Механизатор Александр Хиневич более 13 лет работает в системе мелиорации

Штогод у першую нядзелю чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаюць меліяратары — людзі, дзякуючы працы якіх ажыццяўляецца кардынальнае акультурванне і адраджэнне зямель. Перад імі стаіць важная задача — захаваць усе камунікацыі і каналы, акультурыць і адрадзіць землі для ўключэння іх у севазварот. Меліяратары імкнуцца стварыць спрыяльныя ўмовы не толькі для чалавека, які апрацоўвае зямлю, але і для насельнікаў флоры і фауны.

Вынікам дзейнасці меліяратараў з’яўляецца развіццё сельскай гаспадаркі: забяспечваюцца больш стабільныя ўраджаі сельскагаспадарчых культур, рацыянальна выкарыстоўваецца зямельны фонд, ствараецца трывалая кармавая база для жывёлагадоўлі.

Гэтымі днямі на мяжы Карэліцкага і Баранавіцкага раёнаў кіпіць праца: тры экскаватары сваімі жалезнымі рукамі падымаюць груды зямлі. Каля дарогі стаіць мясцовы жыхар, цікавіцца, што тут робяць, мяркуе, што чысцяць возера. Мужчына распавядае, што калісьці на другім баку дарогі было возера, у якім купаліся дзеці і вадзіліся шчупакі.
З кабіны новага трактара «LOVOL FR220D» выходзіць механізатар Аляксандр Хіневіч, пра якога начальнік Карэліцкага ўчастка Дзятлаўскага ПМС Васіль Баўдзей адгукаўся як пра добрага і дасведчанага працаўніка.

— Я мясцовы, нарадзіўся і вырас у вёсцы Уша, — распавядае пра сябе Аляксандр. — Пабываў усюды: у Маскве, Санкт-Пецярбурзе, але ўсё роўна вярнуўся на радзіму.
Калі Аляксандр яшчэ працаваў у жухавіцкім калгасе і вучыўся ў Гродзенскім ДТСААФ, маладога чалавека і яго аднагодка прызвалі служыць у Афганістан, дзе Аляксандр кіраваў БТРам і быў наводчыкам буйнакалібернага танкавага кулямёта Уладзімірава. Аднак пра гэты перыяд у сваім жыцці мужчына ўспамінае неахвотна:
— Ганарыцца ці хваліцца тут няма чым. Вайна ёсць вайна.

Пасля войска Аляксандр вярнуўся працаваць у калгас. Пасля пераезду ў райцэнтр перавёўся на працу ў Карэліцкую сельгастэхніку. Праз нейкі час перайшоў працаваць на Карэліцкі ўчастак Дзятлаўскага ПМС, дзе шчыруе ўжо амаль 13 гадоў.

— Праца меліяратара мне падабаецца, — кажа мужчына. — Інакш мяне тут не было б. Мы выконваем вельмі вялікі аб’ём разнастайнай працы. Напрыклад, цяпер вядзецца выбарка зямлі вакол возера, каб вада асела і можна было працаваць далей. Да гэтага зрабілі захаванне выкарчаваных хмызняку і дрэў — праз некалькі гадоў яны стануць добрым угнаеннем. Праца не надакучвае, яна разнастайная: то чысцім каналы, то нешта выкопваем, то наадварот, закопваем. А галоўнае, што нашы намаганні прыносяць карысць — вычышчаныя землі будуць выкарыстаны па прызначэнні, не зарастуць пустазеллем.

Аляксандр прызнаецца, што імкнецца добра выконваць сваю працу, але не зацыкліваецца толькі на ёй. Калі вяртаецца з працы, шчыруе па гаспадарцы, удзяляе час сям’і і сябрам. Блізкія становяцца спосабам адпачыць пасля цяжкага працоўнага дня:

— Спрабую надаць увагу ўсім членам сям’і: і жонцы, і дзецям, і ўнукам. Стараюся нікога не пакрыўдзіць: і на працы пастарацца, і дома нешта зрабіць. Не ведаю, як гэта — жыць і нешта адно рабіць. Не атрымліваецца так.

Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара