Жители Кореличчины рассказывают о значении Дня Независимости
Што азначае для Вас Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь?
Віталій ШЭЎКА,
Ганаровы ветэран, жыхар г.п. Карэлічы:
— Аб’яўленне 3 ліпеня святам — Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — з’яўляецца справядлівым і гістарычна апраўданым. Гэты дзень звязаны з вызваленнем Мінска (нашай сталіцы) ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Заўсёды сустракаю яго з пачуццём гонару за сваю Беларусь і з чаканнем новых поспехаў у яе развіцці, а таксама — умацаванні братэрскіх сувязяў з Расіяй і іншымі краінамі садружнасці. Для мяне 3 ліпеня — гэта дзень братэрства і адзінства народаў былога Савецкага Саюза, дзень стойкасці і мужнасці.
Са святам, дарагія землякі!
Ларыса КУЗЬМІЧ,
дырэктар установы культуры «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей»:
— Дзень Незалежнасці — гэтае свята па праву з’яўляецца адным з самых дарагіх у жыцці нашага народа. Яно выклікае найвышэйшы духоўны пад’ём і яднанне ўсіх, хто ўшаноўвае слаўную гісторыю сваёй Радзімы і верыць у яе дастойную будучыню. Для мяне Дзень Незалежнасці — бязмежнае, блакітнае мірнае неба і ўраджайныя залатыя нівы, шчаслівыя твары беларусаў, звонкі дзіцячы смех.
3 ліпеня — сімвал міру і стабільнасці, мужнасці і гераізму, пераемнасць пакаленняў, павага да традыцый, якія дазваляюць зберагчы і памножыць усё добрае і каштоўнае, што назапашана старэйшымі пакаленнямі дзеля будучага. У гэты дзень кожны з нас глыбока ўсведамляе і разумее, што з’яўляецца часткай незалежнай і суверэннай дзяржавы.
Міру, дабра, росквіту і дабрабыту нашай роднай краіне, Беларусі!
Яраслава МАНКЕВІЧ,
студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы:
— Дзень Незалежнасці для мяне — вялікае свята. Гэты дзень сімвалізуе вызваленне нашай краіны і набыццё ёю самастойнасці, дазваляе па-сапраўднаму ганарыцца дасягненнямі сваёй краіны. Адлюстроўвае наступленне эпохі незалежнасці і свабоды, нагадвае аб гераічных учынках нашых продкаў. Дзякуючы гэтаму ў нас ёсць здольнасць самастойна кіраваць сваім будучым і прымаць уласныя рашэнні. Для мяне Дзень Незалежнасці — галоўнае нацыянальнае свята, якое з’яўляецца адлюстраваннем нашай гісторыі і сведчыць аб дасягненнях і каштоўнасцях нацыі і задае тэндэнцыю для далейшага развіцця нашай краіны.
Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ і Яраславы МАНКЕВІЧ