В Кореличском районе живет последний чемпион СССР по бодибилдингу
Вам калі-небудзь хацелася кінуць усё і пачаць новае жыццё? І часам людзі развітваюцца з камфортным гарадскім жыццём і з’язджаюць далей ад цывілізацыі, ніколькі пра гэта не шкадуючы. Такі шлях выбраў і апошні чэмпіён СССР па бодзібілдынгу Кірыл Дубкоў, які больш за дзесяць гадоў жыве ў вёсцы Горная Рута Красненскага сельсавета.
Спаборніцкая кар’ера па бодзібілдынгу Кірыла доўжылася тры гады: з 1989 па 1992 год. Але, нягледзячы на невялікі вопыт, ён здолеў узяць першынства на чэмпіянаце СССР 1991 года.
Пасля паспяховага завяршэння кар’еры спартсмен знайшоў сваю нішу. У мужчыны быў уласны бізнес па продажы спартыўных трэнажораў. Таксама некаторы час ён займаў пасаду старшыні Беларускай федэрацыі бодзібілдынгу і фітнесу. Але дзесяць гадоў таму жыццё Кірыла Дубкова кардынальна змянілася.
Пакінуўшы статус бізнесмена і славу былога спартсмена, вырашыў з’ехаць з горада і акунуцца ў звычайны вясковы побыт. У кожным чалавеку закладзена жаданне жыць на прыродзе, лічыць ён. Калі яно падмацоўваецца імкненнем да ўдасканалення асяроддзя пражывання, здаровага ладу жыцця, то людзі рашаюцца на пераезд. А як сцвярджае герой аповеду, гэта была змена светапогляду, таму што ранейшы жыццёвы ўклад перастаў прыносіць радасць.
– Рана ці позна ў чалавека мяняюцца погляды. Раптам пачынаеш разумець, што ідзеш не зусім тым шляхам. Напэўна, ёсць нейкія сілы, якія дапамагаюць чалавеку выбраць правільную дарогу. Я лічу, што такая задача мне пастаўлена, і я павінен яе рэалізаваць, – разважае Кірыл Аляксандравіч.
Сёння частку хутарскога жыцця былы культурыст прысвячае рабоце з дрэвам, і такая праца заўсёды прыносіць задавальненне.
– Я, мае сябры – мы ўсе аднадумцы. Кожны займаецца рамесніцкай дзейнасцю, таму вырашылі аб’яднаць парыў душы і сэрца: пабудаваць на тэрыторыі былой местачковай школы спартыўны комплекс «Лазальны свет» для ўсіх вясковых і прыезжых дзяцей. Пачынаючы з вясны, збіраемся разам кожную нядзелю і будуем. Пры гэтым атрымліваем вялікае задавальненне, бо жыццё напоўнена цудоўнымі імгненнямі, – расказвае суразмоўца.
Аналізуючы размову з гэтым цікавым чалавекам, прыйшла да высновы, што такія людзі існуюць па прынцыпах узаемадапамогі і добрасуседскіх адносін, дапамагаюць адзін аднаму, жывуць сацыяльна насычаным жыццём, адраджаюць рамёствы і народныя звычаі, добра ставяцца да прыроды. У іх няма мэты рабіць усё хутка. Прынцып такі: не працаваць як загнаны конь, а ствараць у задавальненне і на агульную карысць.
Павароты лёсу, якія здарыліся з Кірылам Дубковым, кажуць нам пра тое, што шчасце для кожнага чалавека вызначаецца па-рознаму. Адны мараць аб раскошным жыцці, а іншыя — аб душэўным спакоі і адзінстве з прыродай.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара