В Кореличском районе ранее судимым гражданам предложили работу

У Карэліцкім  РАУС прайшло  прафілактычнае  мерапрыемства “Ярмарка вакансій” з асобамі, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі.

— Аказанне дапамогі грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай адаптацыі, з’яўляецца адной з асноўных задач крымінальна-выканаўчага заканадаўства, — кажа старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі  Карэліцкага  РАУС  Алег Кулак.  — Мы разумеем, што ім складана  і часта немагчыма самастойна працаўладкавацца, таму сумесна са службай занятасці  спрабуем аказаць ім у гэтым дапамогу. Сёння ў раёне   каля сарака грамадзян, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі  і   нідзе не працуюць.  На мерапрыемства  былі запрошаны  і з’явіліся  дваццаць  чалавек гэтай катэгорыі, і ўсім ім мы прапануем шанс працаўладкавацца і змяніць сваё жыццё.

Перад прысутнымі выступіла  суддзя Карэліцкага суда Ірына Каско, якая  пазнаёміла  з новым палажэннем Закона па пытаннях прымусовага лячэння і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі, якія ўступяць у сілу  з 26 студзеня 2024 года. Згодна з новымі схемамі працэдура накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый значна спросціцца. Ірына Васільеўна падкрэсліла:

— Таксама новаўвядзеннямі ў закон вызначаны больш строгі парадак ізаляцыі асоб, якія пакутуюць  ад наркатычнай залежнасці. Цяпер грамадзяне, якія звярнуліся або паступілі ў арганізацыі аховы здароўя з атручваннем, выкліканым спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, атрымаюць афіцыйнае папярэджанне аб накіраванні ў ЛПП ужо пасля першага падобнага факту. Другі зварот на працягу года пасля такога папярэджання ў медустанову для аказання дапамогі ў сувязі з атручваннем, выкліканым дурманам, пацягне медыцынскі агляд і накіраванне матэрыялаў у суд.

Суддзя таксама нагадала аб адказнасці за няяўку ў суд або  РАУС па паведамленні.

Спецыяліст  аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы,  занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама  Кацярына Чыжык у форме індывідуальнай гутаркі кожнаму з прысутных   прапанавала магчымыя варыянты працаўладкавання, якія адпавядаюць іх навыкам і кваліфікацыі.

Псіхолаг ЦСАН Карэліцкага раёна Алена Акулік расказала  пра  віды падтрымкі і дапамогі, якія  можна атрымаць  пры звароце ў  Цэнтр.

Настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы агр. Турэц, іерэй Андрэй Абрамовіч адзначыў, што ў кожнага чалавека заўсёды ёсць шанс усё выправіць  і кожны павінен абавязкова выкарыстаць яго.

Хочацца спадзявацца, што праведзеная сустрэча знойдзе водгук у свядомасці раней судзімых асоб і прымусіць іх стаць на шлях выпраўлення, не дапусціць здзяйснення новых злачынстваў.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара