17 верасня — Дзень работнікаў лесу
Свіцязянскае лясніцтва з’яўляецца, бадай што, самым маляўнічым у Карэліцкім раёне: амаль 7 тысяч гектараў каштоўных парод дрэў і авеянае легендамі возера Свіцязь.
— У цэлым планавая работа па лесагаспадарчай і прамысловай дзейнасці вядзецца паспяхова, — адзначае ляснічы Свіцязянскага лясніцтва Аляксандр Мікалаевіч Каралько, — так, выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і пасялуг за 8 месяцаў бягучага года склала 232 тысячы рублёў. Лесанарыхтоўка склала 9,5 тыс. кубаметраў, вывазка лесапрадукцыі — 7134 кубаметры.
Адзін з галоўных накірункаў дзейнасці лясніцтва — лесааднаўленне. Свіцязянскія лесаводы штогод аднаўляюць каля 25 гектараў лесу. Тут карыстаюцца залатым правілам: што высеклі, тое і аднавілі. Маладняк бяруць у базісным лясніцтве, што размяшчаецца ва Уселюбе Навагрудскага раёна.
— Што датычыць тэхнікі, — працягвае Аляксандр Каралько, — то мы забяспечаны ўсім неабходным. Работа цяпер амаль на 100% механізавана: прадуктыўна працуюць тры «Харвесцеры», спецыяльныя машыны для валкі, апрацоўкі і раскрыжоўвання лесу. Такім чынам фактычна леснікі займаюцца доглядам за дрэвамі, прарэжваннем лесапаласы і зборам насення. Летам актыўна працуюць у зоне адпачынку возера Свіцязь, наводзяць парадак, высякаюць парасткі.
Вялікую дапамогу ў папярэджванні лясных пажараў адыгрывае відэакамера, якая месціцца на вышцы адразу каля будынка лясніцтва. Дзяжурны супрацоўнік на маніторы як на далоні бачыць не толькі тэрыторыю Свіцязянскага лясніцтва, але нават суседні Навагрудскі раён. Такім чынам любое, нават нязначнае задымленне, будзе адразу ж заўважана і ліквідавана.
У лясніцтве сёння працуюць 20 чалавек, 10 з іх — гэта леснікі. Самым малодшым з кагорты лесаводаў з’яўляецца Аляксандр Качкарык. Мясцовы юнак, міраціцкі, хаця і вучыўся ў Гродне, вярнуўся ў родныя мясціны.
— Ні дзед, ні бацька не працавалі з лесам, — расказвае малады ляснік, — а я вось рашыў падацца ў гэтую прафесію. Цішыню люблю, спакой. У лесе ніякага тлуму, мітусні, толькі ты і прырода.
Амаль за 7 гадоў работы на ахове лесу Аляксандр пасадзіў больш за 12 тысяч маладых дрэўцаў. «Гэта так здорава — не сячы, а дарыць жыццё дрэву», — прызнаецца малады ляснік.
Іна ЛЕЙКА.
Фота аўтара.