Островок отдыха и дружбы. Как ребята проводят время в детском оздоровительном лагере «Вясёлка»?

У дзіцячы аздараўленчы лагер «Вясёлка» дзяўчынкі і хлопчыкі прыязджаюць з вялікім задавальненнем. Тут ім  рады, і дзетвара цудоўна праводзіць вольны час. У гэтым пераканаліся журналісты раённай газеты «Полымя», калі завіталі на гэты астравок адпачынку, радасці, сяброўства.

Райскі куточак

Дзіцячы аздараўленчы лагер «Вясёлка» знаходзіцца ў маляўнічым месцы. Тут ціха і спакойна, добра дыхаецца, і ўсё навокал патанае ў зеляніне. Сонечныя промні кранаюць дахі жылых домікаў, якія выдзяляюцца сваёй непаўторнасцю.

У памяшканнях — спальныя месцы, новая пасцельная бялізна, месцы для асабістых рэчаў дзяцей. У дажджлівае надвор’е ўключаюць электраацяпленне. Тут разам з дзецьмі жывуць выхавальнікі.

У гэтым годзе ў лагеры правялі будаўнічыя работы: паклалі тратуарную плітку да пятага і шостага домікаў, у клубе драўляную падлогу замянілі на плітачнае пакрыццё, у медпункце ўстанавілі новыя вокны, з’явілася  гульнявая пляцоўка.

«Адна дружная сям’я»

Пры ўваходзе на тэрыторыю лагера «Вясёлка» — прапускны пункт. Вартаўнік просіць паставіць подпісы ў журнале  наведванняў дзіцячага аздараўленчага лагера. Усё зразумела: тут дбаюць аб бяспецы адпачываючых. У лагеры падабраны штат адпаведных работнікаў, каб дзеці маглі праводзіць вольны час карысна і цікава, атрымліваць смачныя стравы і не хварэць.

Дырэктар лагера Кацярына Крывіцкая пералічвае работнікаў трэцяй змены лагера «Вясёлка»: 16 выхавальнікаў, культарганізатар, педагог-арганізатар, два інструктары па фізічнай культуры, акампаніятар, педагог-псіхолаг, чатыры медыцынскія работнікі, загадчык гаспадаркі, восем работнікаў кухні і чатыры рабочыя. Атрымліваецца, што з кадрамі прадумана ўсё да драбніц, і ад кожнага патрабуюцца адказныя адносіны да справы.

— Мы разам — адна вялікая і дружная сям’я, — гаворыць Кацярына Іосіфаўна. — Клапоцімся пра тое, каб дзяўчынкі і хлопчыкі змаглі добра адпачыць і набрацца новых сіл, і каб у іх засталіся найлепшыя ўспаміны пра летнія дзянькі ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Вясёлка».

Быць лідарам — быць першым

Трэцяя змена лідарскага саставу праводзіцца сумесна з раённым камітэтам грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Па меркаванні дырэктара лагера Кацярыны Крывіцкай, лідар — гэта чалавек, які вядзе за сабой іншых, гатовы дапамагчы, моцны па характары і ўпэўнены ў сабе. З ліку сапраўдных лідараў яна назвала студэнтку Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Ірыну Катовіч, якая з’яўляецца яркай асобай, вельмі адказнай і моцна любіць дзяцей. Яна засталася працаваць пасля праходжання абавязковай практыкі і на трэцюю змену. Сумленна выконвае свае прафесійныя абавязкі.

Падчас працы змены запланавана шмат цікавых і карысных мерапрыемстваў. У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Ніхто не забыты, нішто не забыта» будуць арганізаваны экскурсіі ў Карэліцкі раённы краязнаўчы музей і славутыя мясціны Карэліччыны. Сярод маштабных мерапрыемстваў — «Містэр» і «Міс» лагера, «Парачкі», конкурсная праграма «Точь-в-точь», а яшчэ дзяўчынак і хлопчыкаў чакаюць сустрэчы з прадстаўнікамі РАУС, РАНС, ДАІ, АСВОДа, святарамі, работнікамі культуры, якія правядуць гутаркі, майстар-класы, захапляльныя гульні.

Трэцяя змена мае назву «#Вектар поспеху», што абазначае ажыццяўленне асабістых надзей і мараў, руху па      ўзыходзячай лесвіцы, асабовага развіцця і поспеху.  «Дэвіз адзін — не ўступаць, стартуем, каб перамагаць» — асноўны накірунак змены.

«Смачна есці!»

У ДАЛ «Вясёлка» арганізавана пяціразовае харчаванне. У меню акрамя асноўных страў — агародніна, садавіна, сокі, прысмакі. Любімымі для дзяцей сярод першых страў назвалі суп гарохавы, боршч, капусту, а з мясных страў аддаюць перавагу катлетам з птушкі і рыбы. Адна з асаблівасцей меню — сасіскі ў цесце, піца, пельмені, ватрушкі.

Шэф-повар Вольга Пярэська падчас сустрэчы адзначае:

— Калектыў складаецца з васьмі чалавек. Гатуем  разнастайныя стравы, у тым ліку мясныя і рыбныя з агароднінай, а таксама кандытарскую выпечку. Наша задача — якасна і своечасова накарміць адпачываючых, захаваць тэхналогію прыгатавання страў і прытрымлівацца санітарных норм і правілаў.

У лагеры працую больш дзесяці гадоў. У «Вясёлцы» вельмі падабаецца: маляўнічыя мясціны, дружны калектыў, удзячныя дзеці. Чаго большага можна жадаць? Хочацца ў чарговы раз сказаць наведвальнікам сталовай: «Смачна есці!»

Сябруюць са спортам

Дырэктар лагера Кацярына Крывіцкая пачала размову з добрай навіны: набыта новае спартыўнае абсталяванне. З задавальненнем расказала і пра тое, што святары раёна аказваюць спонсарскую дапамогу ў набыцці спартыўнага інвентара.

У лагеры маецца вялікае футбольнае поле і валейбольная пляцоўка. Дзеці гуляюць у футбол, валейбол і іншыя спартыўныя гульні. Кожная раніца пачынаецца з зарадкі. «Інструктары па спорце плануюць мерапрыемствы з улікам пажаданняў дзяўчынак і хлопчыкаў, каб яны з карысцю праводзілі вольны час», — сказала Кацярына Іосіфаўна.

Дар’я ХІНЕВІЧ,

выхавальнік дзіцячага аздараўленчага лагера «Вясёлка»:

— Чацвёрты год працую выхавальнікам у лагеры. Першы раз мяне запрасілі сюды на працу, бо не хапала  важатых, і я дала згоду. Мне вельмі спадабалася, вырашыла прыязджаць у «Вясёлку» кожны год. Тут добрыя дзеці, сяброўская атмасфера і, што не менш важна, можна падмацаваць сваё здароўе.

Варвара ШАРСТНЁВА,

Маргарыта ШЭЎКА,

Мар’яна СТАНКЕВІЧ

аднагалосна паведалі:

— Мы некалькі гадоў запар прыязджаем у лагер «Вясёлку». Нам тут вельмі падабаецца: добрыя выхавальнікі, праводзяцца цікавыя мерапрыемствы, сустракаемся са старымі сябрамі і заводзім новыя знаёмствы. Тут гатуюць смачныя і апетытныя стравы. Мы дыхаем свежым паветрам і набіраемся новых сіл.

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Яраславы МАНКЕВІЧ.