Алексей Гаврош: ”Делать добрые дела совсем не сложно, особенно, когда мы вместе».
Сімвалічная Алея Памяці каля возера Быкава ў г.п. Карэлічы, якая сёлета была закладзена ў гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, папоўнілася “навасёламі”. Тут высаджана больш ста саджанцаў дрэў.
Арганізатарам працоўнага дэсанту выступіў раённы Савет дэпутатаў. Дэпутацкі корпус, грамадскія арганізацыі, члены Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, працоўныя калектывы Карэліччыны аб’ядналіся, каб захаваць і прымножыць прыгажосць роднага краю.
Старэйшае пакаленне давала каштоўныя парады малодшаму. Справа спорылася, маладыя дрэўцы ў хуткім часе раскінуць свае кроны пад чыстым і мірным небам гарпасёлка. Кожны чалавек у гэтым свеце можа пакінуць свой след. Чаму б не пасадзіць дрэва? Гэта будзе, мабыць, найлепшы след.
Як прызнаюцца ўдзельнікі мерапрыемства, пасадка дрэў зробіць Алею Памяці яшчэ больш прывабнай. Ёй будуць любавацца не толькі жыхары райцэнтра, але і госці пасёлка.
- На мой погляд, тое, што мы зрабілі сёння, мае важнасць для ўсяго гарпасёлка. Неабходна клапаціцца аб тым месцы, дзе мы жывём, і накіроўваць усе сілы для падтрымання яго прыгажосці. Спадзяюся, што ўсе саджанцы прыжывуцца, бо пасадачны матэрыял якасны, вырастуць і падораць людзям радасць і здароўе. Рабіць добрыя добрыя справы зусім не складана, асабліва, калі мы разам, – падкрэсліў старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксей Гаўрош.
- За сваё жыцце я пасадзіла не адно дрэва. І сёння адгукнулася на ініцыятыву раённага Савета дэпутатаў. Лічу, што высаджаная алея стане ўвасабленнем ідэі яднання людзей розных пакаленняў, якія жывуць у згодзе на карэліцкай зямлі. Гэтыя дрэвы – сімвал памяці загінулых у гады Айчыннай вайны і міралюбнасці сёння. – падзялілася наведвальніца Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна Еўдакія Румянцава.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара