Вучаніца 11 класа ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай” Яна Філончык стала ўладальніцай дыплома трэцяй ступені абласнога конкурсу даследчых работ “Крыштальная Альфа-2022”
Вучаніца 11 класа ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай” Яна Філончык стала ўладальніцай дыплома трэцяй ступені абласнога конкурсу даследчых работ навучэнцаў “Крыштальная Альфа-2022”.
З 1 па 4 лістапада на базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі праходзіў абласны конкурс даследчых работ “Крыштальная Альфа-2022”. У аргкамітэт было прадстаўлена 431 даследаванне па 19 вучэбных прадметах і ўпершыню ў гісторыі конкурсу – па напрамках сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Па выніках рэцэнзавання да абароны было дапушчана 255 работ. Дыпломамі ўзнагароджаны 120 аўтараў.
Даказаць свой пункт гледжання, прадстаўлены ў даследаванні, удзельнікі маглі і ў ходзе дыскусіі, адказваючы на пытанні журы. Па выніках працы вызначаны пераможцы ў кожнай секцыі. Карэліцкі раён у конкурсе прадстаўляла вучаніца 11 класа ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай“ Яна Філончык з работай “Культура татарскай дыяспары мястэчка Мір”, якая стала ўладальніцай дыплома трэцяй ступені. Аб унікальнасці прадстаўленага матэрыялу расказалі канкурсантка і яе навуковы кіраўнік настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алена Смольская.
Яна Філончык гаворыць:
– Раней я ўвогуле нічога не ведала пра жыццё татараў на тэрыторыі г.п. Мір. Цікавасць узнікла з часам. Я з’яўляюся экскурсаводам школьнага музея, і агучвала метавіта той матэрыял, які змяшчае звесткі пра татараў. Мне стала цікава, і захацелася больш даведацца пра быт і культурныя традыцыі народа, які жыў побач з беларусамі на працягу доўгіх гадоў. А папрацаваўшы над матэрыяламі па заяўленай тэме, яшчэ раз упэўнілася, што татары нечым адрозніваюцца ад карэннага насельніцтва, а ў нечым назіраецца падабенства.
Алена Смольская дадае:
– Работу над працай пачалі ў 2019 годзе. За гэты час вывучылі мноства літаратурных крыніц, апытвалі людзей татарскай нацыянальнасці, якія зараз пражываюць на тэрыторыі гарадскога пасёлка (іх на сёння тут 8 чалавек), прысутнічалі падчас прыгатавання нацыянальных страў, распытвалі пра нацыянальныя абрады, апрацоўвалі матэрыялы, узятыя з інтэрнэт-рэсурсаў. На самой справе культура татараў Міра даследавана мала. Толькі ў некалькіх крыніцах можна знайсці небагаты матэрыял, таму абраная тэма актуальная. І толькі дзякуючы магчымасці распытаць жывых інфарматараў дасягнулі пэўнага плёну ў працы. Адна з задач даследавання – паказаць узаемаўплыў татарскай і беларускай культур. Так, напрыклад, у ходзе працы нам удалося пераканацца, што татары – выдатныя агароднікі, і ў гэтай справе яны маглі паспрыяць беларусам. Мы праводзілі гастранамічныя паралелі паміж нацыянальнымі кухнямі і высветлілі, што адметныя стравы татараў не мелі сваіх адпаведнікаў у беларускай кухні. А вось у святах і абрадах знайшлі падабенства. Так, напрыклад, яны на вяселлях спявалі беларускія песні, таму што, на жаль, татарская мова ў нас забытая. А яшчэ на вяселлях, як і беларусы, абсыпалі маладых зернем, штучна стваралі розныя перашкоды для іх. І ў абрадзе пахавання таксама ёсць штосьці агульнае. Нават па адной з версій назва нашага пасёлка паходзіць ад прозвішча аднаго з татарскіх кіраўнікоў Эміра. Мірум у перакладзе з лацінскай мовы азначае цуд. І гэта сапраўдны цуд. Тут мірна ўжываліся людзі розных нацыянальнасцей, і мы таксама можам даць урок усяму свету, як трэба весці культурны дыялог паміж нацыямі.
Вучні нашай школы заўсёды прымаюць удзел у конкурсах рознага ўзроўню. Гэта не першая перамога ў навукова-даследчых канферэнцыях. Але асабіста для мяне, як кіраўніка, удзел і перамога ў “Крыштальнай Альфе” – гэта яшчэ адно прафесійнае дасягненне.
Кацярына КУКАНАВА
Фота Іны Лейкі