Молодой педагог Ольга Ивашко: «Каждый день — это новое открытие, которое дает силы и желание двигаться вперед»

У ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы” працуе малады настаўнік-дэфектолаг Вольга Івашка, якая не ўяўляе  жыцця без  сваіх вучняў.

Вольга Уладзіміраўна ўраджэнка Карэліцкага раёна,  родам з аграгарадка Вялікія Жухавічы. Там яна хадзіла ў дзіцячы сад, скончыла сярэднюю школу.  У 2018 годзе  дзяўчына паступіла ў Інстытут інклюзіўнай адукацыі пры БДПУ ім. М. Танка на спецыяльнасць “алігафрэнапедагог”. Чаму менавіта на гэтую спецыяльнасць? Па яе словах, любоў да дзяцей была заўсёды, і іншую прафесію, не звязаную з падрастаючым пакаленнем, яна наогул не разглядала. Яшчэ будучы школьніцай заўважыла, што дзетак з рознымі парушэннямі, асабліва маўленчымі, вельмі шмат. І ўсім ім патрэбна дапамога спецыяліста. І тады цвёрда вырашыла, што атрымае неабходную прафесію. Ды і бацькі падтрымалі яе выбар.

На прапанову працягнуць фразу: “ Настаўнік — гэта…”, малады педагог адказала, што настаўнік павінен не “працаваць з дзецьмі», а жыць з імі, дзяліць радасці і смутак, узлёты і падзенні, пры гэтым нельга дапускаць фальшу ў адносінах. Чалавек, які звязаў сваё жыццё з педагогікай, павінен быць сумленным, добрым, умець адказваць за свае словы і ўчынкі. Валодаючы гэтымі якасцямі, якія прывілі дзяўчыне бацькі, педагогі, яна шануе іх і ў іншых людзях.

Адказваючы на пытанне аб жыццёвых каштоўнасцях, арыенцірах, дэфектолаг сказала, што самымі важнымі для яе з’яўляюцца сям’я і блізкія людзі.

—       А наогул, лічу, што заўсёды трэба заставацца добрым чалавекам. Сумленным у адносінах да акружаючых, да самой сябе, — падкрэсліла Вольга Уладзіміраўна.

І, назіраючы за дзяўчынай, сапраўды складваецца ўражанне, што яна  вельмі арганічна адчувае сябе і ў ролі настаўніка-дэфектолага, фарміруючы ў дзяцей правільнае гукавымаўленне, граматычную правільнасць выказванняў, і ў ролі кансультанта бацькоў, з якімі ўмее наладзіць даверлівыя ўзаемаадносіны, нацэліць на прадуктыўнае супрацоўніцтва.

Расказваючы пра тое, з якімі цяжкасцямі ёй, як маладому спецыялісту, давялося сутыкнуцца падчас працы, пра асаблівасці і спецыфіку прафесіі, дзяўчына адзначыла, што складанасць заключаецца ў тым, што ўсе дзеці розныя. Да кожнага трэба знайсці асаблівы падыход: тое, што працуе з адным, на іншага можа наогул ніяк не паўплываць. А пошукі таго самага “ключыка” часам патрабуюць вялікіх намаганняў і часу.

— Мая спецыяльнасць падразумявае працу з дзецьмі, у якіх маюцца парушэнні інтэлектуальнага развіцця. І ведаеце, хачу сказаць, што мае выхаванцы вельмі добрыя і дапытлівыя. У кожнага з іх свой багаты ўнутраны свет. А кожны дзень — гэта новае адкрыццё, што дае сілы і жаданне рухацца наперад.

Як расказала Вольга Уладзіміраўна, на першым працоўным месцы калектыў сустрэў яе гасцінна. Дзяўчына спадзяецца, што ўзаемаадносіны з дзецьмі і педагогамі і ў далейшым будуць выдатнымі, бо з людзьмі яна заўсёды знаходзіць агульную мову.

Прыемна, што малады спецыяліст развіваецца не толькі ў прафесійнай сферы, але і мае актыўную жыццёвую пазіцыю. Яна з’яўляецца намеснікам старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, прымае актыўны ўдзел у мерапрыемствах раённага, абласнога ўзроўняў.

У вольны час дзяўчына любіць пачытаць кнігу, паглядзець цікавы фільм, прагуляцца па вуліцы, праўда,  такога часу небагата.

Паколькі педагог на месцы не стаіць, а працягвае ўдасканальваць навыкі, адкрываць для сябе новыя грані педагогікі, у яе ўсё абавязкова атрымаецца, бо галоўнае – яна любіць прафесію і нацэлена на ажыццяўленне сваіх планаў. А нам толькі застаецца пажадаць Вользе Уладзіміраўне поспехаў, перамог і дасягненняў у прафесійнай дзейнасці!

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара