О том, что такое настоящая любовь и как ее сохранить через десятилетия: история кореличской семьи Евтуховских
Новая рубрыка на старонках “Полымя” пад назвай “Нашы людзі. Гісторыі сапраўднага кахання” накіравана на тое, каб звярнуць увагу чытачоў на выратавальную сілу кахання, на каштоўнасці сям’і, якія сёння спрабуюць знішчыць на Захадзе, легалізуючы аднаполыя шлюбы, прапагандуючы сярод непаўналетніх раннія палавыя зносіны, распуснасць, свабоду кахання (што вядзе да росту дзяцей-сірот), замахваючыся гэтым самым на векавыя маральныя асновы. Вядзецца планамерная спроба вынішчыць ва ўсведамленні маладога пакалення разуменне, што менавіта ад сям’і ідуць парасткі чалавечай годнасці, духоўнасці, шчасця, творчасці, моцу дзяржавы. Менавіта сям’і адведзена галоўная функцыя: выхаванне дзяцей, а, як вядома, выхоўваючы дзяцей, бацькі фарміруюць будучую гісторыю нашай краіны, яе лёс, а значыць — і гісторыю свету. Нездарма ж гаворыцца: “Моцная сям’я — моцная дзяржава”.
Маладым людзям важна памятаць і разумець, што стварэнне яе — гэта не забаўляльнае аднаразовае мерапрыемства, а вельмі складаная і адказнейшая работа на працягу ўсяго жыцця, і шчасце сям’і трымаецца на сапраўдным вялікім каханні, прыгожая мелодыя якога ствараецца і чорнымі, і белымі клавішамі разам. Такая рэалія. І каб жыццесцвярджальная мелодыя сямейнага ладу і шчасця не давала збояў, заўсёды сагравала, ратавала, гаіла душэўныя раны, сонечным промнікам свяціла скрозь усе горычы, пакуты, няўдачы і клопаты, неабходна ведаць: калі ў моцную сям’ю раптам прыходзіць бяда, там не кажуць: “Гэта з-за цябе!”, там гавораць: “Я з табою!”.
Рэдакцыя спадзяецца, што новая рубрыка выкліча зацікаўленасць у вас, паважаныя чытачы, і вы падкажаце нам адрасы гісторый аб Яго Вялікасці Сапраўдным Каханні. Адкрываем жа рубрыку гісторыяй кахання цудоўнейшых людзей — Ніны Іванаўны і Пятра Міхайлавіча Еўтухоўскіх, жыхароў г.п. Карэлічы, сямейны саюз якіх налічвае 51 год. І ніжэй прыведзеныя словы – гэта, на маю думку, пра іх…
Все проблемы кажутся
ничтожными,
Если тот, кто важен,
просто скажет:
“Мы с тобой пройдем
любые сложности.
Я люблю тебя.
Сильнее жизни даже…»
Мария КУТКАР.
Спакон веку шчасце сваё чалавек маляваў прыкладна так: прыгожы дагледжаны дом, моцная гаспадарка, лад у сямейных адносінах, залатыя дзеці, згода з суседзямі, гасціннасць, сумленнасць, дабрыня. Стаіць сняданак на стале, гаспадар на чале яго, гаспадыня ўвіхаецца, аздабляючы пачатак дня ўсмешкай, звіняць радасныя дзіцячыя галасы… Сёння такое бачанне не змянілася, толькі, можа, складаней стала адшукаць Дом, кожны куточак якога асветлены пяшчотай і ўзаемаразуменнем паміж гаспадарамі, мацярынскім клопатам і каханнем, вернасцю і адданасцю сямейнаму ачагу. У Карэлічах ёсць такі Дом. Шчасце звіло ў ім сваё гняздзечка на доўгія гады…
Ён, самы прыгожы хлопец на ўсю акругу, сваю палавінку, аб якой марыў, сустрэў на вясковых танцах, калі прыйшоў з арміі ў водпуск. Танцы ў далёкія 60-ыя гады пад гармонік ды барабан былі цэнтрам культуры і для моладзі, і для старэйшага пакалення. Пасля работы сюды беглі жанчыны, і ад іх вока не скрыць было нічога: бачылі ўсё і адразу ж давалі характарыстыку дзяўчатам ды хлопцам. Гэта былі свайго роду агледзіны, тут выбіралі будучую нявестку і зяця, тут жаніхаліся. Не толькі ён заўважыў у натоўпе дзяўчат тоненькую, як сцяблінка, сінявокую дзяўчыну з касой да пояса, але і яго дасціпная маці, якая, падабраўшы момант, шапнула сыну: “Сынок, звярні ўвагу на прыгажуню з доўгай касой, паглядзі, як роўненька трымаюцца швы на панчохах, відаць, добрай гаспадыняй будзе”. Усміхнуўся малады салдат, запрасіў сінявокую каралеўну на танец, а потым асмеліўся правесці яе дадому, дазнаўся, што завуць Нінай, што вучыцца яна ў інстытуце, будзе настаўніцай матэматыкі і фізікі. Але водпуск канчаўся, і ён па сваёй сціпласці не вырашыўся напісаць ёй пісьмо, хоць сэрца ўжо трызніла блакітнымі вачыма. Вярнуўся з войска ў родны калгас і пайшоў працаваць па набытай да арміі прафесіі — ветфельчарам. Ехаў Пётр аднойчы конна на любімай Сіўцы па вёсцы Руткавічы, дзе жыла Ніна, у думках спадзяючыся: раптам убачу! Убачыў! Пачалі сустракацца, і праз два гады пажаніліся. Надоўга запомнілі госці іх вяселле: зранку, як ехалі распісвацца ў Карэліцкі ЗАГС, ззяла сонца, трашчаў мароз, а вечарам усхадзілася такая завея, што затрымала гасцей на 5 дзён, і ўсе гэтыя дні звінела вяселле! Шчасліва спявала па хаце маці Пятра, надта ж даспадобы прыйшлася нявестка, якая потым будзе любіць і шанаваць свякруху, як родную матулю. Старая паспела перадаць ёй сваю жыццёвую мудрасць, а сыну перад смерцю казала: “Шануй Ніначку, сынок, яна харошая, май галаву на плячах, любі, цані, беражы, будзь апорай для сям’і”.
Жыццёвыя выпрабаванні
Магчыма, мудрасць гэтая потым і дапамагла, калі першыя выпрабаванні абрынуліся на іх шчасце. Праз чатыры гады пасля вяселля захварэў Пётр. У душы Ніны Іванаўны да гэтай пары жыве жудасны страх, калі чакала канца аперацыі, шаптала малітвы, дазнаўшыся ад хірурга, што не прыходзіць каханы да памяці пасля наркозу. Чаканне перад дзвярыма аперацыйнага блока цягнулася 7 гадзін, а ёй здавалася — вечнасць! І не было большага шчасця, як даведацца, што жывы, што будзе жыць! Два месяцы потым дзяліла жанчына на перыяды: днём на рабоце ў школе, потым — бягом дадому да маленькіх дачушак Марынкі і Ніначкі, а ноччу — на аўтобус, і ў Гродна, да яго! Там, у палаце, некалькі гадзін ля каханага, а пад раніцу — ізноў на аўтобусе ў Карэлічы! Днём — урокі ў школе, пасля — дом, гаспадарка, дачушкі. Каб не дапамога старэйшай сястры Зіны, не ведае, ці вытрымала б… Як радавалася Ніна, калі муж вярнуўся дамоў! І не важна, што яшчэ нямоглы, 5 гадоў прабудзе на групе, што нельга яму падымаць нават нязначны цяжар, што на завочную вучобу ў Віцебскі ветэрынарны інстытут трэба было суправаджаць самой, галоўнае — яны зноў разам! “Усё будзе добра!” — штодзень паўтарала маладая жанчына. А ў Бога прасіла (дарэчы, вера ў лёсе Ніны Іванаўны займае не апошняе месца): “Дапамажы, пашлі нам сілы, абарані ад хваробы!”. Хвароба адступіла, радасці прыбавіла таксама тое, што ў хуткім часе пераехалі ў свой дом, куплены ў Карэлічах, кожны куточак якога з часам будзе прыведзены ў парадак і ўпрыгожаны іх рукамі, які і сёння выклікае захапленне зайздроснай дагледжанасцю, мноствам кветак. Не раз дзівіўся Пётр, адкуль у яго любімай столькі сілы духу і мужнасці, адно разумеў: яе каханне выратавала яму жыццё.
А праз 16 гадоў ужо Пятру Міхайлавічу прыйшлося сваёй вернасцю і каханнем дапамагчы Ніне Іванаўне перанесці трагедыю, стаць на ногі, вярнуцца да нармальнага жыцця. Справа ў тым, што ў яго адсутнасць (знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Германіі два месяцы) яна вырашыла абрэзаць красавіцкім днём грушу ў сваім садзе і ўпала з верхатуры. У раённай бальніцы хірург вынес страшны прысуд: пашкоджанне пазваночніка. Пацягнуліся складанейшыя тры месяцы поўнай нерухомасці. Колькі слёз выплакала Ніна Іванаўна ўпотай! Шкадавала дачушак, якім так патрэбна была яе падтрымка! Марына, студэнтка-другакурсніца, рыхтавалася да летняй сесіі, Ніна здавала выпускныя экзамены ў школе, наперадзе — паступленне ў ВНУ. Асабліва цяжка было Ніначцы, дзіця ж яшчэ, а прыйшлося выконваць дарослыя абавязкі па доме, прымаць самастойныя рашэнні: садзіць агарод, варыць есці, займацца хатнімі справамі, апарадкоўваць вялікую машыну дроў, прывезеных з гарпаліва. Марынка пры першай магчымасці імчалася з Мінска на дапамогу сястрычцы, штодзень наведвалі любімую мамачку, расказвалі ёй вясёлыя гісторыі, каб узняць настрой. Выйшаўшы ж з бальніцы, давалі волю слязам… У гэты непамерна цяжкі перыяд дзяўчынкі праявілі зусім не дзіцячыя мужнасць і стойкасць духу, запазычаныя ад бацькоў: мы павінны справіцца! Выратавальнай была і дапамога суседзяў Сагірашвілі Серафімы Міхайлаўны і Георгія Васільевіча, атачыўшых Ніну клопатам, як сапраўдныя бабуля і дзядуля. У агародных справах здорава дапамагала Зоя Андрэеўна Барыскіна, за што ім па сённяшні дзень удзячна сям’я Еўтухоўскіх. Не пакінулі ў бядзе і аднакласнікі, кінуліся на дапамогу, не адразу даведаўшыся аб дамашняй трагедыі Ніны. Яна проста хавала яе, не хацела, каб гэта было ўспрынята як прычына для паблажлівасці пры здачы экзаменаў.
Тату вырашылі таксама нічога не гаварыць, а ён адчуваў, што дома нешта не тое, бо як ні патэлефануе, дачушка Ніна адказвае: “Мамы няма, на курсы паслалі.” У другі раз чуўся адказ, што пайшла да суседзяў альбо ў магазін ці затрымоўваецца на педсавеце, бацькоўскім сходзе. Толькі на вакзале, вярнуўшыся з ГДР, убачыўшы, што сустракаюць яго толькі дочкі, адчуў непамерны боль сэрца: з любімай бяда! Дарозе ад Мінска да Карэліч, здавалася, не было канца — хутчэй бы ўбачыць яе! Адразу ж, не заходзячы ў хату, пабег у бальніцу. Ніна Іванаўна сустрэла мужа не панікай, не слязьмі, усміхалася, бо ён не павінен бачыць яе няшчаснай. І немач пачала адступаць: клопаты медперсаналу, сям’і, радасць ад таго, што Ніначка стала студэнткай, гаючая пяшчота мужа, дачок, прынеслі свае вынікі: яна пачала паціхеньку вучыцца хадзіць, вярнулася ў свой утульны дом, у якім усе дамашнія клопаты ён прыняў на свае плечы, бо менавіта Ніна Іванаўна папярэднім жыццём навучыла яго вялікай мудрасці і ўменню ўзводзіць каханне на п’едэстал вернасці, самаадданасці і самаахвярнасці.
І восень можа быць цяплей за лета…
Неўзаметку бяжыць час. Засталіся за плячыма гады бездакорнай працы, якая прынесла Пятру Міхайлавічу і Ніне Іванаўне заслужаныя аўтарытэт і павагу: Ніна Іванаўна 30 гадоў аддала выхаванню падрастаючага пакалення, спачатку ў якасці настаўніцы матэматыкі Палужскай базавай школы, потым узначальваючы 13 гадоў Палужскі дзіцячы садок. Пётр Міхайлавіч больш за 30 гадоў кіраваў ветэрынарнай службай у племзаводзе “Карэлічы”. Яны як ніхто ведаюць цану шчасця, цану жыцця, бясконца любяць неверагодных у сваіх чалавечых якасцях дачок, зяцёў, трох унучак, ганарацца імі, радуюцца, што змаглі перадаць ім галоўнейшыя духоўныя каштоўнасці: адданасць сям’і, дому, вернасць, сумленнасць, сціпласць, паважлівасць, працавітасць. Марына Пятроўна жыве і працуе эканамістам у Мінску, муж Аляксандр — выкладчык ВНУ. Іх дачка ў гэтым годзе скончыла ліцэй, паступае ва ўніверсітэт. Ніна Пятроўна — завуч Карэліцкай СШ № 1, муж Пётр — работнік Дэпартамента аховы. Іх старэйшая дачка Ганна скончыла БДУ, працуе хімікам на фармацэўтычным прадпрыемстве, малодшая Анжаліка, залатая медалістка Карэліцкай СШ № 1, пасля заканчэння эканамічнага ўніверсітэта працуе ў сферы лагістыкі. На выхадныя і ў святы ўсе збіраюцца ў бацькоўскім доме, які з’яўляецца для іх святым месцам, дзе кожны куточак асветлены Спагадай, Любоўю, Еднасцю Сэрцаў Ніны Іванаўны і Пятра Міхайлавіча, сваім жыццём даказаўшых, што і восень можа быць цяплей за лета, калі душа ў каханне адзета. Іх любяць суседзі, паважаюць у пасёлку. А самай каштоўнай рэччу ў сям’і Еўтухоўскіх лічаць дыплом Пятра Міхайлавіча аб заканчэнні Віцебскага ветінстытута. “Дыплом на дваіх” любоўна называюць яны сіненькую кніжачку, бо на сесіі ездзіла Ніна Іванаўна разам з хворым тады мужам усе 5 гадоў, каб не адчуваў ён маральнага дыскамфорту. Вось такая простая жыццёвая гісторыя. Гісторыя сапраўднага кахання.
Галіна КАЛТУНОВА