Цырульнік Карэліцкага УКП БАН Маргарыта Буцкевіч – сапраўдны творца і стваральнік індывідуальнага вобраза
Аб прафесіі цырульніка ведалі яшчэ нашы старажытныя продкі. У розныя часы і ў розных краінах прадстаўнікі гэтай прафесіі называліся па-рознаму. Акрамя стрыжкі і ўкладкі валасоў, яны займаліся галеннем, манікюрам, а нярэдка выконвалі няхітрыя медыцынскія працэдуры. У наш час спецыялізацыя цырульнікаў звузілася – цяпер яны займаюцца пераважна прычоскамі. Гэтая прафесія была і будзе жыццёва неабходнай, таму што ў кожным з нас закладзена імкненне да прыгажосці і догляду за сабой.
Стаць цырульнікам было самай запаветнай марай Маргарыты Буцкевіч. Яна лічыць, што цырульнік – гэта творца і стваральнік індывідуальнага вобраза, памочнік у раскрыцці душы чалавека і яго свету. Яна заўсёды з вялікім задавальненнем рабіла прычоскі сяброўкам і лялькам. І ёй удалося ажыццявіць мару. Атрымаўшы дакумент аб адукацыі, праз пэўны час яна стала кваліфікаваным спецыялістам, майстрам-універсалам.
– Маё дзяцінства і юнацтва прайшло ў г.п. Мір. Жаданне навучыцца майстэрству стрыжкі і прычоскі з’явілася ў мяне яшчэ ў дзіцячым узросце. Скончыўшы навучальную ўстанову, атрымала прафесійную адукацыю ў Баранавіцкім прафесійна-тэхнічным каледжы сферы абслугоўвання па спецыяльнасці цырульнік-візажыст. Вучыцца было цікава. Стрыглі нажніцамі, электрычнай машынкай, рабілі прычоскі, завіўкі, навучаліся асновам афарбоўвання. Першымі мадэлямі былі сяброўкі і знаёмыя. Адразу пасля вучобы з 2008 года набіралася вопыту працуючы ў цырульні “Гламур”, а з 2013 года стала працаваць ва УКП БАН, – расказвае майстар і працягвае: – Я апынулася ў цудоўным калектыве сярод добрых, спагадлівых работнікаў. Праца наша нялёгкая, але гэта творчая прафесія. Мы кожны дзень ствараем новыя вобразы. Асноўная мэта работы – кліент павінен застацца задаволеным. Неабходна пастрыгчы наведвальніка так, каб ён пайшоў са шчаслівай усмешкай і наступны раз прыйшоў за пазітыўнымі эмоцыямі. У нейкай меры мы з’яўляемся і псіхолагамі. Некаторыя людзі ў працэсе стрыжкі пачынаюць гутарку. У гэтым выпадку складаем гаваркім наведвальнікам кампанію. А калі да нас прыводзяць маленьніх дзяцей, якія не маюць ніякага жадання стрыгчыся, то даводзіцца браць на сябе ролю і выхавальніка, і дарадцы.
У кожнай прафесіі ёсць свае тонкасці і нюансы. Цырульную справу можна назваць відам мастацтва. Стыль, прыгажосць, шарм — гэтыя і мноства іншых эпітэтаў можна прымацаваць да выніку працы майстра. А яшчэ неабходна адзначыць, што, акрамя акультурвання вонкавага аблічча, стрыжка паляпшае кровазабеспячэнне галавы, “абнаўляе” чалавека, ды і проста дорыць добры настрой. Нездарма псіхолагі кажуць, што, калі ў вас дэпрэсія – займіцеся пакупкамі або схадзіце ў цырульню.
Але, акрамя працы, у Маргарыты ёсць яшчэ і сям’я – муж Дзмітрый, які працуе на ААТ “Карэлічы-Лён”, трынаццацігадовы сын Раман і дзевяцігадовая дачушка Мілана.
– Даць адукацыю, выхаваць дзяцей – гэта вельмі адказная ноша. І я стараюся зрабіць усё, каб дзеці выраслі разумнымі, адукаванымі і ні ў чым не мелі патрэбы. Праца сёння, вядома, займае вялікае месца, – трэба жыць, гадаваць дзетак, але гэта прыемныя клопаты, яны наша будучыня. У працоўнай дзейнасці кіруюся адным прынцыпам: галоўнае, каб наведвальнік сказаў мне “дзякуй” і на твары ў яго была ўсмешка. Калі гэтыя пастулаты выкананы, то значыць сваю справу я зрабіла добра. У наш няпросты час хочацца, каб людзі часцей усміхаліся, — такімі словамі скончыла гутарку сціплая, абаяльная суразмоўніца.
Я не абмежавалася асабістым аповедам гераіні апавядання і пацікавілася ў яе калегі Ганны Логіш, што яна думае аб працаўніку, якога многія карэліччане ведаюць у твар. І вось што яна сказала:
– Адразу відаць, што наша Маргарыта любіць сваю работу. Яна з усмешкай сустракае наведвальнікаў, ветлівая, заўсёды знаходзіць агульную мову з кліентамі. Усе, хто трапляе ў крэсла цырульніка, розныя, і да кожнага неабходна знайсці свой падыход. Я ведаю некаторых жыхароў райцэнтра, якія прыходзяць рабіць стрыжку менавіта да гэтага майстра, а гэта пацвярджае высокі ўзровень яе прафесіяналізму і майстэрства. Яна выдатны суразмоўца, заўсёды дапаможа і акажа падтрымку ў вырашэнні нейкіх праблем. Маладая жанчына карыстаецца павагай, яна кампетэнтная ў многіх пытаннях. Я вельмі рада, што мы члены адной каманды.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара