«Старая граніца» у Станькава ўразіла лукскіх школьнікаў
У рамках Года гістарычнай памяці на асенніх канікулах навучэнцы чацвертага і шостага класаў ДУА «Лукская сярэдняя школа» наведалі ваенна-гістарычны комплекс «Старая граніца» у Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці, у чатырох кіламетрах ад пас. Станькава і ў 50 км. ад г. Мінска.
Ваенна-гістарычны комплекс «Старая граніца» прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Комплекс з’яўляецца філіялам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і больш дзесяці гадоў уваходзіць у лік знакавых аб’ектаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, прысвечаных падзеям вайны.
У час змястоўнай экскурсіі рабяты пазнаёміліся з гісторыяй старой савецка-польскай граніцы, даведаліся аб гісторыі ўзвядзення Мінскага ўмацаванага раёна, вывучылі цікавыя дэталі стварэння Заходняй пагранічнай акругі, у склад якой былі ўключаны пагранічныя войскі, размешчаныя на тэрыторыі Беларусі.
Экспазіцыя комплекса «Старая граніца» уключае 38 адзінак наземнай ваеннай тэхнікі і марскога ўзбраення часоў Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага часу, якая размешчана на 7,2 га. Тэхніка, выстаўленая пад адкрытым небам уздоўж сцяжынкі з двух бакоў, сустракае кожнага наведвальніка і суправаджае яго па ўсяму ходу экскурсійннага маршрута. Гэта танкі «Т-34 » , «Т-85» , «ІС- 2», «ІС-3 » , самаходныя ўстаноўкі «СУ-100» , «ІСУ-152 » і аўтамабілі «ЗІС-5», «ГАЗ—АА» і г.д. На тэрыторыі комплекса размешчаны трохамбразурны пулямётны ДОТ Мінскага ўмацаванага раёна.
На абшырнай тэрыторыі комплекса адноўлена пагранічная застава ўзору1920–1930 гадоў, якая ўяўляе сабой шэраг бярвенчатых збудаванняў: казарму, камендатуру, таможню і канюшню 16-га Дзяржынскага пагранатрада. Адноўлены да драбнейшых падрабязнасцей антураж экспазіцыі казармы дазволіў рабятам наглядна вывучыць быт першых савецкіх пагранічнікаў. Экскурсанты хоць і не паляжалі, але пасядзелі на двухъярусных ваенных ложках , а таксама пасядзелі за агульным абедзенным сталом. Шкада толькі, што ваеннай кашы ў металічных місках не аказалася.
Асаблівую цікавсць у навучэнцаў выклікалі акопы і два старэнькія паравозы ваенных часоў. Ні толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі аблазілі іх уздоўж і папярок. Даведаліся, як уладкаваны земляныя ўкрыцці, адчулі магутнасць і памеры чыгуначнай тэхнікі.
Экскурсія ў комплекс «Старая граніца» стала для ўсіх рабят захапляльным, незабыўным падарожжам у гісторыю развіцця аховы дзяржаўнай граніцы і ў часы вайны. Сама тэрыторыя музея адкрытага тыпу і экспанаты пагрузілі дзяцей у атмасферу ваеннага часу. Кожны змог уявіць сябя ўнутры тых страшных падзей, адчуць сябя абаронцам Радзімы і аддаць даніну памяці і павагі неўміручаму подзвігу народа.
Класны кіраўнік 6 класа Тананка Ларыса Вікенцьеўна