ДРБУ-158: на пульсе дарожнага жыцця
Уклад дарожных работнікаў у жыццё Карэліччыны дастаткова важкі. Дарожнікі раёна робяць усё магчымае, каб прывесці асфальтнае і жвіравае пакрыццё ў належны стан, а рух пешаходаў і вадзіцеляў быў заўсёды камфортны.
Дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўлене-158 стала пераможцам раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у эканамічным развіцці раёна па выніках 2017 года сярод арганізацый будаўніцтва, прамысловасці, транспарту, сувязі і сферы паслуг. Начальніку філіяла прадпрыемства Мікалаю Мікалаевічу Кадлубаю быў уручаны ганаровы сцяг Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта.
Чым жа сёння жывуць дарожнікі раёна? Якіх эканамічных паказчыкаў яны дасягнулі ў 2018 годзе?
– За студзень-май бягучага года сіламі дарожна-будаўнічага ўпраўлення раёна асвоена сродкаў на суму 1077 тысяч рублёў і адрамантавана 8,2 км дарог, – расказвае начальнік планава-вытворчага аддзела ДРБУ-158 Юрый Уладзіміравіч Бабанскі. – У чэрвені чаканае асваенне сродкаў складае 350 тысяч рублёў. Будуць здадзены ў эксплуатацыю ўчасткі дарог Турэц-Ярэмічы-Скорычы і Мір-Жухавічы-Бурдзевічы-Юравічы агульнай працягласцю 6,9 км.
На балансе Карэліцкага ДРБУ-158 знаходзіцца 485,8 км дарог мясцовага значэння, якія дарожнікі падтрымліваюць у належным стане дзеля забеспячэння бяспекі дарожнага руху і надання эстэтычнага выгляду дарожнай сетцы раёна. Акрамя саміх дарог, у полі зроку дарожнікаў знаходзяцца штучныя збудаванні на іх, прыпыначныя пункты, з’езды з дарог, масты.
На сённяшні дзень работнікі раённага дарожна-будаўнічага ўпраўлення плённа працуюць на ўчастку аўтадарогі Райца-Цырын-Навасёлкі, а менавіта на 6,7 км – 8,3 км, па якім у хуткім часе вадзіцелі будуць ездзіць з задавальненнем. Да таго ж не спыняюцца работы па добраўпарадкаванні г.п. Мір. На працягу чэрвеня дарожнікамі Карэліччыны былі выкананы работы па рамонту асфальтава-бетоннага пакрыцця асобных участкаў вуліц Маладзёжная і Перамогі.
Скончыўшы адзін аб’ект, работнікі Карэліцкага ДРБУ-158 прымаюцца за наступны. Так, на трэці квартал запланаваны капітальны рамонт участка аўтадарогі Н-6005 Карэлічы-Валеўка-Наваельня: ад агр. Палужжа да в. Даўгінава працягласцю 3,5 км, на што выдзелена 806 тысяч рублёў.
Калектыў Карэліцкага ДРБУ-158 – гэта 81 работнік. Менавіта ад іх прафесійнай працы і адказнага стаўлення да выканання даручанай справы і залежыць стан і выгляд дарожных артэрый Карэліччыны, па якіх будуць падарожнічаць як жыхары раёна, так і яго госці.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.