Падарункі па кітайскай тэхналогіі
Ці магчыма зрабіць запамінальны падарунак, пры гэтым не патраціўшы значную грашовую суму ці не валодаючы нейкім адмысловым майстэрствам і навыкамі? Многія скажуць, што не. Але жыхарка аграгарадка Жухавічы Марыя Мікалаеўна Пікта сцвярджае: няма нічога немагчымага. З дапамогай кавалка звычайных шпалер і самае галоўнае – цярпення можна ўласнымі рукамі зрабіць выдатны і запамінальны падарунак. І не проста падарунак, а сапраўдны маленькі шэдэўр, які зойме годнае месца ў доме будучага гаспадара.
– Ствараць папяровыя вазы па тэхніцы модульнага арыгамі я пачала 6 гадоў таму, калі ляжала ў гродзенскай бальніцы, – успамінае жанчына. – Суседка па палаце распавяла пра сваё захапленне і паказала на газетнай старонцы, як робяцца модулі. Для адной вазы трэба не менш 380 трохкутнікаў. Самае галоўнае – выбраць шпалеры не гладкія, а шурпатыя. Сваю першую вазу я зрабіла з вінілавых шпалер, яны вельмі слізкія, таму маё тварэнне проста развалілася ў руках.
За шэсць гадоў Марыя Мікалаеўна зрабіла рукатворныя падарункі амаль усім сваім родным і блізкім. Папяровыя вазы стаяць у кожным пакоі вялікага дома сям’і Пікта. У зялёным пакоі – зялёная ваза, у блакітным – блакітная, у ружовым – ружовая.
Модульнае арыгамі – займальны спосаб стварэння аб’ёмных фігур, які з’явіўся ўпершыню ў Кітаі і заснаваны на зборцы розных фігур з вялікай колькасці аднолькавых модуляў. Модулі бываюць розных відаў, аднак звычайна выкарыстоўваецца класічны варыянт – трохкутныя. Вырабляюцца яны па пэўных правілах, якія дазваляюць злучаць іх шляхам укладання аднаго ў другі. Сіла трэння не дазваляе модулям распадацца, робячы агульную канструкцыю трывалай, і, у той жа час, гнуткай і пругкай. Каб атрымаць класічны трохкутны модуль, неабходна разрэзаць ліст А4 на 32 роўныя часткі. Зрабіць гэта можна, метадычна згінаючы ліст напалову, і разразаючы яго па лініі згібу канцылярскім ці любым іншым востра навостраным нажом.
Цярпенне – гэта галоўнае для таго, каб зрабіць такую вялікую масу модуляў і яго спатрэбіцца не мала. Але ў той жа час неабавязкова рабіць усе модулі адразу. Можна расцягнуць працэс на некалькі дзён ці тыдняў. Галоўны памочнік Марыі Мікалаеўны – яе муж Аляксандр Мікалаевіч. На ім ляжыць абавязак расчарціць папяровае палатно на роўныя квадраты і разрэзаць. Разам працаваць больш эфектыўна. Але Марыя Мікалаеўна не адкладвае творчыя справы ў доўгую скрыню: на стварэнне папяровай вазы яна затрачвае два дні.
– Калі я бяруся за справу, вельмі хочацца хутчэй яе завяршыць, убачыць, што атрымалася, – кажа майстрыха, – таму магу складаць модулі і да двух ночы. Балазе, вольнага часу цяпер шмат.
Марыя Мікалаеўна ўсё жыццё працавала тэхнікам-асемянатарам спачатку ў Воранаўскім, а пазней у Карэліцкім раёне. Першага мая мінулага года выйшла на заслужаны адпачынак і займаецца тым, да чаго ляжыць душа. Разводзіць кветкі, іх у доме каля 10 відаў, а ў двары не злічыць, шые і вяжа.
– На пенсіі жыццё толькі пачынаецца, – упэўнена Марыя Мікалаеўна, – трэба толькі прыняць свой узрост і раскрыць усе яго магчымасці.
Іна ЛЕЙКА.
Фота аўтара.