У скверы Мікалаю Арцюху адбыўся мітынг, прысвечаны Дню народнага адзінства (+відэа)
16 верасня, напярэдадні Дня народнага адзінства, праведзены мітынг з нагоды гэтай знамянальнай даты ў скверы Мікалаю Арцюху ў райцэнтры.
Папярэдне было прынята рашэнне стварыць алею Славы Карэліцкага раёна. На ёй адлюстравана памяць пра людзей працы, тых, хто пакінуў добры след у сацыяльна-эканамічным развіцці раёна ў розныя гістарычныя перыяды. Гэта Герой Савецкага Саюза Уладзімір Зянонавіч Царук, Героі Сацыялістычнай Працы Вольга Лукінічна Калоша, Надзея Сцяпанаўна Трускоўская, Ева Раманаўна Карачан, Яфім Іванавіч Фаменка, Тамара Уладзіміраўна Чубрык, Яўгенія Іосіфаўна Юшко, Аляксандр Міхайлавіч Мокат, Таццяна Рыгораўна Арда.
На мітынгу прысутнічала Таццяна Рыгораўна Арда. Вось радкі яе біяграфіі: з 1955 года — палявод калгаса імя Чапаева, з 1959 года — даярка, з 1979 па 1992 год — брыгадзір фермы маладняку буйной рагатай жывёлы племзавода «Карэлічы». Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1966 годзе за поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павялічэнне вытворчасці і нарыхтоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі.
У сваёй прамове Таццяна Рыгораўна Дзень народнага адзінства назвала святам патрыятызму, які сімвалізуе згуртаванасць нашай краіны і дабрабыт народа. Яна пераканана, што беларусы павінны жыць, як моцная сям’я, і дапамагаць адзін аднаму. Прамоўца даражыць малой радзімай і выказала словы ўдзячнасці раённай уладзе за падтрымку і клопат. Пажадала ўсім міру, дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні.
Слова трымае старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў:
— Паважаныя прысутныя!
Нас усіх аб’ядноўвае любоў да нашай Радзімы – Беларусі – краіны, якую ў баях і ў працы захавалі нашы продкі. Прытрымліваючыся слаўных гераічных традыцый, сёння беларускі народ, дзякуючы стойкасці і мужнасці старэйшага пакалення, мае магчымасць жыць у міры і згодзе, плённа працаваць на карысць сваёй краіны, ганарыцца сваімі дасягненнямі і тысячагадовай спадчынай.
Устанаўленне Дня народнага адзінства 17 верасня падкрэслівае пераемнасць пакаленняў, непахіснасць і самадастатковасць беларускай нацыі і дзяржаўнасці.
Дзень 17 верасня 1939 года стаў актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавору.
Больш за 100 гадоў таму, 18 сакавіка 1921 года, быў заключаны Рыжскі мірны дагавор паміж РСФСР і Украінай з аднаго боку і Польшчай – з другога, без удзелу дэлегацыі Беларусі. Рыжскі мір — вынік савецка-польскай вайны 1919-1921 гадоў. Польшча не прызнавала паўнамоцтвы дэлегацыі ССРБ, якая прысутнічала ў Рызе. Кіраўніцтвам ССРБ было прынята рашэнне аб даручэнні дэлегацыі РСФСР прадстаўляць інтарэсы Беларусі на перамовах. Па выніках дагавора да Польшчы адышла значная частка тэрыторыі Беларусі. Граніца з Польшчай прайшла за 30 кіламетраў на захад ад Мінска. За ССРБ захавалася толькі 6 раёнаў Мінскай губерні.
Беларускі народ апынуўся ў дзвюх дзяржавах. Палова этнічнай тэрыторыі Беларусі супраць волі беларускага народа была ўключана ў склад Польшчы. Насельніцтва Заходняй Беларусі падвергнулася гвалтоўнай паланізацыі і асіміляцыі.
Тэрыторыя цяперашняй Заходняй Беларусі, па сутнасці, была для палякаў толькі правінцыйнай Усходняй ускраінай, дзе можна было атрымаць танную працоўную сілу, не ўкладваючы грошы ў адукацыю і сацыяльныя праекты.
Польская палітыка асіміляцыі зводзілася да трыяды: мясцовае насельніцтва павінна было думаць па-польску, вучыцца па-польску і ў духу польскай дзяржаўнасці. Панавала меркаванне аб беларусах як аб «пасіўнай масе» без «уласных дзяржаўных традыцый».
На працягу амаль двух дзесяцігоддзяў беларускае насельніцтва заходне-беларускага краю вяло ўпартую барацьбу супраць чужой польскай улады, адстойваючы тэрытарыяльнае, нацыянальнае, духоўнае і культурнае аб’яднанне беларускага народа.
У нацыянальна-вызваленчым руху Заходняй Беларусі ад Польшчы ўдзельнічалі і многія жыхары Карэліцкага раёна. Сярод іх — Мікалай Арцюх, Уладзімір Царук, Павел Жалезняковіч.
Карэлічане шануюць памяць аб слаўных земляках, якія служылі Айчыне, якія не баяліся аддаць жыццё ў імя адзінства беларускага народа. Іх імёны назаўсёды ўвекавечаны ў назвах вуліц, сельскагаспадарчых арганізацый.
