1 верасня — Дзень беларускай пісьменнасці. Настаўнік Ганна Шугала разважае пра важнасць кнігі ў жыцці чалавека

Традыцыйна ў першую нядзелю верасня ў нашай краіне святкуецца Дзень беларускага пісьменства. Сталіцай свята штогод становяцца гарады, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню, у 1994 годзе, свята праходзіла ў старажытным горадзе Полацку, радзіме беларускага першадрукара Францыска Скарыны.

Ганна Уладзіміраўна Шугала, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА “Лукская сярэдняя школа”, не ўяўляе свайго жыцця без кнігі.

— У кнігі ёсць два назначэнні, — гаворыць педагог. — Па-першае, яна выклікае залежнасць ад чытання. Калі знайшоў захапляльную кнігу, ты імкнешся дачытаць старонку і пачаць наступную, каб хутчэй даведацца, чым усё закончыцца. Гэта прымушае рухацца наперад, думаць інакш і зразумець, што чытанне з’яўляецца асалодай. Калі чалавек аднойчы зразумее гэта, ён ужо стаў на шлях пастаяннага духоўнага ўдасканалення.

Па-другое, літаратура нараджае эмпатыю. Калі вы чытаеце, то выкарыстоўваючы сваё ўяўленне, ствараеце цэлы свет, насяляеце яго людзьмі і істотамі, пачынаеце па-новаму адчуваць, у думках наведваць месцы і сусветы, пра якія раней не ведалі. Вы становіцеся іншым, і калі вяртаецеся ў рэальны  свет, то нешта ўнутры вас мяняецца. Літаратура можа паказаць вам іншы свет, адвесці вас туды, дзе вы ніколі не былі.

Мы павінны чытаць не толькі для сябе. Неабходна чытаць услых нашым дзецям і ўнукам. Чытаць тое, што іх радуе. Нават, калі гэта гісторыя нам надакучыла. Чытаць рознымі галасамі, зацікавіць іх, рабіць чытанне ўслых момантам яднання.

Самы просты спосаб гарантавана вырасціць граматных дзяцей — навучыць іх чытаць, паказаць ім, што чытанне — прыемная забава. Знайдзіце для іх кнігі, якія ім падабаюцца. Не існуе дрэнных аўтараў для дзяцей, калі дзеці хочуць чытаць і шукаюць кнігі, бо ўсе дзеці розныя. Яны знаходзяць неабходныя ім гісторыі. Збітая зацяганая ідэя не збітая і не зацяганая для іх, бо дзіця адкрывае яе для сябе ўпершыню. Нельга адварочваць дзяцей ад чытання толькі таму, што тое, што яны чытаюць, не падабаецца вам.

Сярод сваіх любімых беларускіх пісьменнікаў Ганна Уладзіміраўна называе Уладзіміра Караткевіча:

— Мова твораў Караткевіча дае магчымасць атрымаць асалоду ад беларускага слова. Я ўсім раю прачытаць нарыс “Зямля пад белымі крыламі”, у якім Караткевіч душой змог убачыць і маляўніча апісаць звычайную рачулку, вясковую хату, старажытны дуб. Ад “Зямлі пад белымі крыламі” паступова неабходна пераходзіць да яго раманаў “Каласы пад сярпом тваім”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чорны замак Альшанскі” — твораў, дзе па-майстэрску абыгрываецца беларуская гісторыя, рэальнасць пераплятаецца з фантазіяй, ажываюць міфы і легенды.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара