В Кореличском районе рыбаки продолжают выходить на тонкий лед и рисковать жизнью
— Старажытны азарт здабытчыка гоніць мужчын на рыбалку, — любіць казаць адзін мой знаёмы. Пэўна, гэты ж самы азарт вымушае аматараў зімовай рыбалкі выходзіць на лёд, нягледзячы на тое, што з кожным цёплым днём знаходзіцца там усё больш небяспечна.
З 28 лістапада мінулага года дзейнічае рашэнне Карэліцкага райвыканкама “Аб мерах бяспекі на лёдзе”, згодна з якім забаронены выхад на лёд, калі яго таўшчыня менш за 7 сантыметраў, а таксама ў перыяд яго інтэнсіўнага раставання і разбурэння. Аб гэтым аматараў зімовай рыбалкі неаднаразова папярэджвалі, але ўсё роўна знаходзяцца тыя, хто любіць рызыкаваць. Карэліцкай раённай арганізацыяй таварыства выратавання на водах сумесна з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях пастаянна праводзяцца прафілактычныя рэйды. Па словах старшыні раённага таварыства выратавання на водах Аляксандра Кандрусіка, за два месяца гэтага года сумесна з РАНС было праведзена 38 рэйдаў, падчас якіх спецыялісты тлумачылі рыбакам, што яны павінны быць у выратавальных камізэльках і мець з сабой вяроўку. Выратавальнікі расказваюць аб правільных дзяннях пры аказанні дапамогі чалавеку, які праваліўся пад лёд.
І ў гэты раз, праводзячы рэйд на возеры Юбілейным у райцэнтры, выратавальнікі сустрэлі адзінокага рыбака. Мужчына кажа, што рыбалка дапамагае яму адпачыць, а таму ён не мог прапусціць гэтую традыцыю. Аматару падлёднага лову было вынесена папярэджанне.
Неабходна разумець, што заклапочанасць выратавальнікаў не выпадковая. Бестурботнасць на нямоцным лёдзе можа прывесці да гібелі. Так, напрыклад, у лютым гэтага года ў Брэсцкай вобласці загінулі двое маленькіх дзетак, а праз некалькі дзён у Гомельскай вобласці з ледзяной пасткі выратавалі непаўналетняга хлопчыка.
Аляксандр Кандрусік нагадвае, што надзейны лёд — празрысты, з зеленаватым адценнем, таўшчыня якога не менш за сем сантыметраў. Калі па лёдзе перамяшчаецца група людзей, то неабходна прытрымлівацца небяспечнай дыстанцыі.
Сяргей СТОЛЯР