына і Кайшоўкі і бягуць у Нёман. На скрыжаванні шляхоў ляжыць Варонча, хочаш не хочаш, але падарожнік трапіць у гэты куток”. Насамрэч, што толькі ні бачыла Варонча за свой не такі доўгі ў гістарычным сэнсе час. “Вёска-музей” – так называў Варончу Уладзімір Караткевіч у сваём нарысе “Зямля пад белымі крыламі”. Кожны год бываю ў Варончы, дзіцём і падлеткам праводзіў тут вакацыі на хутары Ёлаўка ў майго дзеда і бабулі, але не перастаю дзівіцца гэтым мясцінам, якія даюць моц і любоў да роднага краю, распачатай справы і клічуць да сябе ўбачыць прыгажосць зямлі Беларусі.
У самым цэнтры вёскі стаіць помнік нашым воінам, што аддалі жыццё за нашу з вамі самастойнасць і незалежнасць ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прозвішчы землякоў на шыльдах навечна застануцца для нашых нашчадкаў. На Дзень Перамогі майго дзеда-франтавіка Лазарчыка Аляксея, як заўжды, запрашалі на ўрачыстасць у Варанчанскі сельсавет. Добра памятаю, што пасля віншаванняў мы разам з ветэранамі ішлі да гэтага помніка, успаміналі сяброў, а калі ехалі міма, ён заўсёды незаўважным рухам здымаў кепку.
Як тут усё пераплялося: знакамітыя людзі і простыя сяляне, гісторыя і рэлігія, краіны і трагедыі эпох. Адзін за адным змяняліся ўладальнікі гэтага мястэчка. Ад першага гаспадара берасцейскага ваяводы Стэфана Курчага (17 ст.) мястэчка перайшло да выбітнага палітычнага дзеяча Рэчы Паспалітай Казіміра Несялоўскага. На мяжы 18 і 19 ст. адбываецца росквіт Варончы таго часу: з’явіўся сядзібны дом і былі пабудаваны касцёл Святой Ганны, вінакурня, сыраварня, кузня, млын, нават была сабрана калекцыя зброі, карцін і кніг. Гонарам гаспадароў сярод усёй гэтай экспазіцыі былі слуцкія паясы. Пачалі адбывацца шматлікія імпрэзы наваградскай шляхты. Пазней сядзіба перайшла ў прыватнасць да Кабылінскіх, Мержаеўскіх, потым Любаньскіх і Чарноўскіх. І зараз ганарліва і марудна цягнуцца да неба пасля рэстаўрацыі ў 1995 годзе крыжы і вежы храма. Увесь касцёл пафарбаваны ў светлыя колеры, нібы ўбраны ў белае адзенне, што дадае асаблівую велічнасць будынку пад шатамі старых дубоў і каштанаў – рэшткаў былога парку. З адваротнага боку касцёла ў сцяну замуравана шыльда з імёнамі і фамільнымі гербамі фундатараў узвядзення касцёла. Раней такую сядзібу, акрамя як замак, не называлі. На жаль, замак быў спалены ў 1943 годзе, а касцёльныя муры, нягледзячы на неверагодныя выпрабаванні, выстаялі перад некалькімі наваламі знішчэння. Звяртаецца да гэтых месцаў і Адам Міцкевіч у паэме “Пан Тадэвуш”, падкрэсліваючы веліч замка таго часу:
“Што б Несялоўскі нам сказаў,
які трымае
І зараз мо найлепшыя на свеце зграі
І мае сотні дзве стралкоў,
звычаем панскім,
І сецяў сто вазоў у замку
Варанчанскім…”
Не аднойчы, пасля сакрэтных сустрэч ля камня Філарэтаў, ехалі праз Варончу да Наваградка ўдзельнікі таварыства Філарэтаў: найвыбітнейшы паэт эпохі рамантызму Адам Міцкевіч; паэт, фалькларыст і этнограф Ян Чачот (ахрышчаны ў касцёле Святой Ганны); геолаг, географ, этнолаг, філосаф, знакаміты навукоўца Ігнацій Дамейка; юрыст і журналіст Франц Малеўскі і інш. Тут знайшла свой апошні прытулак і муза ўсяго жыцця Адама Міцкевіча – Марыля Верашчака і яе бацькі. Некропаль у Варончы – гэта мастацкая каштоўнасць і гістарычная рэліквія. Шматлікія помнікі – сапраўдныя творы мастацтва невядомых скульптараў 19-20 стагоддзяў. Адзін з самых уражлівых помнікаў – вялікая скульптура Хрыста, што стаіць на магіле Францішка Верашчакі, брата Марылі Верашчакі. Такія скульптуры яшчэ ёсць на ганках Фарнага касцёла, што ў Гродне, і касцёле Святога Крыжа, што ў Варшаве. З вялікім зачараваннем бясконца можна глядзець як на Джаконду Леанарда да Вінчы, на помнікі-калоны і помнікі з каменнымі крыжамі з італьянскага мармуру. Цікава ўявіць сабе, што схована за масонскімі знакамі, фамільнымі гербамі і выразнымі барэльефамі. Асабліва зачароўвае Варанчанскі анёл – надмагілле, дзе пахаваны Ян Мержаеўскі, адзіны сын Антонія і Ізабэлы. Тут сапраўды існуе наш “Варанчанскі Луўр”. Шмат разоў аглядаў гэты скульптурны ансамбль і кожны раз бачыш яго па-новаму. Тонкія прамяні сонца праз кроны адвечных дрэў, жнівеньскі туман, восеньскае лісце, першы снег дадаюць іншы каларыт экспанатам пад адкрытым небам. За літарамі, шыльдамі, замураванымі і проста побач з помнікамі, агароджамі з каваных ланцугоў і асобым чынам скручаных сталёвых стрыжняў хаваюцца прыватныя гісторыі жыцця, кахання і трагедый, якія касцёльным звонам аб’ядноўваюцца ў адну – гісторыю Варончы, што побач з намі, і гэта наша гісторыка-культурная каштоўнасць.
Мінуўшчына Варончы багатая, старажытная і шматаблічная. Час ідзе, з’яўляюцца новыя гаспадаркі, сядзібы, аграгарадкі, будуюцца дамы, развіваюцца сельгаспрадпрыемствы, з 2006 года дзейнічае царква святой Ефрасінні Полацкай; знікаюць брукаванкі, старыя дрэвы, сыходзяць сведкі мінулых часоў…
Людзей, апантаных родным краем, вёска зачароўвае цішынёй і спакоем, наваколлем і краявідамі, што адчыняюцца з любога пагурка Навагрудскага ўзвышша, старажытнымі дубамі, якія ўвесь час ідуць адной дарогай – да неба. Знайшлі свой прытулак лебедзі на варанчанскай сажалцы, працуе старая вінакурня. Турысты мала ведаюць пра гэты гістарычны куток Беларусі. Прыедуць у Мір, Навагрудак ці Свіцязь, не наведаўшы самае цікавае і аўтэнтычнае. Трэба больш прэзентаваць і такія мястэчкі, якія кранаюць за самае сэрца сваёй гісторыяй і запамінаюцца на ўсё жыццё, з такой простай явы і прыгажосці пачынаецца любоў да роднага краю, яго гісторыі і сучаснаці.
Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстоўвалася інфармацыя сваякоў, з інтэрнэт-крыніц, літаратурных выданняў, асабістыя ўражанні аўтара.

Ігар ЛАЗАРЧЫК,
г. Мінск
Фота аўтара

6
3