Бруд, шалупінне і разабраны ровар. Супрацоўнікі Карэліцкага РАНС пабывалі ў «нядобрых» дамах Мірскага сельвыканкама

Прафілактычныя рэйды, якія праводзяцца супрацоўнікамі МНС, маюць на мэце забяспечыць бяспеку грамадзян, якія самі аб сваёй бяспецы не клапоцяцца. Кожны раз выратавальнікі нагадваюць жыхарам аб тым, што паліць у ложку небяспечна, недакуркі павінны выкідвацца ў металічную банку, печ павінна быць атынкаванай і пабеленай, а пажарны апавяшчальнік — вісець на столі альбо на сцяне і працаваць. І кожны раз на чарговым рэйдзе супрацоўнікі аддзела знаходзяць недахопы.

Падчас рэйду па населеных пунктах Мірскага сельвыканкама выратавальнікі ў чарговы раз звярталі ўвагу грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, што менавіта яны самі адказваюць за сваю ўласную бяспеку.

Па першым адрасе супрацоўнікаў РАНС сустрэў сапраўдны бардак: на падлозе — шчыльны слой пылу і бруду, на канапе — скінутыя ў кучу анучы, якія некалі былі адзеннем і бялізнай. На пытанне выратавальнікаў аб паленні, гаспадар адказвае, што паліць толькі на вуліцы, але прызнаецца, што не грэбуе выпіць. Як кажа сам мужчына, “для апетыту”. Пасля ўважлівага агляду бруднай столі начальнік Карэліцкага РАНС Дзяніс Стадольнік заўважае, што пажарны апавяшчальнік адсутнічае.

— Пастарайцеся набыць прыбор, — раіць ён. — Апавяшчальнік недарагі, але можа выратаваць самае дарагое, што ў вас ёсць — ваша жыццё.

З гаспадаром праведзена прафілактычная гутарка. У адказ ён кажа, што правілы пажарнай бяспекі ведае і стараецца іх выконваць.

Па наступным адрасе карціна яшчэ горшая. Пасярод пакоя — сапраўдны сметнік, у цэнтры якога разабраны ровар. На канапе — шалупінне ад семак, пад канапай — пустыя бутэлькі з-пад алкаголю і пустыя пачкі цыгарэт. Аднаго позірку на печку хапае, каб зразумець, што яна даўно патрабуе рамонту — чорная пляма ад сажы ўздымаецца амаль да самай столі.

Да нядбайных гаспадароў, якія мала клапоцяцца аб сваёй бяспецы, ужытыя меры адміністрацыйнага характару. Калі казаць па-простаму, то інспектары выпісалі ім штрафы.

Начальнік Карэліцкага РАНС Дзяніс Стадольнік нагадвае, што пячное ацяпленне павінна быць у спраўным стане, абавязкова атынкавана і пабелена. Перад дзверцамі печкі павінен ляжаць перадтопачны жалезны ліст. Попел неабходна выносіць толькі ў металічным вядры.

Сяргей СТОЛЯР

Фота прадастаўлена Карэліцкім РАНС

1