Святло душы Наталлі Мялешкі

Ёсць людзі, як маякі на жыццёвым шляху. Каля іх камфортна і надзейна: у працы, сям’і, быце яны — апора і падтрымка. Пагутарыш з імі — і на душы стане святлей: дабрыні сэрца хапае на многіх, нават незнаёмых, людзей.
Напярэдадні прафесійнага свята мне пашанцавала весці размову з галоўным эканамістам сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Свіцязянка-2003» Наталляй Аляксандраўнай Мялешка аб галоўным у жыцці і тым, што складае яго сутнасць.

Радзіма

Што можа быць даражэй за любы куточак, дзе нарадзіўся і дзе зрабіў першыя крокі, які называецца радзімай? У Наталлі Мялешкі — вёска Верцялішкі ў Гродзенскім раёне, дзе пражыла з сям’ёй тры гады.

Другой радзімай па праве называе аграгарадок Варончу на карэліцкай зямлі, якая славіцца сваімі славутымі мясцінамі. Тут пачынала працоўную дзейнасць, стварыла сям’ю, прадаўжае жыць, радавацца імгненням.

— Варонча — гэта найпрыгажэйшы куточак у свеце. Тут шмат славутасцей, і гэтыя мясціны дарагія  майму сэрцу.  Спаткала спадарожніка жыцця, нарадзіліся дзеці, сям’я трывала стала на ногі, пабудавалі сваімі рукамі ўласны дом, — гаворыць Наталля Аляксандраўна.

Праца

Пра сваю працу эканаміста суразмоўца пачынае аповед з лічбаў: у 2002-2005 гадах — бухгалтар, галоўны эканаміст калгаса «Варонча». Затым 8 гадоў — эканаміст СВК «Свіцязянка-2003», і 11 гадоў займае пасаду галоўнага эканаміста  сельгаскааператыва.

— Гэтая прафесія патрабуе ад выканаўцы граматнасці, мэтанакіраванасці, упэўненасці ў сабе, трэба мець актыўную жыццёвую пазіцыю, — удакладняе жанчына і дадае, што самае галоўнае — адказнасць і ўменне працаваць з людзьмі. Трэба да кожнага знайсці падыход. Мы ў «Свіцязянцы-2003» — адна каманда, задачы ў нас адны, якія стараемся выконваць. Трэба заўсёды працаваць на станоўчы вынік, і мне, як галоўнаму эканамісту, тут адводзіцца адна са значных роляў. Я павінна пралічыць усё да драбніц і давесці інфармацыю да кіраўніцтва і спецыялістаў сельгаскааператыва. Любое пачынанне неабходна добра пралічыць, каб зразумець, ці патрэбна для нашай далейшай дзейнасці. Жыццё не стаіць на месцы, усё змяняецца, і трэба ісці ў нагу з часам. З гэтай нагоды Наталля Аляксандраўна ўспомніла былога кіраўніка Уладзіміра Арсенцьевіча Галавача, які даў правільны накірунак у дзейнасці, у яго заўжды можна было павучыцца прафесіяналізму. Галоўны эканаміст выказала пажаданне, каб і з новым кіраўніцтвам гаспадаркі прадаўжаць справу і працаваць на станоўчы вынік.

Старанні Наталлі Мялешкі не засталіся не заўважанымі: яна ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі» і нагрудным знакам «За заслугі» Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

Зямля

У СВК «Свіцязянка-2003» добрыя землі, і тут збіраюць высокія ўраджаі. Так стараюцца хлебаробы гаспадаркі, што амаль усе кубкі на раённым свяце па выніках работы за год і сёлета забралі.

— Да выдатнага выніку мы ідзём з дня ў дзень. Працуем у адной камандзе. Самы галоўны патэнцыял — гэта людзі, незалежна ад прафесіі і пасады са сваімі жыццёвымі праблемамі і рознымі характарамі, якіх трэба згуртаваць, каб выконваліся пастаўленыя задачы ў адным накірунку. Вось і зараз рыхтуемся да ўборкі збожжавых. У нас добры машынна-трактарны парк і руплівыя працаўнікі. Яшчэ бацькі, дзяды, прадзеды шчыравалі на зямлі, яна была асновай з асноў і аддзячвала за старанні земляробам, — апавядае далей Наталля Аляксандраўна, і, як эканаміст, бачыць асноўную задачу ў тым, каб яе правільна выкарыстаць і зберагчы. На сённяшні дзень тэхніка каштуе немалых грошай, а беражлівыя адносіны дапамогуць зэканоміць затраты і прымножыць даход.

Сям’я

Наталля і Іван Мялешкі стварылі сям’ю ў 1995 годзе — у наступным годзе адзначаць 30-годдзе сумеснага жыцця. Муж Іван Баляслававіч працуе вадзіцелем у СВК «Свіцязянка-2003».

Дзеці ўжо вызначыліся ў жыцці. Дачка Крысціна жыве ў Астраўцы і цяпер знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за сынам Міхаілам. Яе муж Раман працуе на атамнай станцыі. Дачка Ксенія — выкладчык пачатковых класаў у адной са школ г. Мінска.

— Сям’я для мяне — на першым месцы, — прызнаецца жанчына. — Якую б пасаду чалавек ні займаў, не трэба забываць пра сям’ю, перад якой у адказе і з’яўляешся захавальнікам сямейнага ачага. Памятаць аб тым, што ты — жонка і маці. Самае галоўнае: не ўпусціць адказнага моманту ў выхаванні дзяцей. Патрэбна прыкласці ўсе намаганні, каб яны выраслі сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны, а сям’я была моцнай, і каб у родны дом прыязджалі дзеці і ўнукі.

Дэпутат

Наталля Аляксандраўна Мялешка — дэпутат Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў 29-га склікання па Райцаўскай выбарчай акрузе № 21 і дэпутат Райцаўскага сельскага Савета дэпутатаў па Міратыцкай выбарчай акрузе № 3.

Яна стала народным абраннікам упершыню. Па сваіх прафесійных абавязках пастаянна знаходзіцца сярод людзей і чуе іх пажаданні, імкнецца ўважліва выслухаць. Людзей хвалююць многія пытанні, а найчасцей вяскоўцы жадаюць, каб іх проста выслухалі і пагутарылі аб жыцці. Чалавеку патрэбны ўвага і клопат.

Галіна СМАЛЯНКА