Карэліччане расказваюць, дзе яны адпачывалі гэтым летам
Пётр БУЛЯК,
дырэктар ДУА «Райцаўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа»:
— Я па спецыяльнасці географ-біёлаг, і мне цікава вывучаць сваю краіну. У гэтым годзе падарожнічалі разам з жонкай Вольгай. Для экскурсіі выбралі горад Гродна, сядзібу Святаполк-Чацвярцінскіх у г.п. Жалудок Шчучынскага раёна. У г. Масты паглядзелі самы вялікі падвясны мост даўжынёй 193 метры. Адным словам, у Беларусі шмат цікавых мясцін, і іх трэба наведваць.
Святлана САНЦЭВІЧ,
старшыня РА «Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа»:
— Адпачывала разам з сям’ёй на дачы ў бацькоўскай хаце. Непадалёку знаходзяцца возера Свіцязь і багаты на грыбныя і ягадныя мясціны лес. Важна даглядаць бацькоўскую хату, а не кідаць, як гэта, на жаль, некаторыя робяць.
Галіна КАРП,
дырэктар Карэліцкага цэнтра селекцыі і генетыкі РУСП «Гродзенскае племпрадпрыемства»:
— Была на Гомельшчыне, сваёй маленькай радзіме. Пашанцавала ўдвайне: праводзіўся Міжнародны фестываль «Кліч Палесся-2022». Кранула душу выступленне фальклорных калектываў Беларусі, ансамбля «Харошкі», выканаўцаў Гомельскай філармоніі, зносіны з удзельнікамі свята. Сустрэлася з родзічамі, а яшчэ наведала і Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці, у якім таксама жывуць сваякі, — і на душы пацяплела. Па дарозе дамоў, а праехала пяць абласцей Беларусі, не раз адзначала пра сябе: якая наша краіна прыгожая і чыстая.
Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ і з архіва газеты «Полымя»