Карэліччанка Алена Слінько напярэдадні 100-годдзя: «Як пражыць столькі? То, пэўна, Бог назначае»
Пачатак ХХ стагоддзя. Час між эпохамі – царская адыходзіць, савецкая толькі ўступае ў свае правы. У гэты новы свет вялікіх перамен 3 мая 1919 года прыйшла Алена Іосіфаўна Слінько. З той пары мінула цэлае стагоддзе, якое запомніцца чалавецтву радасцю грандыёзных адкрыццяў, болем сусветных войнаў і негаснучай надзеяй на лепшае. Глыбокі адбітак пакінулі 100 мінулых год у жыцці нашай зямлячкі.
З Аленай Іосіфаўнай мы сустракаемся ў палаце Лукскай бальніцы сястрынскага догляду.
– Бабуля ў нас ужо далёка не першы год. Добрая, ветлівая, працавітая. Раней, калі сілы былі, заўжды дапамагала суседкам па палаце – і ложкі пазасцілае, і пакорміць, і пагаворыць, і на тэлевізар у гасціную вывядзе. А цяпер ужо здароўе не тое, нават сядзець ёй цяжка, – праводзіць нас да гераіні работнік бальніцы Лідзія Равуцкая.
– Усё забываецца, у галаве мяшаецца, дзе ж вы бачылі, гэля год мне! – Алена Іосіфаўна не звыкла да такой увагі журналістаў, але гаворка ладзіцца. – Усяго, рыбка мая, было – і кепскага, і добрага. Такая жызня. Сёння гэдак, а заўтра – іначай. Нарадзілася ў вёсцы Застадолле. Бацькі – простыя сяляне, тату звалі Юзікам, матку – Алесяй, а мяне нараклі Ленай-Магдаленай. Былі яшчэ сёстры, адна рана памерла, другая жыве ў Баранавічах. Што яшчэ? Працавала з малых год. У школу хадзіла ў Дорагава. Мусіць, класаў пяць ці чатыры. Падрасла – і на брыгаду, там лён церабілі, сенавалі. Куды скажа брыгадзір, туды і мы. Цяжка рабілі, але і песні пелі грамадой. Патрэбна гэта, тады і жыць весялей.
? – Ды яшчэ, напэўна, і танчылі?
– Ну а як жа ж! Мяне танцоркай называлі. Добра мы гулялі, ад душы, – усміхаецца Алена Іосіфаўна. – А як заробіш якую капейку, то можна і ў Карэлічы, там самая пакупка ішла.
? – Ці не на кірмашы свайго чалавека сустрэлі?
– Наш ён – застадольскі. Кожны дзень, галубка, бачыліся. Вядома, у адным сяле. Ён на кані кампосты вазіў. Палявод, значыць. І я да яго часам ездзіла, дапамагала. А час прыйшоў – і замуж пайшла. Жылі ў неблагой хаце, яе яшчэ мужаў бацька будаваў. Гаспадарка вялася немалая: конь, карова, парасяты, куры. І без сабачкі, без коціка на вёсцы ніяк. Даўне ўсе так мелі. Даў нам з мужам лёс і сыночка, ды рана забраў. Хутка не стала і майго чалавека. Адно цяпер пляменнікі засталіся, прыязджаюць, не забываюць. Добра тут у Луках, толькі часам от хочацца родны дом пабачыць.
? – А вайну бачылі?
– Неяк яна абыйшла нас. Хаця шмат не вярнуліся з вайны назад, загінулі. Па два з хаты пазабівалі. Гора адно.
– Ах мама мілая, колькі ж ты перажыла! Дзіўна, столькі год ! А мы думалі, што табе нашмат менш, – здзіўляюцца суседкі па палаце.
– Так, наша бабуля выглядае на ўсе семдзясят, – правіць хустку нашай гераіні Лідзія Равуцкая. – Цяпер нам галоўнае ў добрым здароўі мая дачакацца ды дзень нараджэння справіць.
? – Дык ці ёсць рэцэпт, як пражыць 100 год?
– А хто яго ведае, – шчыра адказвае Алена Іосіфаўна. – Жылі мы цяжка, небагата, кілбасы і прысмакаў асабліва не елі. Хібы на Коляды лепшае гатавалі. Помню, наварыш куцці з панцаку, зробіш квасу – і хораша. І Пасху вельмі любілі. А зараз радасць мне – пернікі і тое мякенькае (аўт. – зефір). А як пражыць столькі? То, пэўна, Бог назначае.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара