Сотрудники ГАИ и журналист «Полымя» выясняли, как автовладельцы проходят техосмотр
Тэхагляд – важная працэдура, якую ні ў якім разе ігнараваць нельга. Ці прытрымліваюцца такога меркавання ў райцэнтры, даведаліся, адправіўшыся ў чарговы рэйд разам з супрацоўнікамі ДАІ.
Асноўная мэта сённяшняга рэйду – прыцягненне ўвагі аўтаўладальнікаў да ўтрымання сваіх транспартных сродкаў у тэхнічна спраўным стане. Другая, не менш важная мэта – узмацненне кантролю супрацоўнікамі ДАІ за правіламі праезду пешаходных пераходаў. Пад кантролем інспектараў былі і паводзіны пешаходаў на «зебры».
Наш сумесны рэйд пачаўся ў 11 гадзін. Каля Карэліцкага камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва прыпаркаваліся. Супрацоўнікі ДАІ пачалі работу. У пятніцу ў Карэлічах працуе рынак, таму месца аказалася дастаткова ажыўленым, значыць верагоднасць спыніць парушальніка высокая.
Ужо праз некалькі хвілін патрульныя спынілі першага вадзіцеля, аўтамабіль якога не быў правераны на наяўнасць тэхнічных няспраўнасцяў. Пры гэтым варта сказаць, што знешні стан машыны добры. Аднак заўсёды ёсць рызыка не заўважыць ўнутраную паломку, таму любы транспарт перыядычна трэба правяраць. Аўтамабілем кіраваў сталы чалавек. Паколькі раней ён не прыцягваўся да адказнасці за непраходжанне тэхагляду, на гэты раз інспектары выпісалі папярэджанне. У адказ мужчына абяцаў у бліжэйшы час прайсці працэдуру.
Наступнаму парушальніку пашанцавала менш, у чым ён вінаваты сам. Вадзіцеля затрымалі ў гэтым годзе другі раз, вуснае папярэджанне не матывавала яго праверыць свой аўтамабіль, таму мужчына панясе адказнасць і заплаціць штраф да трох базавых велічынь.
Яшчэ двум аўтаўладальнікам было вынесена папярэджанне за адсутнасць допуску аўтамабіля да руху, а адзін з кіроўцаў атрымаў папярэджанне за таніраванне задняга бакавога шкла машыны. Правіламі гэта забаронена.
Супрацоўнікі ДАІ выбарачна спыняюць аўтамабілі, правяраюць дакументы і, пераканаўшыся ў іх адпаведнасці, жадаюць вадзіцелям шчаслівай дарогі.
За ўвесь час нашага паўтарагадзіннага рэйду было спынена больш за 15 аўтамабіляў, працэдуру тэхагляду не прайшлі чацвёра ўладальнікаў аўто. Па словах інспектараў, бываюць выпадкі, калі парушальнікі просяць дараваць ім, тлумачачы адсутнасць тэхагляду недахопам часу. Але “дараваць» інспектар мае права толькі адзін раз, а калі чалавек не хоча выпраўляцца і працягвае парушаць, то нясе за гэта адказнасць. Што датычыць праезду пешаходных пераходаў, то тут было без парушэнняў. Пешаходы таксама аказаліся законапаслухмянымі.
З сумеснай паездкі карэспандэнта з інспектарамі ДАІ відаць: большасць вадзіцеляў усё ж такі адказна падышлі да праходжання працэдуры тэхагляду. Аднак засталіся і тыя, хто па нейкіх прычынах пакуль не можа гэтага зрабіць. Будзем спадзявацца, што час знойдзецца ў кожнага аўтаўладальніка і парушальнікаў стане менш.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара