Начальнік Карэліцкага РАУС Аляксей Гаўрош: «Захаду мала інфармацыйнай вайны, якую ён вось ужо некалькі гадоў вядзе супраць Беларусі, таму ў ход ідуць тэракты»

СКАЗАНА

«Найвышэйшы ўзровень знешніх пагроз для Беларусі вымушае нас звярнуць самую пільную ўвагу і на пагрозы ўнутраныя. Тым больш што гэта — звёны аднаго ланцуга. Актуальнасць тэмы нарады адлюстроўваюць апошнія зводкі. У агульных рысах сітуацыю вы ведаеце. Але расслабляцца, як я заўсёды кажу, не час. Днямі ў Гродне быў нейтралізаваны закінуты да нас замежны тэрарыст», — сказаў Прэзідэнт.

21 сакавіка 2023 года, Аляксандр Лукашэнка на вялікай нарадзе з сілавым блокам краіны.

— Захаду мала інфармацыйнай вайны, якую ён вось ужо некалькі гадоў вядзе супраць Беларусі, таму ў ход ідуць тэракты, — адзначае начальнік Карэліцкага РАУС Аляксей Гаўрош. — Спроба падрыву самалёта ў аэрапорце пад Мінскам, падрыхтоўка серыі дыверсій у Гродзенскай вобласці. І гэта толькі за некалькі дзён. Таму Прэзідэнт папярэджвае не толькі праваахоўнікаў, але і кожнага беларуса: «Расслабляцца не час». Усё яшчэ свежыя ў памяці падзеі жніўня 2020 года і спроба дзяржаўнага перавароту ў нашай краіне. Збеглыя і іх куратары за мяжой усё яшчэ спадзяюцца на рэванш і чакаюць зручнага моманту, каб захапіць уладу.

Акрамя таго, Прэзідэнт асаблівую ўвагу надаў такой тэме, як хатні гвалт у дачыненні да жанчын, дзяцей і пенсіянераў. Гэта самыя ўразлівыя слаі насельніцтва, якія ў меншай ступені могуць сябе абараніць. І для гэтага ёсць дзяржава ў асобе праваахоўнікаў і кожнага неабыякавага члена грамадства: суседа, калегі, проста прахожага. Нельга праходзіць міма чужой бяды.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз нагадаў сілавікам аб такой катэгорыі, як раней судзімыя беспрацоўныя грамадзяне. Менавіта яны патэнцыйныя правапарушальнікі і злачынцы, таму так важна дапамагчы ім пачаць новае жыццё: знайсці жыллё, працу, магчыма, аднавіць дакументы. У нашым раёне колькасць такіх грамадзян, на шчасце, не павялічваецца: маладое пакаленне менш схільнае да асацыяльнага ладу жыцця, а тыя, хто пабываў у месцах не вельмі аддаленых, імкнуцца жыць па-новаму. Напрыклад, нядаўна ў наш аддзел прыходзіў умоўна-датэрмінова вызвалены мужчына, які адбываў пакаранне за крадзяжы. Цяпер ён жыве ў Мінску, працуе, мае жыллё, кажа, што больш не пойдзе па крывой дарожцы. Калі бачыш такія гісторыі, разумееш, што працуеш недарма.

Іна ЛЕЙКА

Фота з архіва рэдакцыі