Адноўленае ў 1939-м адзінства дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць ганаровае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць сузаснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
За ўсе гэтыя гады нашай краінай пройдзены велізарны шлях развіцця, вынікі гэтага працэсу можа адчуць кожны жыхар нашай краіны. І сёння наша агульная Радзіма — свабодная і квітнеючая Беларусь.
Аблічча і інфраструктура нашых населеных пунктаў змяніліся ў разы. Гэта не толькі знешні выгляд, але і стварэнне камфортных умоў для жыцця беларусаў.
Вялікі ўклад у развіццё любімай краіны ўнеслі і жыхары Карэліцкага раёна. Наша зямля ўзгадавала цэлую плеяду знакамітых імёнаў, вядомых не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Гэтыя людзі — прыклад самаахвярнага служэння Радзіме і любові да роднага краю.
Сёння ў такі ўрачысты дзень, адкрываючы Алею Славы Карэліцкага раёна, мы шануем уклад у развіццё не толькі раёна, але і велізарнай краіны пад назвай Савецкі Саюз, Героя Савецкага Саюза Царука Уладзіміра Зянонавіча, Герояў Сацыялістычнай Працы Арды Таццяны Рыгораўны, Трускаўскай Надзеі Сцяпанаўны, Карачан Евы Раманаўны, Фаменка Яфіма Іванавіча, Чубрык Тамары Уладзіміраўны, Юшко Яўгеніі Іосіфаўны, Моката Аляксандра Міхайлавіча, Калоша Вольгі Лукінічны.
Сёння мы з асаблівым гонарам і павагай выказваем словы падзякі людзям, чые імёны занесены ў Кнігу Славы Карэліцкага раёна, Гродзеншчыны, лаўрэатам Дзяржаўных прэмій СССР. Сёння тут прысутнічаюць Шклярж Ганна Канстанцінаўна, Нагорная Лідзія Іосіфаўна, Калтунова Галіна Паўлаўна, Яроцкая Ларыса Васільеўна. Гэтыя людзі сваёй самаадданай працай унеслі значны ўклад у развіццё нашага раёна. Іх жыццё і працоўныя заслугі з’яўляюцца яркім прыкладам для маладога пакалення.
Сучасная Рэспубліка Беларусь упэўнена ідзе ўласным шляхам развіцця. І сёння ў нас ёсць галоўнае – мірная, стабільная, прыгожая і незалежная краіна. Ёсць гісторыя, якой мы ганарымся, багатая культурная, духоўная спадчына, традыцыі. Закладам паспяховага развіцця нашай краіны з’яўляецца адзінства народа. Людзі, падзеі і традыцыі — усё, што нас аб’ядноўвае.
З Днём народнага адзінства вас, карэліччане!
Ад усёй душы жадаю дабрабыту і шчасця ў кожнай хаце, невычэрпнай энергіі і дабра, стабільнасці і поспехаў на карысць роднай Рэспублікі Беларусь!
У гэты дзень былі ўшанаваны таксама нашы землякі, якія заслугоўваюць слоў прызнання: настаўнік біялогіі УА «Дзяржаўная гімназія № 1 г.п. Карэлічы» Ганна Канстанцінаўна Шклярж, старшыня раённага Савета дэпутатаў з 15-гадовым працоўным стажам Лідзія Іосіфаўна Нагорная, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Галіна Паўлаўна Калтунова, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Ларыса Васільеўна Яроцкая.
Да мікрафона запрашаецца Галіна Паўлаўна Калтунова, чыё імя занесена ў Кнігу Славы Карэліцкага раёна. «Хачу звярнуцца з удзячнасцю да кіраўніцтва раёна за тое, што вы прадаўжаеце каштоўнейшую традыцыю: ушаноўваеце працаўнікоў Карэліцкай зямлі. Адкрыццё алеі — гэта не проста мерапрыемства, а гэта праяўленне памяці аб тых, хто сваёй працай праславіў і праслаўляе родны край. Гэта ўрок мудрасці для сучаснага маладога пакалення, урок, які дапаможа ім пры вызначэнні ў жыцці», — адзначыла прамоўца. Разам з тым Галіна Паўлаўна выказала свае адносіны да Дня народнага адзінства, а любоў да Радзімы — вершаванымі радкамі:
Душы маёй зачараванне,
Мой край Карэліцкі, адзіны,
Жыве тут рэдкі дух яднання
Любві, адданасці Айчыне.
Прыйшлі павіншаваць і выхаванцы сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы. Маленькія таленты сцвярджалі, «што чалавек застанецца загадкай, што не ў сілах яе разгадаць»; «усё створана працай чалавека, і за гэта яму гонар і слава»; «без працы шчасця не бывае». Зычылі ўсім спаўнення мараў і зямных даброт.
У гэты дзень карэліччане аддалі даніну памяці земляку, удзельніку рэвалюцыйнага руху, сакратару Карэліцкага падпольнага райкама Камуністычнага Саюза моладзі Заходняй Беларусі Мікалаю Пятровічу Арцюху. Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі і вянкі да помніка.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота і відэа Сяргея СТОЛЯРА