Сацыяльна-эканамічныя і культурныя пераўтварэнні Карэліцкага раёна за гады савецкай улады. Першыя пасляваенныя гады
З 1921 г. па 1939 г. Карэліцкі раён знаходзіўся ў складзе Польскай дзяржавы. На тэрыторыі, што сёння ўваходзіць у Карэліцкі раён, існавала толькі некалькі невялікіх прадпрыемстваў. Гэта лесапільны завод у Вялікім Полі, што ў Турэцкай гміне, на якім у канцы 20-х гадоў працавала ад 30 да 40 рабочых, лесапільны завод у Міры. У мірскім маёнтку князя М. Святаполка-Мірскага дзейнічаў вінакурны завод (бровар), на якім у гэты ж час было занята ад 40 да 50 рабочых. Вінакурны завод у Варончы належаў памешчыку І. Любанскаму. У Варончы працавала саматужная прадзільня і часальня воўны. На тэрыторыі раёна дзейнічала некалькі вадзяных млыноў.
Аснову эканомікі ваяводства складала сельская гаспадарка. Захоўвалася буйное памешчыцкае землеўладанне. Тысячы гектараў зямлі мелі князь М. Святаполк-Мірскі, графы Л. Путкамер, І. Кашчыц, графіня М. Патоцкая, памешчыкі К. Юндзіл, М. Тукала.
Першага верасня 1939 г. гітлераўская Германія напала на Польшчу, пачалася Другая сусветная вайна. 17 верасня войскі Чырвонай арміі перайшлі граніцу і ў той жа дзень занялі Мір і Карэлічы, потым Гродна, Брэст. Жыхары вёсак і мястэчкаў кветкамі, хлебам і соллю сустракалі савецкія войскі.
У першыя дні вызвалення на сходах жыхароў былі выбраны органы новай улады – сельскія і валасныя сялянскія камітэты. На тэрыторыі сучаснага Карэліцкага раёна валасныя камітэты дзейнічалі ў Міры, Карэлічах, Турцы, Цырыне, Жухавічах і Райцы.
У кастрычніку сялянскія камітэты падзялілі памешчыцкую зямлю і інвентар паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі. Ствараліся першыя калгасы.
Уводзіўся новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. 4 снежня 1939 г. былі створаны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская вобласці Беларускай ССР. 15 студзеня 1940 г. — сельскія раёны, а ў лютым–красавіку 1940 г. – сельсаветы.
У складзе Баранавіцкай вобласці замест 8 паветаў стваралася 26 раёнаў, сярод іх Валеўкаўскі і Мірскі. 25 лістапада 1940 г. цэнтр раёна з в. Валеўка быў перанесены ў м. Карэлічы. Карэліцкі раён быў падзелены на 14 сельсаветаў, Мірскі – на 12.
24 сакавіка 1940 г. адбыліся выбары ў Вярхоўныя Саветы СССР і БССР ад заходніх абласцей Беларусі. Дэпутатамі Вярхоўнага Савета БССР ад Баранавіцкай вобласці сярод іншых былі выбраны Ф.І. Ласко (Валеўкаўская акруга), Людміла Андрэеўна Гаўрыловіч (Мірская акруга).
15 снежня 1940 г. прайшлі выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных. Кандыдатамі ў дэпутаты Мірскага раённага Савета былі вылучаны намеснік старшыні калгаса імя 17 Верасня Алена Васільеўна Куневіч, старшыня калгаса «1-га Мая» Ушанскага сельсавета Уладзімір Іосіфавіч Штыцько, былы член КПЗБ, дырэктар млына П.А. Жалезняковіч, які 13 гадоў прасядзеў у польскіх турмах за палітычную дзейнасць. У Карэліцкім раёне калгаснікі калгаса «1-га Мая” вылучылі кандыдатамі ў дэпутаты абласнога Савета па Карэліцкай выбарчай акрузе № 21 старшыню калгаса Гладкага Івана Фёдаравіча, кандыдатам у раённы Савет – калгасніцу М. Марчук.
Пачатак сацыялістычным пераўтварэнням у эканоміцы паклала нацыяналізацыя прамысловасці і банкаў. У першай палове 1940 г. былі нацыяналізаваны ўсе буйныя і сярэднія гандлёвыя ўстановы.
У сельскай гаспадарцы пасля канфіскацыі памешчыцкіх зямель і падзелу іх паміж малазямельнымі сялянамі партыйныя і савецкія органы накіравалі намаганні на арганізацыю кааперацыі ў вёсцы.
Вясной 1940 г. сяляне Валеўкаўскага і Мірскага раёнаў пачалі аб’ядноўвацца ў калгасы. Так, больш як 200 сялян в. Беражна Мірскага раёна прасілі дапамогі ў стварэнні сельгасарцелі. У Карэліцкім раёне былі створаны калгасы: імя Варашылава ў в. Варонча, “Бальшавік” у в. Асташын, «1-е Мая” ў вёсцы Кайшоўка, імя Молатава ў вёсцы Кальчычы, “Ленінскі шлях” у вёсцы Ятра, імя Молатава ў вёсцы Новае Сяло, “Сцяг Леніна” ў вёсцы Лукі, імя Кірава ў вёсцы Пагарэлка, утвараліся калгасы ў іншых вёсках. Утварэнне калгасаў выклікала супраціўленне часткі сялян, асабліва заможных. Вялася антыкалгасная агітацыя. Супраць іх прымяняліся рэпрэсіўныя сродкі. Аднак у цэлым барацьба супраць калгасаў на тэрыторыі Карэліцкага і Мірскага раёнаў не прыняла значных памераў.
У Карэліцкім раёне быў створаны саўгас “Карэлічы”. Па выніках работы за 1940 г. саўгас “Карэлічы” і амаль усе калгасы Карэліцкага і Мірскага раёнаў былі зацверджаны ўдзельнікамі Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі 1941 г.
Вялікія змены адбываліся ў галіне аховы здароўя. У Мірскім раёне да лістапада 1940 г. былі адкрыты тры дзяржаўныя бальніцы на 104 ложкі, два ўрачэбныя пункты, 22 фельчарска-акушэрскія пункты, жаночыя і дзіцячыя кансультацыі, санітарная станцыя. Медыцынская дапамога насельніцтву аказвалася бясплатна.
Пачалі працаваць школы. Там, дзе не было школьных будынкаў, заняткі праводзіліся ў памешчыцкіх памяшканнях. Адкрываліся новыя школы. Так, за кароткі час, усяго за адзін год і дзевяць месяцаў, практычна было ажыццёўлена ўсеагульнае пачатковае навучанне. Пашыралася сямігадовая адукацыя.
Паступова пашыралася сетка культурна-асветніцкіх устаноў, адкрываліся новыя бібліятэкі, хаты-чытальні, клубы. Вялікая Айчынная вайна пакінула жудасны след у раёне. Паўсюдна засталіся руіны, папялішчы. Трэба было аднавіць прамысловыя прадпрыемствы, пабудаваць новыя, а таксама жыллё, школы, культурныя і медыцынскія ўстановы. Была адноўлена дзейнасць савецкай улады, партыйных арганізацый, камсамола. Пачалі выдавацца раённыя газеты: у Мірскім раёне — «Сцяг свабоды”, у Карэліцкім – “Чырвоны партызан”.
У першыя пасляваенныя гады ў абодвух раёнах пачалося будаўніцтва новых цагельных заводаў. У далейшым гэта адыграла станоўчую ролю ў пабудове жылых дамоў, а ў перыяд калектывізацыі – жывёлагадоўчых памяшканняў, гаражоў, іншых будынкаў вытворчага прызначэння.
Асаблівая ўвага была звернута на жыллёвае будаўніцтва. Да 20 лістапада 1944 г. быў пабудаваны дом у Міры на 50 квадратных метраў, а ў вёсках адрамантавана 12 жылых дамоў і пабудавана 23 новых. Да лістапада 1945 г. у асноўным было закончана перасяленне людзей з зямлянак.
У адпаведнасці з рашэннямі рэспубліканскіх і абласных органаў улады Мірскі райвыканкам 29 чэрвеня 1945 г. прыняў рашэнне «Аб хутчэйшым аднаўленні дарог саюзнага, рэспубліканскага і раённага значэння». Усе важнейшыя дарогі на Навагрудак, Цырын, Валеўку, Машэвічы, Заполле былі адрамантаваны.
У 1947 г. у Міры пабудавана новая пякарня, адкрылася гасцініца на 12 месцаў.
У абодвух райцэнтрах пачалі працаваць радыёвузлы, аднаўляліся і хутка развіваліся ўсе віды сувязі.
У Карэлічах і Міры адкрыліся дзіцячыя сады. Пачаліся аднаўленчыя работы ў сельскай гаспадарцы. 14 ліпеня 1944 г. была адноўлена Мірская, праз месяц Карэліцкая МТС. У 1948-1950 гг. у заходніх абласцях рэспублікі была праведзена калектывізацыя сельскай гаспадаркі. Карэліцкі і Мірскі раёны былі ў ліку першых у Баранавіцкай вобласці. 12 сакавіка 1946 г. адным з першых у раёне быў арганізаваны, а дакладней адноўлены калгас у вёсцы Малыя Жухавічы Мірскага раёна, які ўзначаліў Мікалай Іванавіч Куневіч. Першымі калгаснікамі сталі былыя франтавікі вёскі. Калектыўная гаспадарка называлася “Перамога”. Калгасы ствараліся амаль у кожным буйным населеным пункце. Напрыклад, у вёсках Пагарэлка, Ярэмічы, Быковічы, Сіняўская Слабада былі арганізаваны калгасы імя Маленкова, «Іскра», «Свабода», «Чырвоны бераг». У Міры, Валеўцы, Карэлічах, Вобрыне былі створаны МТС, у якіх налічвалася 93 трактары і 8 камбайнаў. 30 мая 1950 г. Пленум ЦК УКП(б) прыняў пастанову «Аб узбуйненні калгасаў і задачах партыйных арганізацый у гэтай справе». У кароткі тэрмін у Мірскім раёне было ўтворана 14, а ў Карэліцкім раёне 13 узбуйненых калгасаў.
Паваротным пунктам у далейшым развіцці калгасаў стаў вераснёўскі Пленум ЦК КПСС 1953 г., на якім было вырашана істотна ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу сельскіх калектыўных гаспадарак, забяспечыць іх вопытнымі і кваліфікаванымі кіруючымі кадрамі. Прадугледжвалася павышэнне нарыхтоўчых цэн на жывёлу і птушку.
Марыя БЕЛЕНАВА, навуковы супрацоўнік УК «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей»
Фота з архіва музея