Мастер швейного цеха Кореличского УКП БОН Татьяна Уласевич трудится на предприятии 43 года

Сёння ніхто не здзівіцца, што моцных і паспяховых жанчын у свеце мноства, але не кожны зможа пранікнуцца тым, наколькі цярністым быў іх шлях да поспеху.

З адной з такіх  я пазнаёмілася напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, – чым, прызнацца, ганаруся. Завуць яе Таццяна Уласевіч. Яна  майстар швейнага цэха  Карэліцкага УКП БАН. На яе “дыскетцы” першым  пунктам значыцца: праца, і “дыскету” гэтую не перафарматаваць, як нельга змяніць малюнак на пальцах. Гэта даецца звыш і назаўжды.

Яна любіць кветкі, стварае прыгажосць вакол сябе і ведае ўсе тонкасці швейнага майстэрства.  Гэта сёння яна не ўяўляе, што магла б выбраць іншы шлях, любіць справу, якой займаецца, і нават хобі ў яе звязана з шыццём. А шмат гадоў таму ўсё магло скласціся інакш.

– У 1975 годзе, пасля  заканчэння школы, спрабавала паступаць у Гродзенскі радыётэхнічны каледж, але тады мне не пашанцавала. Уладкавалася на працу і два гады адпрацавала на Гродзенскай абутковай фабрыцы “Нёман”.  Працуючы, сур’ёзна рыхтавалася да паступлення ў Мінскі тэхналагічны каледж на спецыяльнасць тэхнік-тэхнолаг. Сама родам са Шчучына, а пасля заканчэння вучобы ў сталіцы па размеркаванні прыехала ў Карэлічы, – расказала суразмоўца.

І з тых часоў, з 1981 года,  яе біяграфія неаддзельная ад гісторыі арганізацыі. Запіс у працоўнай кніжцы –  сведка прафесійнага і кар’ернага росту: жанчына пачала працоўны шлях тэхнікам-тэхнолагам,  і вось ужо 33 гады – майстар швейнага цэха.

У Таццяны Уласевіч у падначаленні 16 чалавек. І хоць цэх  невялікі, рабочыя касцюмы для сельгаспрадпрыемстваў, пасцельныя прыналежнасці і шмат чаго іншага шыюць менавіта  яе супрацоўніцы. Праца  калектыву адказная, і добра, калі побач заўсёды ёсць дасведчаны настаўнік і кіраўнік. Майстар умее знайсці падыход да кожнага: растлумачыць, пакажа, падтрымае.

Акрамя прафесійных  задаткаў, якія неабходны на вытворчасці,  гераіня аповеду яшчэ і цудоўная мама  дваіх  дзяцей, бабуля трох унукаў, і, безумоўна, уважлівая і любячая жонка. А так як праца для яе стала яшчэ і любімым захапленнем па жыцці, то часта ўсю вялікую і дружную сям’ю апранае сама.

Камусьці, можа быць, яе жыццё падасца чарадой шчаслівых выпадковасцяў. Так, бясспрэчна, элемент удачлівасці і шанцавання прысутнічае ў жыцці кожнага. Але толькі калі мы напрацоўваем у сабе неабходны асобасны патэнцыял, калі мы самі ўнутрана гатовы да добрых пераменаў, яны становяцца непазбежнымі.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара