Дмитрий Лицкевич: «Важно работать на предупреждение преступления»
9 кастрычніка адзначаецца Дзень утварэння падраздзяленняў па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі. Напярэдадні прафесійнага свята мы пагаварылі са старэйшым оперупаўнаважаным групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі Карэліцкага РАУС Дзмітрыем Ліцкевічам.
Дзмітрый Вячаслававіч расказвае што ў бягучым годзе на Карэліччыне не выяўлена выпадкаў вырабу або распаўсюджвання шкодных рэчываў.
— На тэрыторыі раёна кожны год праводзіцца спецыяльная праграма «Мак», мэтай якой з’яўляецца выяўленне і знішчэнне незаконных пасеваў нарказмяшчальных раслін (маку і канопляў), канфіскацыя з незаконнага абароту наркатычных сродкаў расліннага паходжання. За перыяд правядзення акцыі было выяўлена 23 факты росту маку і дзікарослых канопляў, знішчана больш за 46 кг маку і амаль 34 кг канопляў. 20 грамадзянам складзены выдадзены папярэджанні за незаконнае вырошчванне нарказмяшчальных раслін.
— У асноўным мы стараемся папярэдзіць злачынствы, — расказвае Дзмітрый. — У апошні час вельмі часта можна натрапіць у інтэрнэце на прапановы падзарабіць наркакур’ерамі, закладчыкамі. Супрацоўнікі РАУС выязджаюць ва ўстановы адукацыі і тлумачаць старшакласнікам, што лёгкіх грошай не бывае. Можна папрацаваць закладчыкам адзін дзень і трапіць у турму на 10 гадоў. Вельмі часта ў такіх выпадках прадавец не нясе адказнасці, бо знаходзіцца за мяжой.
Яшчэ адным накірункам дзейнасці падраздзялення з’яўляецца процідзеянне гандлю людзьмі. У гэтым накірунку адсочваюцца факты прастытуцыі, вырабу і распаўсюджвання парнаграфіі, парушэння палавой недатыкальнасці непаўналетніх. Асабліва важным пытаннем з’яўляецца супрацьдзеянне злачынствам супраць палавой недатыкальнасці і палавой свабоды дзяцей.
— Гэта работа немагчымая без комплекснай і скаардынаванай працы ўсіх зацікаўленых ведамстваў, а таксама саміх грамадзян, — кажа Дзмітрый. — Важна, каб настаўнікі і бацькі звярталі ўвагу на змены ў настроі і паводзінах дзіцяці. Большасць злачынстваў здараюцца ў інтэрнэце, таму важна ведаць, з кім перапісваюцца вашы дзеці, у якіх суполках яны знаходзяцца.
Адзін з прыкладаў, які здарыўся ў раёне — паўналетні юнак перапісваўся з дзяўчынкай, якой не было 16 і схіляў яе да сексу, што наказваецца пазбаўленнем свабоды ад трох да шасці гадоў. Таксама на Карэліччыне ўзбуджаны крымінальныя справы за распусныя дзеянні ў адносінах да непаўналетніх, выраб і распаўсюджванне парнаграфічнай прадукцыі, прастытуцыю.
— Дзеці — самыя ўразлівыя ахвяры злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці. Ранняе ўступленне ў палавую сувязь, сексуальны гвалт цягнуць за сабой сур’ёзныя праблемы сацыяльнага, псіхалагічнага характару, не кажучы ўжо пра шкоду фізічнаму і псіхічнаму здароўю непаўналетніх.
Сяргей СТОЛЯР